Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць

Амаль да канца наступнага тыдня квіткі на аўтобус Мінск-Вільня можна набыць па цане ад 100 рублёў. Але пасля 20-х чысел усе перавозчыкі адчувальна падымаюць цэны.

13.12.2024 / 10:29

Святы набліжаюцца — цэны растуць. З 21 снежня «Экалайнс» прапаноўвае квіткі па 230 рублёў (на ранейшыя даты ёсць варыянты за 110 рублёў).

Іншы папулярны перавозчык — «Еўралайнс» — замест звыклых 175 рублёў пачынае прасіць ад 200 да 280 рублёў за квіток. «Мінсктранс» таксама павышае цэны з 175 да 200 рублёў.

Рэпутацыю самага таннага перавозчыка працягвае падтрымліваць «Атлас». Але і тут без павышэння не абышлося: калі на даты да 18 снежня мінімальны кошт квітка складае 100 рублёў (і да 175 рублёў), то пасля — ад 140 рублёў (і да 200 рублёў).

Пакуль выглядае так, што пасля навагодніх свят (і марафону студзеньскіх выходных у Беларусі) цэны на квіткі з беларускай сталіцы ў літоўскую зноў паменшаюць, але не ва ўсіх перавозчыкаў.

Напрыклад, на 13 студзеня «Еўралайнс» зноў прадае квіткі па 175 рублёў, у «Мінсктранса» таксама з'яўляюцца прапановы па такім кошце. «Экалайнс» пакідае цану ў 230 рублёў.

А вось у «Атласа» пакуль наадварот бачна павышэнне цэн. Самая позняя дата, на якую ў перавозчыка можна купіць білет — 11 студзеня. І білеты ў Вільню на яе прадаюць па 175-180 рублёў.

Нагадаем: Літва імкнецца паменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кампаній, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Атрымліваецца так, што пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на перавозкі перавозчыкі не атрымліваюць новыя і таму вымушаныя сысці.

Калі да 1 сакавіка 2024 года людзей з Беларусі ў Літву вазілі 58 перавозчыкаў, то цяпер іх засталося 35. Плануецца, што да лютага 2025 года іх колькасць паступова будзе зніжана да 29, агучвала лічбы ў эфіры LRT міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Квіткі з Мінска ў Вільню адчувальна падаражэлі. З чым гэта звязана і чаму цэны могуць узляцець яшчэ больш?

Больш за 60 еўра ў кашальку — будуць праблемы? На выездзе з Літвы беларусы сутыкаюцца з новымі цяжкасцямі

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА

Прэм'ер Польшчы заявіў, што ў ЕС разумеюць яго міграцыйную палітыку

Nashaniva.com