У Баку адмовіліся прымаць дапамогу ад Чачні пасля ўдару ракетай па самалёце

У Адміністрацыі прэзідэнта Азербайджана адмовіліся прымаць дапамогу ад уладаў Чачні пасля крушэння самалёта Azerbaijan Airlines, які ляцеў у Грозны, паведаміла крыніца выдання Day.Az.

27.12.2024 / 16:30

«Азербайджан не мае патрэбы ў якой-небудзь дапамозе. Ні дзяржава, ні грамадзяне не прымуць такую дапамогу. […] Азербайджан патрабуе прызнання факту [што самалёт быў збіты], прынясення прабачэнняў і выплаты адпаведных кампенсацый», — сказаў суразмоўца выдання.

Напярэдадні, 26 снежня, старшыня ўрада Чачні Хасан Хакімаў заявіў, што па даручэнні кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава ўсім сем'ям загінулых і пацярпелых у катастрофе будзе аказана фінансавая і «ўся астатняя дапамога, у якой яны маюць патрэбу», піша The Moscow Times.

Між тым генпракуратура Азербайджана паведаміла, што супрацоўнікі ведамства прыбылі ў Грозны, каб весці следства па факце крушэння самалёта Azerbaijan Airlines сумесна з расійскімі калегамі. Пракуроры дзейнічаюць у адпаведнасці з даручэннямі і інструкцыямі прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева і прымаюць неабходныя меры для ўстанаўлення прычын авіякатастрофы, падкрэслілі ў ведамстве.

Пры гэтым супрацоўнікі самой авіякампаніі падчас папярэдняга расследавання прыйшлі да высновы, што самалёт, які разбіўся, падвергнуўся «знешняму фізічнаму і тэхнічнаму ўздзеянню».

Нагадаем, што раніцай 25 снежня самалёт Azerbaijan Airlines, які ляцеў з Баку ў Грозны, упаў каля аэрапорта Актау на захадзе Казахстана. На борце лайнера было 67 чалавек, у тым ліку 37 грамадзян Азербайджана, 16 расіянаў, шэсць казахстанцаў і трое грамадзян Кыргызстана.

У авіякатастрофе загінулі 38 чалавек, 29 выжылі. Стан семярых з тых, хто выжыў, медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі.

Крыніцы Reuters і Euronews ва ўрадзе Азербайджана казалі, што прычынай крушэння стала расійская ракета сістэмы «Панцыр». Па іх версіі, яна была выпушчаная па самалёце падчас «паветранай актыўнасці беспілотніка» над Грозным. Ракета выбухнула побач з самалётам, пашкодзіўшы яго абшыўку.

У парламенце Азербайджана таксама публічна запатрабавалі ад Расіі прабачэнняў у сувязі з крушэннем самалёта. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў сказаў, што ў Крамлі ў курсе гэтых заяў, але да завяршэння афіцыйнага расследавання ніякіх каментароў па трагедыі даваць не будуць. «Мы не лічым, што маем права даваць нейкія ацэнкі і не будзем гэтага рабіць», — заявіў на заканчэнне Пяскоў.

«Азербайджанскія авіялініі» прыпыняюць палёты ў некалькі гарадоў Расіі

Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны

Кадыраў узнагародзіў свайго пляменніка, адказнага за збіццё дронаў над Грозным

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

У Казахстане блогеру, які здымаў месца крушэння самалёта, далі 10 сутак

Nashaniva.com