Армия Крайова в Беларуси: значительные операции, известные командиры, острые вопросы
Польскую точку зрения на сложные исторические вопросы репрезентирует журналист из Гродно Андрей Почобут. Уже несколько десятилетий он собирает информацию об АК.
— У гісторыі Арміі Краёвай дастаткова шмат гераізму, але шмат і адчаю. Я з дзяцінства чуў розныя гісторыі пра падполле, пра змаганне, паспеў пабачыць шмат байцоў АК. Цяпер на Беларусі засталося трошкі больш за 20 чалавек жывых удзельнікаў. Я заспеў людзей, якія ў 60-я толькі выйшлі з турмы. Іх амністыя 1950-х не закранула. Але і пасля турмы яны не мелі права вярнуцца на Гарадзеншчыну: жылі ў Львове, у Літве. Да канца жыцця такія людзі заставаліся пад наглядам спецслужбаў.
Колькі ўдзельнікаў налічвала акаўскае падполле на Беларусі
Размова ідзе пра дзясяткі тысяч людзей. Акрамя тых, хто быў у атрадах, існавала яшчэ падпольная сетка, якая дапамагала і забяспечвала байцоў. На 1945 год на Беларусі дзейнічала чатыры акругі АК: Наваградская, Палеская, Віленская і Беластоцкая. І, нягледзячы на досыць моцныя ўдары, якія нанеслі АК савецкія спецслужбы, акаўскае падполле ў 1945-м заставалася вялікай сілай. Да такой ступені вялікай, што ў некаторых рэгіёнах нават існавала двоеўладдзе.
Хто ішоў у АК
АК больш чым на 90% складалася з мясцовых людзей. Гэтым яна адрозніваліся ад савецкай партызанкі, якая ў першы перыяд існавання прыкладна на столькі ж складалася з людзей немясцовых: тых, хто патрапіў у акружэнне, прадстаўнікоў райкамаў і чыноўнікаў, прысланых сюды ў 1939-м, якія не паспелі эвакуіравацца.
У Налібаках быў партызанскі канфлікт паміж саветамі і АК, і захаваўся дакумент, які АК перадала савецкім партызанам: «Спыніце забіваць нашы сем’і, калектыўная адказнасць не павінна прымяняцца. Калі вы не спыніцеся, мы будзем рабіць адпаведна, таксама будзем забіваць». Вы думаеце, гэта на кагосьці паўплывала? Саветы не спыніліся, таму што былі немясцовыя.
Ці праўда, што АК не змагалася супраць немцаў
Вядомы савецкі штамп: «АК у час акупацыі стаяла са зброяй ля нагі» — маўляў, яны не змагаліся з немцамі. Але сэнс у тым, што праводзіць аперацыі супраць немцаў АК старалася вельмі асцярожна, бо немцы каралі цэлыя вёскі за супрацоўніцтва з партызанамі.
На што спадзяваліся байцы АК
У 1939 годзе праз Заходнюю Беларусь ішлі бальшавікі, нібыта іх было шмат, танкі ехалі, самалёты ляцелі. А праз два гады тыя ж бальшавікі ўцякалі і здаваліся ў палон. У 1941 годзе ішлі немцы. Іх было шмат, танкі ехалі, самалёты ляцелі. Гэта была вялікая сіла. А пасля і гэтая вялікая сіла ўцякала, і ў чарговы раз прыйшлі бальшавікі. Таму ў 1944—1945 гадах у часткі грамадства яшчэ заставаліся надзеі, што і бальшавікі прыйшлі ненадоўга.
Савецкі рэжым падаваўся антычалавечым і эканамічна вар’яцкім, у людзей забіралі іх звыклы лад жыцця. Таксама шакавала вайна з рэлігіяй.
Рапарты НКВД сведчаць, што многія людзі думалі, нібыта пасля вайны саветаў з немцамі будзе вайна саветаў з амерыканцамі. Франтавікі сутыкнуліся з войскамі саюзнікаў і ўразіліся, наколькі яны добра арганізаваныя і забяспечаныя, пабачылі магутнасць заходніх дэмакратый. Чаканні, што будзе вайна Захаду з Усходам, што мяжа яшчэ раз зменіцца, стваралі глебу для падтрымання веры ў перамогу АК.
Як Віленская аперацыя магла не дапусціць Варшаўскага паўстання
Аперацыя «Вострая брама» — спроба вызвалення Вільні ад немцаў атрадамі АК 6—13 ліпеня 1944 года. Сваімі сіламі вызваліць Вільню не ўдалося, але разам з тым унёсак АК у вызваленне ад нацыстаў быў істотны.
