Белдызайн з rOtring19

«Беларускіх кніжных ілюстратараў цэняць ва ўсім свеце. Акрамя Беларусі». Хто робіць найлепшыя кніжныя ілюстрацыі

З дзяцінства мы аддаём перавагу тым кнігам, дзе ёсць прыгожыя яркія карцінкі. Некаторыя кніжныя ілюстрацыі так уразаюцца ў памяць, што герояў кніг іншымі, чым іх намаляваў мастак, мы ўжо не ўяўляем.

Сумесна з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press — мы працягваем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring».

Мы пагутарылі з беларускімі ілюстратарамі пра тое, чаму «карцінкі» патрэбныя і ў дзіцячых, і ў дарослых кнігах, а таксама дзе вучаць кніжнай ілюстрацыі.

«Беларускіх кніжных ілюстратараў цэняць ва ўсім свеце. Акрамя Беларусі»

Мастак-ілюстратар, скульптар, графік Уладзімір Вішнеўскі выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ужо 30 гадоў. Ён вучыць студэнтаў кампазіцыі, жывапісу, працы з матэрыялам.

Уладзімір Вішнеўскі.

Калі ён будзе паказваць майстэрні і расказваць, як ствараюцца літаграфіі, у тым ліку кніжныя, да яго падыдзе студэнтка з эскізам.

«Гэта кепска, вельмі кепска, — скажа Уладзімір Мікалаевіч сваёй вучаніцы. — Вы, моладзь, глядзіце на свет быццам праз экран сваіх смартфонаў. Выйдзіце за межы, свет значна шырэйшы».

Менавіта гэта трэба ўсведамляць мастаку-кніжніку, мяркуе спадар Уладзімір:

«Кніжны ілюстратар павінен думаць комплексна. Бо ён фактычна і стварае кнігу. Гэта трэба вельмі пастарацца, каб напісаную калісьці і кімсьці кнігу чытач узяў у рукі, захацеў яе набыць. Супервокладка, вокладка, тытул, шрыфты — усё працуе на тое, каб кніга стала адметнай. Гэтаму мы і стараемся вучыць нашых студэнтаў».

Уладзімір Мікалаевіч у вучнёўскай майстэрні паказвае станкі, за якімі ствараецца кніжная гравюра. Творчы працэс не такі лёгкі, як камусьці здаецца. Каб нарадзіўся шэдэўр, трэба часам і рукі запэцкаць.

Сёння ў Акадэміі мастацтваў ілюстратараў рыхтуюць на аддзяленнях графікі, станкавай графікі і графічнага дызайну. На графічным дызайне надаюць больш увагі стварэнню рэкламы і плакатаў, але таксама даюць асновы графікі, у тым ліку кніжнай.

«Калі мастак хоча, каб на яго малюнку чытач спыніўся, засяродзіўся, то ён змесціць яго справа ў кнізе. Калі ж дзеянне кнігі не павінна перарывацца, малюнак мусіць лагічна ўплесціся ў аповед, таму граматны мастак змесціць яго злева на старонцы», — тлумачыць Уладзімір Вішнеўскі.

Акрамя спецыяльных ведаў, якія патрабуюцца кніжнаму ілюстратару, Вішнеўскі лічыць вельмі важным агульную культуру, начытанасць, выхаванне на найлепшых прыкладах.

Топ беларускіх ілюстратараў ад акадэміка з 30-гадовым стажам 

  • Павел Татарнікаў
Ілюстрацыі Паўла Татарнікава да кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына». Фота tatarnikov.com.

«Павел, напэўна, самы вядомы і заслужаны кніжны ілюстратар у Беларусі, аўтар больш за 100 партэтаў беларускіх князёў і іншых выбітных дзеячаў. Ён адзіны, хто двойчы заслугоўваў гран-пры на прэстыжнейшым біенале ў Братыславе. Павел рабіў ілюстрацыі для англійскіх, японскіх, італьянскіх выданняў».

Адна з апошніх буйных работ Татарнікава — аздабленне кнігі «Айчына» Уладзіміра Арлова.

  • Аляксандр Шэвераў
Ілюстрацыі Аляксандра Шэверава да кніг «Кобра ў торбе» і «Героі Элады». З суполкі «Беларускія мастакі кнігі. Кніжныя ілюстрацыі».

Ён быў заснавальнікам выдавецтва «Юнацтва», дзе сабраў пад сваім крылом дзясяткі ілюстратараў, на чыіх работах вырасла не адно пакаленне дзяцей.

  • Мікола Селяшчук
Ілюстрацыі Міколы Селешчука да кніг «Рак-Вусач» Якуба Коласа і «Шчаслівы май» Пятра Глебкі. З суполкі «Беларускія мастакі кнігі. Кніжныя ілюстрацыі».

