«Сітуацыя блізкая да катастрофы», а «такі мог быць зімовы курорт!». Расійскія ваенкары пра наступ паўстанцаў у Сірыі
Антыўрадавыя групоўкі, за якімі стаяць Турцыя і некаторыя арабскія краіны, увайшлі ў найбольшы горад Сірыі — Алепа. Расійскія ваенкары шукаюць вінаватых, даюць парады і робяць прагнозы.
30.11.2024 / 12:50
Паўстанцы ў раёне паселішча Хан Аль-Асаль непадалёк ад Алепа. 28 лістапада 2024 года. Фота: Zana Halil / Getty Images
Як паведамляецца, з пачатку наступу пад кантролем паўстанцаў апынуліся 920 квадратных кіламетраў тэрыторыі Сірыі. Расійскія ваенкары шукаюць тлумачэнні такога развіцця падзей і даюць прагнозы.
Хто вінаваты?
Тэлеграм-канал «Русский инженер» «шмат у чым» бачыць заслугу самога Асада.
Як ён тлумачыць, улады Сірыі не стварылі ўмоў для прытоку расійскіх інвестыцый, якія б далі імпульс эканоміцы.
Паводле ягонага меркавання, расійскі бізнэс не змог замацавацца ў краіне з-за таго, што «інвестараў рабавалі, душылі ўсходняй вытанчанасцю, не даючы развіцца. Проста душылі праекты на стадыі інвеставання, проста з прагнасці і жудаснага бардаку ў кіраванні краінай».
Пры спрыяльным інвестыцыйным клімаце, лічыць аўтар, расіяне б мелі «бяспечныя курорты для зімовага адпачынку, пад аховай нашых вайсковых баз, даючы пры гэтым мясцоваму народу магчымасць зарабляць і жыць па-людску, не ў галечы».
Аднак «Мухабарат [спецслужба Сірыі, аналаг беларускага КДБ і ГУБАЗіКа] і чыноўнікі проста закансервавалі галечу». У спалучэнні з «беспределом» у адносінах да мясцовага насельніцтва, гэта захавала падтрымку апазіцыі сярод насельніцтва нават пасля яе разгрому».
Аўтар тэлеграм-канала «Рыбарь» таксама заўважае, што «сітуацыя ў Сірыі ўскладняецца паводзінамі саміх сірыйцаў».
«Абсалютна справядлівыя выказванні пра тое, што цвет нацыі быў страчаны ў першыя гады вайны, якая пачалася ў 2011 годзе. Вось толькі тое, што засталося, з'елі карупцыя, непатызм, эканамічны хаос і нежаданне нічога мяняць».
Тэлеграм-канал «Глобалистика» дадае, што праўладныя СМІ Сірыі цяпер абвінавачваюць ва ўсім Расію. Да гэтага гучала крытыка, што расіяне ў Сірыі нічога не робяць для таго, каб адбіваць удары па краіне з боку Ізраіля.
Аўтар тэлеграм-канала хвалюецца, што ў выніку, акрамя магчымай татальнай дэстабілізацыі ў Сірыі, Расія атрымае яшчэ большы негатыў на свой адрас. Гэта ў выніку «канчаткова падарве пазіцыі нашай краіны ў краіне, якую ў свой час выратавалі ад краху».
Што рабіць?
Ваенкар Юрый Падаляка ў сваім канале піша: «Для ўсіх зразумела, што ў Сірыі ў нас не проста буйны крызіс, а паступова ідзе да катастрофы». Таму патрэбныя «нестандартныя і хуткія рашэнні».
«Так, Алепа ўжо не выратаваць, але Сірыю яшчэ выратаваць можна», — піша ваенкар і прапануе накіраваць у краіну, дзе падраздзяленні Узброеных сіл Расіі разам з урадавымі войскамі змагаюцца з паўстанцамі, «кадравае падмацаванне з моцных генералаў».
Сярод магчымых кандыдатур ваенкар называе генерала Івана Папова, які калісьці два гады ўжо правёў у Сірыі. У маі гэтага года Папоў быў зняты з пасады камандуючага 58-й арміяй па абвінавачанні ў буйным крадзяжы.
Тэлеграм-канал «Рыбарь», у сваю чаргу, абураецца з таго факту, што «ва ўмовах фронту, які рухаецца ў Алепа, барацьбіты інфармацыйнага фронту Сірыі, выхаваныя ў найлепшых традыцыях расійскага ваеннага інфазмагання часоў да СВА, апублікавалі, як генерал-палкоўнік Аляксандр Чайка, які прыбыў у Сірыю, усклаў кветкі».
Генерал Аляксандр Чайка ўскладае кветкі. Фота: ASSYRIA11 / Telegram
Публікацыя такога паста ў цяперашніх умовах, на погляд аўтара канала, «выглядае як злы здзек».
«А потым рускія дыпламаты і вайскоўцы дзівяцца, адкуль жа такое негатыўнае стаўленне да рускіх вайскоўцаў сярод сірыйцаў бярэцца», — заўважае «Рыбарь».
«Беларускі сілавік», у сваю чаргу, пра гэты факт з'едліва дадае: «Выглядае гэта ўсё як магчымасць прыехаць і ўскласці кветачкі на магілу лініі абароны ў Алепа».
Што будзе далей?
Прагназуючы далейшае развіццё падзей, «Рыбарь» піша пра магчымасць аднаўлення глабальнага канфлікту, калі да паўстанцаў далучацца буйныя плямёны поўдня краіны і баевікі так званай «Ісламскай дзяржавы»:
«Сірыю могуць папросту ўзяць і раздзяліць на часткі, вярнуўшы горшы сцэнарый дзесяцігадовай даўніны. Цяперашняе падзенне Алепа, які выстаяў тады, — гэта прамое наступства нявырашанасці сірыйскага канфлікту тады, калі гэта было трэба зрабіць».
У сваіх аналізах сітуацыі ў Сірыі расійскія ваенкары праводзяць паралелі з планамі заключэння перамір'я з Украінай.
Так «Русский инженер» заўважае: «Турцыя і яе куратары з кан'юнктурных меркаванняў зараз зрабілі вялізную падставу для Вашынгтона, бо наглядна паказалі нашай «партыі перамір'я ў абмен на адмену санкцый», тое, што нас чакае пасля такога перамір'я».
«Гэта вельмі складаны ўрок, які неабходна засвоіць усім людзям, якія лічаць, што Мінск-3 можа быць магчымы», — піша «Рыбарь».
Сірыйскія паўстанцы перайшлі ў наступ пад Алепа, сярод загінулых могуць быць вагнераўцы