«Лукашэнка зладзіў дзяржаўны пераварот і практыкаваў палітычныя забойствы». За што біяграфію Нямцова маглі прызнаць «экстрэмісцкай»
Кніга расійскага журналіста Міхаіла Фішмана пра Барыса Нямцова, якая свабодна прадаецца ў Расіі, у Беларусі трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Невялікі расказ пра Лукашэнку там дакладна не кампліментарны.
20.12.2024 / 20:26
Барыс Нямцоў. Фота: Wikimedia Commons
Кнігу «Пераемнік. Гісторыя Барыса Нямцова і краіны, у якой ён не стаў прэзідэнтам» напісаў расійскі журналіст, вядоўца «Дождя» Міхаіл Фішман.
Сам ён характарызуе кнігу як палітычную біяграфію ў шырокім кантэксце — расказ пра гісторыю сучаснай Расіі праз прызму асабістай гісторыі аднаго з тых, хто гэтую гісторыю дапамагаў пісаць. Выйшла гэтая біяграфія ў 2022 годзе — праз сем гадоў пасля забойства Нямцова ў самым цэнтры Масквы.
У тым жа 2022-м Фішман быў прызнаны ў Расіі замежным агентам, але кнігу ўсё яшчэ можна купіць на расійскіх маркетплэйсах, ёсць яе старонка і на сайце выдавецтва. Але што ў гэтай кнізе магло пакрыўдзіць беларускіх сілавікоў? Акрамя, вядома, самога апрыёры адмоўнага стаўлення да постаці Нямцова — аднаго з лідараў расійскай дэмакратычнай апазіцыі Пуціну і паслядоўнага крытыка Лукашэнкі.
Цалкам магчыма, уся справа ў адным з раздзелаў, прысвечаным падзеям 2002 года. Фішман расказвае пра скандальнае затрыманне Нямцова ў Мінску і прымусовае выдварэнне тады дэпутата Дзярждумы з Беларусі. Але для пачатку заглыбляе расійскага чытача ў добра знаёмы беларусам кантэкст у параграфе пад назвай «Апошні дыктатар Еўропы». І «крамолы» — з пункту гледжання беларускіх сілавікоў — тут дастаткова.
«Улетку 1994 года Лукашэнка здолеў ажыццявіць тое, чаго ў Расіі не ўдалося дамагчыся ні Хасбулатаву ў 1993-м, ні Зюганаву ў 1996-м: пад лозунгамі згортвання рэформаў і рэстаўрацыі сацыялізму, а таксама ўз'яднання з Расіяй ён упэўнена перамог на выбарах і перахапіў уладу. У краіне адразу пачаліся рэпрэсіі, была ўведзена цэнзура, а ўжо праз год Лукашэнка зладзіў дзяржаўны пераварот, праз рэферэндум прысвоіўшы сабе права распускаць парламент і абнуліўшы свой прэзідэнцкі тэрмін», — расказвае Фішман.
Там жа ён цытуе прарочыя словы Васіля Быкава:
«Ужо відаць, што ў Беларусі не будзе парламента, не будзе выбараў, знікнуць рэшткі свабоднай прэсы. Краінай будзе кіраваць прэзідэнцкая хунта».
Аўтар адзначае, што ўсё так і адбылося:
«Лукашэнка разагнаў парламент і ўзнавіў у краіне паліцэйскую дзяржаву, дзе таемная паліцыя — у Беларусі яна так і называлася: КДБ, як у савецкім мінулым, — пераследвала апазіцыянераў і дысідэнтаў. Пераследвала — гэта мякка сказана: рэжым Лукашэнкі практыкаваў палітычныя забойствы».
Фішман коратка ўспамінае пра знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. А затым расказвае папулярны сюжэт пра тое, як Лукашэнка «хацеў атрымаць шапку Манамаха», узначаліўшы Саюзную дзяржаву, і як яму ў гэтым перашкодзіў Пуцін, які прыйшоў да ўлады.
Нямцоў лічыўся адным з магчымых пераемнікаў Ельцына, аднак першы расійскі прэзідэнт вырашыў зрабіць стаўку на маладога і не моцна вядомага сілавіка. Спачатку Нямцоў Пуціна падтрымаў. Але адначасова расійскія лібералы актыўна крытыкавалі Лукашэнку і наладжвалі сувязі з беларускай апазіцыяй.
Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька. Фота: «Еўрарадыё»
У 2002 годзе Нямцоў разам з калегам па партыі СПС і віцэ-спікерам Дзярждумы Ірынай Хакамадай, а таксама палітолагам Сяргеем Маркавым прыляцелі ў Мінск на канферэнцыю, якую арганізавала Аб'яднаная грамадзянская партыя. Але як толькі самалёт з Расіі прызямліўся, да трапа пад'ехаў аўтазак. З яго выйшлі сілавікі і затрымалі Нямцова.
Хакамада адмовілася ехаць на канферэнцыю без свайго калегі і таксама села ў міліцэйскі УАЗік, туды ж адправілі Маркава. Іх траіх доўга каталі па Мінску, потым павезлі кудысьці за горад. У выніку аўтазак прыехаў у аэрапорт, дзе беларускія сілавікі зладзілі правакацыю:
«Раптам у зале з'явіліся людзі з нейкай скураной папкай у руках і спыталі ў Нямцова, ці не забыўся ён яе ў машыне. Нямцоў сказаў не. Звярнуліся з тым жа пытаннем да Хакамады. Яна таксама сказала не. Усё гэта здымалася на відэа. «А пасля гэтага кажуць: давайце ўсё ж такі паглядзім яе змесціва, — расказвае Хакамада. — Камера пад'язджае да стала, пачынае здымаць. Адкрываецца папка, у ёй пачкі даляраў і матэрыялы, і буйнымі літарамі напісана СПС. І тут я ўсё зразумела. Я ўпершыню ўбачыла тое, што раней чытала ў Салжаніцына. Цяпер убачыла, як гэта робіцца ў жыцці».
Нямцоў пацягнуўся да папкі — праверыць, што ў ёй, — але Хакамада своечасова яго спыніла, каб не пакінуць на папцы адбіткаў. Гэта брудная правакацыя, абуралася яна, яны з Нямцовым патрабуюць адваката. Праз дзесяць хвілін іх пасадзілі на рэйс, вылет якога спецыяльна затрымлівалі з раніцы, і выдварылі ў Маскву».
Беларускае МЗС заявіла, што Нямцова выдварылі «неаднаразовыя грубыя факты ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, накіраваныя на падрыў дзяржаўнага ладу». Яго абвінавацілі ў тым, што ён вёз грошы для АГП.
Затрыманне віцэ-спікера і дэпутата Дзярждумы выклікала тады сур'ёзны рэзананс. Расійскае МЗС паабяцала адэкватную рэакцыю, а навіна была галоўнай на ўсіх расійскіх тэлеканалах.
Ужо ў эпілогу аўтар мяркуе, што Нямцова, будзь ён жывы, натхнілі б мірныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе.
«Нямцоў быў бы вельмі натхнёны падзеямі ў Беларусі, дзе тым жа летам 2020 года сотні тысяч людзей па ўсёй краіне выйшлі пратэставаць супраць свайго нязменнага дыктатара. Нямцоў верыў, што шлях да свабоды — гэта не лабірынт і не бег па крузе, у яго ёсць фінішная прамая.
У беларускіх падзеях Нямцоў бы ўбачыў пацвярджэнне сваім прагнозам: сітуацыя змянілася, і вось ужо скаланаюцца непарушныя, здавалася б, аўтарытарныя рэжымы, якія прыйшлі на змену савецкай уладзе, ёсць межы зносу ў дэспатыі, народы не гатовыя вечна трываць тыранаў».
У сучаснай Беларусі для прызнання чаго-небудзь «экстрэмісцкім» шмат не трэба: хапіла б і гэтых спачувальных да пратэстаў-2020 абзацаў, нават без аповеду пра дзяржаўны пераварот Лукашэнкі, ягоныя «эскадроны смерці» і паліцэйскую дзяржаву.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» кнігу пра Барыса Нямцова
Чаму ў Расіі няма сваёй Ціханоўскай?
Падчас баёў за Марыупаль паранены чачэнец, падазраваны ў забойстве Нямцова