«Почырк» гэтага ілюстратара вядомы многім дзецям. Мікола афармляў кнігі казак, зборнікі вершаў Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Пятра Глебкі, Яўгеніі Янішчыц і іншых.

  • Валер Славук
Ілюстрацыі Валера Славука да кніг «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага і «Журавель і Чапля» Максіма Танка. З суполкі «Беларускія мастакі кнігі. Кніжныя ілюстрацыі».

«Ілюстрацыі Валера вельмі пазнавальныя. У яго малюнках ёсць такая адметнасць, што каго б ён ні маляваў, звера ці птушку, усе яны будуць з чалавечым абліччам, са сваім характарам», — так характарызуе работы Славука Уладзімір Вішнеўскі.

Таксама сярод вядомых і пазнавальных беларускіх ілюстратараў Вішнеўскі адзначае Уладзіміра Савіча, Міколу Казлова, Тамару Шэлест, Уладзіміра Даўгялу, Вячаслава Валынца і Юрыя Якавенку. Сябе Уладзімір Мікалаевіч да найлепшых мастакоў-ілюстратараў не адносіць. 

«Я больш графік, скульптар. Хаця адной са сваіх самых удалых работ лічу працу над кнігай «Вянок беларускіх народных песень».

«Вянок беларускіх народных песень».

Беларускіх ілюстратараў, кажа Уладзімір, ведаюць ва ўсім свеце.

«Дзякуючы таму, што беларускія мастакі імкнуцца прадстаўляць сябе на міжнародным узроўні, нас ведаюць і цэняць. Але не ў Беларусі. У Польшчы, напрыклад, аж шэсць мастацкіх акадэмій, але нашых ілюстратараў вылучаюць, запрашаюць да супрацоўніцтва. Але ў плане прэзентацыі сябе Беларусь — вельмі адсталая краіна. Мы не праводзім ніякіх пленэраў, выстаў. Калі робіцца нешта, то за ўласныя грошы саміх мастакоў. На жаль».

Чытайце іншыя матэрыялы праекта «Сучасны беларускі дызайн з rOtring»:

«Калі кніга выходзіць, я сама да канца не магу ў гэта паверыць»

Мастачка Кацярына Дубовік сваім лёсам ілюстратара быццам пацвярджае словы аднаго са сваіх выкладчыкаў. Каця з’ехала з Беларусі і цяпер працуе ў Амстэрдаме.

Кацярына Дубовік.

«Смешна казаць пра тое, што кніжны ілюстратар у Беларусі можа зарабіць на жыццё сваімі працамі. Асабліва, калі праца над адной кнігай доўжыцца восем месяцаў».

Кацярына вучылася на аддзяленні станкавай графікі ў Акадэміі мастацтваў, але на чацвёртым курсе зразумела, што кніга — гэта тое, чым яна хоча займацца.

Пачыналася захапленне кнігамі з дыпломнай працы «Шахматная навела» Стэфана Цвейга. Пасля мастачка аформіла кнігі «Аліса ў краіне цудаў», «Пітэр Пэн», шэраг казак, як для беларускіх, так і для замежных выдавецтваў.

Ілюстрацыя да «Шахматнай навелы» Стэфана Цвейга.

Галоўнае, на думку дзяўчыны, не сядзець на месцы, а самому нешта рабіць дзеля таго, каб мара ўвасобілася ў жыццё.

«Я патэлефанавала Змітру Вішнёву, заснавальніку выдавецтва «Галіяфы», сама прапанавала яму супрацоўніцтва. Ён пагадзіўся. Для выдавецтва я аформіла некалькі кніг, у тым ліку кнігу Надзеі Ясмінскай «Сем ружаў».

Адной са сваіх любімых работ Кацярына лічыць працу над «Алісай у краіне цудаў». 

Ілюстрацыя да кнігі «Аліса ў краіне цудаў».

«Мне вельмі дапамог пераклад на беларускую мову Веры Бурлак. Я так рагатала, калі чытала гэтую кнігу. Таму і персанажаў вельмі палюбіла і ўбачыла іх такімі».

Усе ілюстрацыі Кацярына малюе ад рукі і карыстаецца графічнымі рэдактарамі толькі пры падрыхтоўцы напрацаванага матэрыялу да друку.

Ілюстрацыя да кнігі «Пітэр Пэн».

«Я сумняваюся заўсёды ў сваіх работах, задаю сабе пытанні кшталту: ці зрабіла я ўсё, што магла? Ці гэта той узровень, да якога я хачу наблізіцца? Гэта нармальны стан мастака — заўсёды задаваць сабе пытанні. І калі кніга ўрэшце выходзіць, я не адразу магу паверыць у тое, што ўсё атрымалася, што знайшліся грошы на выданне, што зоркі так сышліся».

«Персанаж кнігі ў роўнай ступені падпарадкоўваецца і аўтару, і мастаку, бо яны абодва — рэжысёры кнігі», — упэўненая Кацярына.