Мацей Калянкевіч (Котвіч) — адзін з аўтараў плана аперацыі «Вострая брама» — афіцэр, удзельнік вайны 1939 года. Ён быў у складзе Першага польскага партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Польшчы. Пасля патрапіў у Англію, бо хацеў служыць у рэгулярным войску. Гэта ён прыдумаў спецкурс для дыверсантаў, сам прайшоў яго, быў скінуты на тэрыторыі Польшчы і накіраваны на Наваградскую акругу АК. У 1944-м Котвіч з’явіўся на Гарадзеншчыне, быў паранены, яму ампутавалі руку. З-за аперацыі аўтар плана «Вострай брамы» не змог удзельнічаць у яго здзяйсненні.
Немцы, дзякуючы аэраразведцы, мелі інфармацыю пра будучую аперацыю АК. Гітлер аддаў загад, каб Вільню баранілі да апошняга, абвясціў яе горадам-крэпасцю, каб сілы, якія трапляюць у акружэнне, працягвалі абарону. Такога ніхто не чакаў. Чакалася, што, наадварот, набліжэнне фронту выкліча ў немцаў паніку.
Сілам АК не ўдалося вызваліць Вільню, прыйшлі саветы, і гэта ўдалося зрабіць разам. Калі Вільня была вызвалена, пачаліся перамовы кіраўніцтва віленскай АК і савецкага боку, з якога выступаў генерал Іван Чарняхоўскі. Ён дзейнічаў пад кантролем савецкіх спецслужбаў, яго партнёрам быў Іван Сяроў, сумнавядомая постаць, адзін з кіраўнікоў савецкай бяспекі. Яны адмыслова распрацавалі аперацыю, каб арыштаваць кіраўніцтва АК. На 70% аперацыя прынесла ім тое, што яны запланавалі. Удалося арыштаваць кіраўніка віленскага падполля АК.
Але не ўсе кіраўнікі пагадзіліся з’явіцца на нараду з саветамі. Хоць усе сігналы сведчылі, што прычын баяцца няма, частка кіраўніцтва, ведаючы савецкія норавы, не давярала СССР. Менавіта яны здолелі вырвацца з акружэння. Котвіч быў прыхільнікам таго, каб атрады, якія вырваліся з акружэння, захапілі раён і вялі вайну з саветамі. Каб была створана лінія абароны і яны змагаліся з саветамі непартызанскім шляхам. Ён адкрыта пісаў, што вынік такога канфлікту зразумелы для кожнага: усе загінулі б. Але, сцвярджае ён, гэта магло б паўплываць на рашэнне заходніх саюзнікаў не супрацоўнічаць з саветамі, магло б абудзіць сумленне на Захадзе…
Мне здаецца, што, калі б такая тактыка была выкарыстана, не было б пасля Варшаўскага паўстання. Ніхто б ужо не лічыў, што саветы неяк дапамогуць. Тады Віленская і Наваградская АК загінула б да апошняга чалавека, але саветам прыйшлося б прадэманастраваць свае мэты ў дачыненні да АК. Разлік на дапамогу СССР быў памылкай, якая каштавала вялікай колькасці жыццяў жыхароў Варшавы.
Што вяло ў АК праваслаўных
Ёсць рапарт выведкі «Саюза ўзброенай барацьбы» (папярэдніка Арміі Краёвай), дзе ўзгадваюцца словы аднаго з палешукоў: саветам за два гады ўдалося зрабіць тое, што Польшча за 20 гадоў не здолела — зрабіць нас палякамі. Двух гадоў — 1939—1941 — хапіла, каб насельніцтва, незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці, зразумела, што такое савецкі лад.
Але і да таго некаторыя праваслаўныя, не толькі каталікі, сталі патрыётамі Польшчы — гэты патрыятызм ім прышчапляла школа і войска. Саветы расчаравалі, потым расчаравалі немцы. Калі немцы прыйшлі, іх сустракалі нармальна, бо была памяць пра культурных немцаў з Першай сусветнай вайны. А гэтыя, другія, немцы пачалі забіваць яўрэяў і сем’і савецкіх актывістаў, стала ясна, што гэта абсалютна антычалавечы рэжым.
На фоне гэтага вобраз міжваеннай Польшчы з яе парадкам і стабільнасцю станавіўся прывабны.
Чаму АК атакавала беларускіх актывістаў
АК не атакавала актывістаў, яна атакавала калабарантаў — тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі без згоды падполля. А такую згоду можна было атрымаць і пасля працаваць пры немцах на любой пасадзе. Такія прыклады вядомыя, людзі перадавалі разведдадзеныя, АК перадавала іх ураду, які знаходзіўся ў Вялікабрытаніі, і той дзяліўся з Савецкім Саюзам. Калі чалавек пераходзіў на бок немцаў, ён павінен быў лічыцца з тым, што можа быць забіты падполлем.
