«Бабарыку вы не выратуеце, дапамажыце бяздомным жывёлам». Блогер Шабуцкі ідзе з палітыкі ў стэндаперы
Беларускі блогер і экс-добраахвотнік Палка Каліноўскага Максім Шабуцкі расказаў, чым цяпер будзе займацца.
10.01.2025 / 13:47
Максім Шабуцкі
«Я нядаўна зразумеў, што я не палітык і не хачу ім быць. І гэта мне развязвае вельмі моцна рукі ў якасці інструмента зносін з падпісчыкамі», — заявіў блогер Максім Шабуцкі ў «апошнім відэа пра палітыку і апазіцыю» на сваім канале.
«Мы нічога не вырашаем»
«У свеце наспявае вялізная геапалітычная разборка, новы светапарадак, новы перадзел», — заўважае блогер і згадвае намеры Дональда Трампа далучыць да ЗША Канаду і Грэнландыю.
«Хутка ў нас будзе сусветны перадзел, і таму, дарагія беларусы, падабаецца камусьці гэта ці не падабаецца, я не буду больш прадаўцом, блогерам, які прадае ілюзіі, мы сёння нічога не вырашаем», —
абгрунтоўвае сваё рашэнне пайсці з палітыкі Шабуцкі і тлумачыць:
«Хутка ў нас будуць нейкія перамовы, і на гэтых перамовах [не будзе] не тое што беларускай апазіцыі, [не будзе] нават Лукашэнкі. Яго не лічаць у свеце паўнавартасным геапалітычным актарам. (…)
Мы хутка даведаемся, наколькі беларусы ўдачлівы народ. Таму што тут будзе 50 на 50. Можа, нам пашанцуе, і мы заедзем на саначках у гэтую дэмакратыю. Можа, не пашанцуе, і сітуацыя на 20-30 гадоў зацягнецца. (…)
На сёння мы не можам стаць паўнавартасным суб'ектам і ўзяць сітуацыю ў свае рукі. У нас было акенца ў 2020 годзе. Я ўсё ж упэўнены, што беларусы зрабілі вялікую памылку, калі пайшлі за сляпымі павадырамі, якія прывялі нас да сітуацыі, у якой мы ёсць.
Вы не паклікалі людзей на барыкады, таму што вы проста баязліўцы. Хтосьці добры чалавек, хтосьці не вельмі, але вы баязліўцы — вы пабаяліся проста ўзяць на сябе адказнасць і рызыкнуць».
«Дапамажыце бяздомным жывёлам»
Шабуцкі заўважае, што ніхто не можа спрагназаваць, як будзе развівацца сітуацыя, і раіць сваім падпісчыкам «рабіць тое, што раблю я: рыхтавацца да патэнцыйнага акенца на доўгую-доўгую стратэгію, на шматгадовую стратэгію».
«Мінімізуйце сваё супрацоўніцтва з рэжымам, мінімізуйце пакупкі ў правільных і няправільных крамах, рабіце тое, што вы можаце. Калі ў вас ёсць фінансавая магчымасць (для тых, хто ў Беларусі) я вас проста па-чалавечы прашу: дапамажыце ў першую чаргу бяздомным жывёлам, таму што гэта самая ўразлівая праслойка. Палітвязняў вы не выратуеце, вы не можаце дапамагчы Бабарыку і Калеснікавай».
Шабуцкі звяртае ўвагу на важнасць таго, каб да будучага акна магчымасцей усе прыйшлі ў «правільным псіхалагічным, псіхічным і фізічным стане», і заклікае тых, хто цяпер жыве за мяжой, «вучыць мову, атрымліваць нейкую кваліфікацыю, адукацыю, маленькімі крокамі рухацца наперад» і па магчымасці дапамагаць іншым, каму цяжка.
«Паспрабую заняцца стэндапам»
У канцы свайго звароту Шабуцкі прызнаўся, што ў яго некалькі месяцаў назад пачаліся праблемы псіхалагічнага характару і ён падсеў на запіклон — моцны седатыўны сродак.
Шабуцкі пакуль не ведае дакладна, чым будзе займацца ў далейшым як блогер.
«У мяне ёсць другі канал, можа быць, я запушчу нейкі карысны цыкл відэа па самаразвіцці, па асобасным росце, але, гэта можа быць гістарычныя відэа».
Апроч таго, ён вырашыў заняцца хобі — стэндапам. Першае выступленне, па словах Шабуцкага, павінна адбыцца ўжо праз тыдзень.
Блогер Шабуцкі абараняе сцяг СССР: Ветэраны лічаць яго сцягам перамогі
Блогер Максім Шабуцкі пакінуў Беларусь