Улады знайшлі спосаб забяспечаць насельніцтва айчыннай свінінай. Вось план
Пабудуюць чатыры свінагадоўчыя комплексы на 100 тысяч галоў кожны, а таксама восем меншых. Аднак племянных свіней, магчыма, купяць на Захадзе.
17.12.2024 / 08:00
Фота: alexandriya.by
Пасля таго, як эпідэмія «свінога грыпу» ў 2013-2014 выкасіла свінагадоўчыя комплексы Беларусі, краіна ўсё ніяк не можа вярнуцца ад ранейшага ўзроўню вытворчасці свініны.
Такую выснову можна зрабіць, калі азнаёміцца са зместам дакумента, які «Наша Ніва» атрымала ад «Белпола».
«Даклад па пытанні аб распрацоўцы на 10-гадовую перспектыву стратэгіі развіцця ўльтрасучаснай свінагадоўлі» быў накіраваны ўрадам на імя Аляксандра Лукашэнкі ў лістападзе 2024 года.
У дакуменце за подпісам віцэ-прэм'ера Юрыя Шулейкі сцвярджаецца, што запатрабаванасць рынку ў свініне складае каля 500-520 тысяч тон у жывой вазе на год. На сёння забяспечваецца толькі 84%. Астатняе імпартуецца. Так, у мінулым годзе сваіх свіней было выгадавана агульнай вагою 424 тысячы тон (для параўнання, у 2012 годзе было 472,5 тысяч тон), яшчэ 76 тысяч тон закупілі за мяжой.
Чыноўнікі паведамляюць аб тым, што за апошнія дзесяць гадоў у краіне ўведзена ў эксплуатацыю 29 новых свінагадоўчых комплексаў агульнай магутнасцю 1,2 мільёна галоў. Яны пастаўляюць краіне 147 тысяч тон свініны ў жывой вазе, што складае траціну ўсяго аб'ёму вытворчасці.
Усяго ў краіне, па словах чыноўнікаў, налічваецца каля 100 свінагадоўчых комплексаў, аднак яны старыя, таму маюць нізкія паказчыкі вытворчасці і не могуць забяспечыць канкурэнтназдольную вытворчасць свініны.
Што прыдумалі чыноўнікі?
Пабудаваць дадатковыя новыя комплексы. Чатыры (да 2027 года) на 100 тысяч галоў свіней кожны і 8 меншых (да 2030-га) — на 24-50 тысяч галоў.
Спачатку планавалася, што ўсе чатыры буйныя комплексы з'явяцца ў Магілёўскай вобласці ў сельгаспрадпрыемствах, якія фактычна павесілі на Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю (БНБК), якая шукае спосабы айчыннай вытворчасці высокапрадуктыўных, збалансаваных камбікармоў. Праект адпаведнага ўказа Лукашэнкі быў распрацаваны ў лютым 2024 года.
Аднак нешта пайшло не так. І ўжо ў чэрвені, «улічваючы нездавальняючыя вынікі работы» БНБК, было вырашана ад ідэі адмовіцца, а гаспадаркі вярнуць пад кантроль мясцовых улад.
Цяпер свінагадоўчыя комплексы на 100 тысяч галоў павінны з'явіцца ў Брэсцкай (ААТ «Белавежскі»), Віцебскай (ААТ «Аршанскі»), Мінскай (ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў») і Магілёўскай (ААТ «Бабруйскі мясакамбінат») абласцях. Камбікорм для свіней павінна будзе паставіць БНБК.
Фінансаваць будаўніцтва плануюць за кошт бюджэтных крэдытаў. Месцы размяшчэння васьмі меншых комплексаў у дакуменце не называюцца. Адзначаецца толькі, што іх пабудуюць у другі этап. Гэта звязана з «абмежаваннем фінансавых рэсурсаў і вытворчага патэнцыялу будаўнічай галіны».
Чыноўнікі запэўніваюць, што, калі пабудуюць усе 12 комплексаў, краіна зможа забяспечыць вытворчасць дадаткова 80 тысяч тон свініны ў жывой вазе, якой ёй не хапае.
Урад паведамляе Лукашэнку, што збіраецца камплектаваць новыя свінакомплексы пераважна за кошт свіней з племянных прадпрыемстваў краіны. Як вынікае з дакумента, паралельна вучоныя займаюцца вывядзеннем айчынных свіней мясных і камбінаваных парод, а таксама распрацоўкай рацыёнаў, якія б дазволілі атрымаць 900 грамаў прывагі (цяпер на новых комплексах яна складае 700 грам).
Вось толькі комплексы павінны пабудаваць да 2030 года, а працы па вывядзенні новых парод і распрацоўцы новых кармоў, згодна са стратэгіяй, працягнуцца да 2034 года. Прынамсі, на такі перыяд яна разлічана.
Хіба што ўрад не вельмі верыць у навукоўцаў, бо паведамляе Лукашэнку аб тым, што «ў выпадку неабходнасці будуць арганізаваны імпартныя пастаўкі з краін Заходняй Еўропы і Расіі».
Наколькі планы будуць паспяховымі, пакажа жыццё. Пакуль што, як пішуць самі чыноўнікі, колькасць свіней у параўнанні з мінулым годам знізілася на 182 тысячы гадоў і склала 92,3% да леташняга ўзроўню.
У Беларусі з дапамогаю Кітая хочуць пабудаваць найбуйнейшы свінагадоўчы комплекс
Лукашэнка: Даставайце з кішэняў грошы і сканчайце гэтыя комплексы
Палачаны пратэстуюць супраць свінакомплексу па ізраільскім праекце
Беларусь шукае работнікаў у В'етнаме. Вось чаму пакуль нічога не атрымалася