Акрамя таго, канкурэнцыя паміж беларускімі актывістамі і палякамі на мясцовым узроўні часта выклікала ўзаемную варажнечу. Яе свядома распальвалі немцы — «падзяляй і ўладар». Напрыклад, лагер у Калдычэве пад Баранавічамі, у якім сядзела шмат акаўцаў, ахоўваў беларускі паліцэйскі батальён.
Як АК супрацоўнічала з беларусамі
Яркі прыклад супрацоўніцтва беларускіх і польскіх актывістаў — бургамістр Мінска Вацлаў Іваноўскі. Пра ягоныя таемныя кантакты з Арміяй Краёвай захаваліся ўспаміны Гражыны Ліпіньскай — кіраўніка акаўскай разведкі ў Мінску. Яна піша, што Іваноўскі дапамагаў легалізавацца ў Мінску афіцэрам Арміі Краёвай, саму Ліпіньскую ўладкаваў на працу ў Мінскую гарадскую ўправу, дзе разведчыца прапрацавала да 3 ліпеня 1944 года. Што было б далей з гэтага супрацоўніцтва, калі б Іваноўскага не забілі (дарэчы, невядома хто), цяжка сказаць, але ў той момант ён утрымліваў кантакты з польскім падполлем, і гэта было карысна польскаму боку.
У АК не было планаў на Мінск, але тут дзейнічала далёкая разведка — Мінск быў буйным транспартным вузлом.
Увогуле, пытанне ўдзелу беларусаў ці, шырэй, праваслаўных у АК — па-ранейшаму табу для беларускай гістарыяграфіі. Прытым што гэты факт быў. Скажам, у архіве Інстытута нацыянальнай памяці ў Польшчы ёсць знойдзены польскай дзяржбяспекай пры ператрусе ў аднаго з сяброў падполля спеўнік з песнямі, якія спявалі ў стаўпецка-налібоцкім згрупаванні АК. Там ёсць і песні на беларускай мове. Памятаю, напрыклад, такія радкі:
«Гэй, беларусы, час нам да бою
Біць маскалёў і з айчыны прагнаць.
Родная Польшча, мы за табою
Пойдзем за родны край паміраць!»
Было столькі публікацый у беларускай прэсе пра АК і столькі даследаванняў — і нікога гэтая частка гісторыі так і не зацікавіла.
Колькі невінаватых забіла АК
У час вайны хуткасць, з якой чалавек можа націснуць на спускавы кручок, павялічваецца. Выпадкі свавольства здараюцца ў любой партызанцы.
Цяпер мірны час, дзейнічаюць праваахоўныя органы, але ўсё адно ёсць гвалт, ёсць гнюсныя злачынствы. А вы ўявіце, калі б не было праваахоўных органаў і наступіў бы час дэстабілізацыі! Безумоўна, што ў такой сітуацыі расце колькасць злачынстваў. На маю думку, дастаткова часта АК прыпісваліся падзеі, не звязаныя з ёй. З унутраных дакументаў польскага падполля бачна, што працэдура прымянення пакаранняў была вельмі фармалізаваная. Ствараліся судовыя органы, якія разбіралі кожную справу. Калі АК некага забівала, на тое мусіла быць судовае рашэнне. А калі акавец забіваў некага па сваёй волі, яго судзілі. Кіраўніцтва падполля сачыла за дысцыплінай і карала за рабаўніцтвы і самавольныя забойствы.
Проста так мірных людзей ніхто не забіваў. Забівалі супрацоўнікаў дзяржбяспекі, забівалі за канкрэтныя дзеянні, даносы. Я некалі размаўляў з адным чалавекам, і ён распавёў, як забілі яго сваяка, які супрацоўнічаў з НКВД. Як яго выкрылі? Каб праверыць яго, прыйшлі акаўцы ў савецкай форме, і ён пачаў ім дакладваць.
Быў такі камандзір АК Вацлаў Шварабовіч (Кепура), яго таксама называлі Шварабой. Аднойчы акаўская разведка фіксуе, што Шварабой стаў рабаваць: у адным месцы, у другім, у трэцім. Пачалі разбірацца — а ён не мог гэтага рабіць, яго там фізічна не было! Аказваецца, рабавала група людзей, якая казала, нібы сярод іх ёсць Шварабовіч. Чаму менавіта гэтым псеўданімам прыкрываліся? Бо гэта была сур’ёзная сіла, і ніхто не хацеў супраціўляцца Шварабовічу, лічылі, што лепш усё адразу аддаць. АК выявіла, хто гэта рабіў, і сярод белага дня ў вёску Зіневічы прыйшоў сапраўдны Шварабовіч і застрэліў гэтых траіх. Іх забілі за тое, што яны, не будучы сябрамі АК, выкарыстоўвалі гэтую назву. Яны цяпер у спісах фігуруюць як нявінныя акаўскія ахвяры.