«Я ведаю, што персанаж, герой кнігі, павінен жыць сваім жыццём і рухацца ўслед за чытачом па старонках кнігі. А куды яго прывядзе гэтая сцежка — ведаюць аўтар і мастак. І чым больш душы ўкладзена ў персанажа, тым цікавей чытачу будзе падарожнічаць услед за героем».

«Мне цікавей працаваць з дзіцячымі кнігамі, таму што я — касманаўт»

Калі цяпер спытаць ў Надзі Букі, хто яна больш: мастачка ці ілюстратарка, то яна адказвае — ілюстратарка. Бо кніжная ілюстрацыя — гэта тое, што займае амаль увесь час, гэта тое, за што яна атрымлівае грошы, гэта чарга з пісьменнікаў, якія хочуць, каб чытачы пабачылі іх свет вачыма Надзі.

«Гэта вельмі дзіўны досвед, калі паказваеш пісьменніку намаляванага героя, а ён кажа, што менавіта так і ўяўляў яго сабе. Калі адбываецца так, значыць, мы зразумелі з аўтарам адно аднаго. Бывае, даводзіцца і пераконваць. Але я лічу, што апошняе слова ў афармленні павінна быць менавіта за мастаком, а не за аўтарам. Мы ж робім агульную справу».

Надзя Бука.

«Любоў да якаснай кніжнай ілюстрацыі ў мяне з ранняга дзяцінства. Мой бацька, мастак, ездзіў нават у Маскву за рэдкімі прыгожымі кнігамі. У бібліятэцы мяне цікавілі толькі тыя кнігі, дзе былі прыгожыя ілюстрацыі. Калі мне было 17 гадоў і я заканчвала музычны каледж у Маладзечне, трэба было вызначыцца з тэмай дыплома. Я абрала кніжную ілюстрацыю. Толькі ілюстрацыі не малявала, а выразала з паперы. Тады пачалася і «буцінанка» — несіметрычная выцінанка». 

Пасля прыяцель Надзі Мікіта Найдзёнаў папрасіў аформіць яго кнігу вершаў «Развітанцы». Бука таксама зрабіла яе ў стылі буцінанкі. Пасля гэтага, як гаворыцца, спрацавала сарафаннае радыё. Розныя музычныя гурты і часопісы сталі замаўляць у мастачкі аздабленне сваіх вокладак.

Прыклады буцінанкі: вокладка кнігі «Развітанцы» і «Вароты Мінска».

Год таму Надзя як ілюстратарка ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Цёткі за кнігу «Бася і Піглас», якую яна і прыдумала. 

Вокладка і адна з ілюстрацый кнігі «Бася і Піглас».

«Бася і Піглас» стала для Надзі першым досведам ілюстрацыі дзіцячай кнігі. Яна малявала ад рукі з дапамогай акварэлі і лінэра.

«Дзіцячыя кнігі аздабляць у разы цікавей, бо размах шырэйшы. Тым больш, я сама касманаўт і люблю ствараць і адкрываць сусветы. Але праца з дзіцячымі кнігамі патрабуе дасканаласці, каб ілюстрацыя адпавядала тэксту на старонцы. Працую я ад рукі, таму што ўпэўненая, што малюнкі павінны захоўваць энергетыку мастака. Дзяцей жа не падманеш: калі ім не спадабаюцца малюнкі, кніга ніколі не стане ўлюбёнай».

Як ілюстратарка, за кнігу «Бася і Піглас» Надзя атрымала ганарар у 400 рублёў.

«Быць ілюстратарам у Беларусі выгадней, чым пісьменнікам. Ганарары ў разы большыя, чым у аўтараў. Ілюстратар можа працаваць як з выдавецтвам, так і з пісьменнікам непасрэдна. Я працавала і так, і так. Канечне, больш прыемна працаваць з пісьменнікам наўпрост. Таму што выдавецтвы плацяць толькі тады, калі прадасца палова тыражу кнігі, а гэта значыць, што могуць заплаціць і праз год».

Надзя Бука расказвае, што вельмі важна з выдавецтвам узгадняць макет будучай кнігі, інакш задуму аўтара могуць проста сапсаваць. Так было з «Басяй і Пігласам». У выдавецтве змянілі колеры, абрэзалі некаторыя малюнкі.

У бліжэйшых планах Надзі — ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў Паўла Гушынца і Надзеі Ясмінскай. А таксама праца над працягам гісторыі пра дзяўчынку Басю і птушак Пігласаў.

«Таксама ў галаве я выношваю задуму стварыць беларускі комікс для дарослых. Гэта будзе фэнтэзі».

Дзе набыць rOtring?

  • Афіцыйны дыстрыб'ютар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.

  • Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.

Каментары19

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?12

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?

Галоўнае
Усе навіны →