У 101 год памёр адзін з самых багатых нарвежцаў. Ён адмовіўся ад мільярдаў і працаваў па 10 гадзін на дзень

Олаф Тун ажаніўся ў 95 гадоў, але гэтаму папярэднічала сямейная драма.

20.11.2024 / 10:41

Олаф Тун у 2014 годзе. Фота: Kjetil Ree / Wikimedia Commons

У 2013 годзе часопіс Forbes уключыў на той час 90-гадовага нарвежца Олафа Туна ў спіс 200 самых багатых людзей свету. На той час яго кампанія валодала 450 аб'ектамі нерухомасці па ўсёй Нарвегіі, у тым ліку 60 гатэлямі.

Як згадваў сам Олаф, у яго з дзяцінства была прадпрымальніцкая жылка. Жывучы з бацькамі на ферме, ва ўзросце 8 гадоў ён замаўляў па каталогу калядныя паштоўкі, атрымліваў іх па пошце і прадаваў суседзям.

Па словах мужчыны, ён хацеў вывучаць медыцыну, але ў 1939-м годзе, калі яму было 16 гадоў, пачалася вайна, і бацькі пабаяліся адпускаць яго з дому.

«Мне прыйшлося застацца ў нашай вёсцы, і рабіць мне было зусім няма чаго. Непадалёк было некалькі ферм лісінага футра, так што я ўзяў з сабой скуркі лісіц і адправіўся ў Осла, каб іх прадаць», — расказваў пазней Олаф.

Праз некалькі гадоў у Осла хлопец валодаў сваёй лаўкай. Пасля таго, як скончылася вайна, Тун накіраваўся ў Лондан, дзе вывучаў англійскую мову. Вярнуўшыся з Брытаніі, у 1951 годзе малады прадпрымальнік заняўся продажам футра за мяжу, а ў хуткім часе набыў на галоўнай вуліцы Осла будынак пад свой магазін. Цяпер там знаходзіцца буйны гандлёвы цэнтр.

Пазней прадпрымальнік звярнуў увагу на набыццё іншай нерухомасці. У 1966 годзе Тун адкрыў свой першы рэстаран, а ў 1989 годзе заснаваў сетку гатэляў. Пазней ён пашырыў свой бізнэс на гандлёвыя цэнтры. Сярод яго ўладанняў таксама былі аэрапорт і хімічны завод.

Калі Олафу было 90 гадоў, ён расказваў пра свой рэжым працы: «Я прыходжу ў офіс недзе ў 7-8 раніцы, затым у мяне пастаянныя сустрэчы, і дадому я вяртаюся каля шостай вечара. 10-гадзінны працоўны дзень для мяне звыклы».

А маладым людзям, якія хочуць дасягнуць поспеху, Тун раіў цяжка працаваць і быць пунктуальнымі.

У 2007 годзе па памеры багацця Олаф Тун быў другім у Нарвегіі. Пры гэтым ён працягваў жыць вельмі сціпла ў невялікім таўнхаўзе на дзве сям'і недалёка ад Осла. Ён не меў прыслугі, сам прыбіраў у доме і даглядаў сад.

«Я самастойна кірую сваім Фальксвагенам, у мяне адна пара лыжаў і адзін веласіпед. Маю чырвоную шапачку звязала мне жонка», — расказваў Олаф журналістам.

Менавіта шапачка была адной з характэрных рыс аблічча мільярдэра. А жонкай ён назваў жанчыну, з якой ажаніўся толькі ў 95-гадовым узросце. Да гэтага Олаф пражыў з ёй больш за 30 гадоў, знаходзячыся ў шлюбе з іншай жанчынай.

Олаф Тун у 2016 годзе. Фота: Tore Sætre / Wikimedia Commons

Першая жонка Олафа дастаткова рана пачала хварэць на хваробу Альцгеймера. Як расказваў сам Тун, са сваёй другой жанчынай ён пазнаёміўся ў той перыяд, калі жонка ўжо не пазнавала яго. Але разводзіцца з ёй ён не захацеў.

«Чаму б не паклапаціцца аб тым, каму не пашчасціла сур'ёзна захварэць? (…) Калі вы ўжо такія дарослыя і не збіраецеся заводзіць дзяцей, у гэтым [разводзе] няма неабходнасці», — расказваў Олаф журналістам.

Ён так і не развёўся. А з каханкай ажаніўся праз год пасля смерці жонкі.

Паспяховы, але бяздзетны бізнэсмен у 2013 годзе вырашыў перадаць большую частку сваіх актываў дабрачыннаму фонду, які асноўную ўвагу аказвае медыцынскім даследаванням.

«Я не магу ўзяць грошы з сабою, калі памру. Але я зрабіў так, што пасля маёй смерці грошы будуць траціцца так, як я хачу. (…) Нехта думае аб тым, як бы перадаць свой бізнэс сваёй сям'і, а мне важна, каб мой фонд падтрымліваў навуку. Мне здаецца, менавіта навука нясе вялікую важнасць у гэтым жыцці», — гаварыў Тун.

Олаф Тун памёр 16 лістапада ва ўзросце 101 год. Пасля яго смерці прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ назваў Туна «ўнікальным прадпрымальнікам», які «ніколі не забываў пра сваю прыналежнасць да мясцовай нарвежскай супольнасці».

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?

Вінны гуру, аўтар бэстсэлераў і амерыканскі мультымільянер з Бабруйска. Хто такі Гары Вайнерчук?

Дырэктар беларускай IT-кампаніі Gurtam назваў галоўны сакрэт поспеху

Антось Жупран