Другі бок справы — правасуддзе. У прававой дзяржаве ёсць суды, якія могуць вывучаць справу, дапытваць каго захочуць — і ўсё адно здараюцца несправядлівыя прысуды. А ўявіце сабе сітуацыю падполля. Ацэньваючы якасць падпольнага правасуддзя, варта памятаць пра ўмовы, у якіх яно дзейнічала. У Баранавічах адбылася сітуацыя, калі сябра падполля абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі і павінны былі за гэта расстраляць. Але тая асоба, якая прымала рашэнне, вагалася, правярала аргументы. Падсудны здолеў уцячы, і ў выніку некалькі дзясяткаў людзей было расстраляна немцамі. Гэта прыклад, калі гуманізм і жаданне ўсё ўзважыць прывяло да большай трагедыі.
Што праўда, а што не з таго, што пісалі пра АК у Беларусі
Немагчыма гаварыць пра ўсебаковае даследаванне, пакуль у архівы дапускаюць толькі выбраных.
У растыражаванай кнізе Яўгена Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі» (1994) шмат праўды, але столькі ж і маніпуляцый. Яшчэ адна ідэалагізаваная праца «Огнем и мечом: хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939—1953 гг.)» Сяргея Жумара і Віктара Ермаловіча (1994). Аўтары працытавалі выбраныя месцы з архіваў КДБ.
Гісторыю АК у Беларусі напішуць толькі пасля поўнага раскрыцця архіваў.
Хто самыя значныя персанажы АК у Беларусі
Сярод камандзіраў АК шмат геройскіх постацяў. Перш за ўсё, Ян Піўнік (Пануры). Даваенны паліцыянт, ён ваяваў у верасні 1939-га з немцамі, пасля ў Францыі — з немцамі, пасля з польскімі вайсковымі часткамі апынуўся ў Брытаніі, прайшоў дыверсійны курс (падрыхтоўка спецназа, яны называліся «ціхацёмныя» на жаўнерскім слэнгу) і быў самалётам перакінуты ў Польшчу. Піўнік стварыў атрад пад Кельцамі і быў перакінуты на Шчучыншчыну, дзе камандаваў 7-м батальёнам 77-га палка пяхоты АК. Ён загінуў падчас бітвы з немцамі пад вёскай Багданы на Гродзеншчыне. Яго пахавалі ў Ваверцы на Лідчыне, але ў канцы 1980-х была праведзена эксгумацыя і парэшткі перанеслі на радзіму ў горад Хоцк на Келеччыне. Гэта была вялікая ўрачыстасць, у якой удзельнічалі дзясяткі тысяч людзей.
Вельмі значная постаць — Анатоль Радзівонік (Олех). Гэта апошні камандзір АК, які тут застаўся і загінуў. Быў з праваслаўнай сям’і, нарадзіўся ў Бранску — сям’я апынулася там падчас Першай сусветнай. Пасля вярнуўся на радзіму на Ваўкавышчыну, стаў настаўнікам. Але, у адрозненне ад шматлікіх адэптаў чырвонай ідэалогіі, Радзівонікі на ўсё жыццё запомнілі чырвоную ўладу, якую пабачылі ў бежанстве. Олех быў ідэйным антыкамуністам. Ён умела кіраваў падполлем, на яго палявалі. Тры ці чатыры разы НКВД абвяшчала яго забітым, але кожны раз памылялася: аказвалася, што ён змяніў псеўданім. Ён загінуў 12 мая 1949 года ў выніку даносу: ля хутара Рачкаўшчына ў Шчучынскім раёне ягоны атрад быў узяты ў тры колы аблавы.
Дзе пахаваны Олех, невядома. І ў Беларусі, і ў Балтыі, і ва Украіне НКВД хаваў целы ўдзельнікаў падполля ў сакрэтных, безыменных магілах, каб іх пахаванні не ператвараліся ў месцы памяці.
Але перад тым целы нярэдка выкладалі ў публічным месцы, каб паказаць, што байцы мёртвыя. Гэта быў яшчэ адзін спосаб псіхалагічнай вайны. Калі быў ліквідаваны паручнік Ян Барысевіч (Крыся), папулярны на Гарадзеншчыне камандзір, яго цела распранулі да кальсонаў і так вазілі па вёсках: глядзіце, гэта ваш бог, цалуйце яму ногі. Ваш супраціў бессэнсоўны!
Чаму АК — частка беларускай гісторыі
Армія Краёва была часткай руху супраціву нацыстам, а пасля — Саветам, двум таталітарным рэжымам. Хоць гэты супраціў прывёў да шматлікіх ахвяр, у гісторыі засталося: людзі супраціўляліся. І нават няважна, як хто да яго ставіцца. Больш за тое, я ўпэўнены, што наяўнасць такога супраціву скоўвала сілы таталітарных рэжымаў і, у канчатковым выніку, зменшыла колькасць іх ахвяр.
Комментарии