Чым цяпер жыве гераіня стылёвага фота з Маршу жанчын 2020-га

У 2020-м фота Аляксандры Вараб'ёвай з пратэсту абляцела інтэрнэт. У продажы дагэтуль ёсць чахлы для тэлефонаў з легендарным здымкам. Пра сваё жыццё і боль дзяўчына расказала блогеру Аляксандру Івуліну для канала «Честнок-LIVE».

19.11.2024 / 19:14

Аляксандра Вараб'ёва. Фота: Tut.by

З Маршу жанчын у верасні 2020-га Аляксандру даставілі ў Маскоўскае РУУС, адкуль пасля складання пратакола адпусцілі. Пазней суд прысудзіў ёй штраф у 810 рублёў.

Пасля тых падзей Аляксандра яшчэ чатыры гады пражыла ў Мінску, але ўрэшце, асцерагаючыся затрымання, вырашыла выехаць з краіны. Цяпер яна спрабуе ўладкаваць сваё жыццё ў Варшаве.

На Wildberries цяпер яшчэ можна купіць чахол для тэлефона з легендарным здымкам.

«Гандлююць, натуральна, расіяне. Мне здаецца, беларусы да такога не дадумаліся б. Я мяркую, што яны ўвогуле не ведаюць гісторыі гэтага фота», — заўважае дзяўчына і дадае, што «злавіла люцейшы крындж», калі прачытала апісанне гэтага прадукту: «Стыльны і яркі чахол на iPhone 13 з прынтом. Расія».

«Расія. Мы рэальна жывём у нейкім сюры. Недзе ў Расіі. Я глядзела водгукі. Людзі купляюць гэтыя чахлы. Ходзяць дзяўчынкі са мною і амапаўцам на тэлефоне. Неяк так».

«Я жыла з думкамі, што мяне могуць пасадзіць»

Аляксандра заставалася ў Беларусі ў тым ліку з-за таго, каб падтрымліваць свайго былога мужа, якому далі «хатнюю хімію» (цяпер яна ўжо скончылася). Калі яна рашыла з'ехаць, сяброўкі падтрымлі яе: «Нарэшце ты ратуеш сябе».

Скрын відэа: chestnok_live / YouTube

Дзяўчына згадвае, што пасля таго фота амапаўцы яе затрымлівалі другі раз. Тады яны адвялі яе ў бусік, а не ў аўтазак. А потым яны сказалі: «Ладна, ідзі, зорка інтэрнэту. Раскажаш, які АМАП у нас добры».

«Я жыла з думкамі, што мяне могуць пасадзіць. Я аддавала сабе цалкам у гэтым справаздачу (я не тое, што зусім наіўная). Пры гэтым у надзеі, што, натуральна, гэтага не адбудзецца», — расказвае Аляксандра і прызнаецца, што «жыла ў пастаяннай трывозе і чыстцы тэлефонаў».

«Я запісвала ў тым жа тыктоку нейкія экспертныя відэа на тэму фітнэсу, яны набіралі прагляды, дапусцім, на сто, дзвесце, пяцьсот тысяч чалавек. Натуральна, нейкі працэнт каментарыяў быў аб тым, што «О, вы тая дзяўчына, якую пад ручку вёў АМАП!». І ў мяне кожны раз узнікала такая лёгкая паніка».

Аляксандра заўважае, што ў некаторых людзей былі тэорыі аб тым, што калі яна на свабодзе, то гэта сведчыць пра нейкія сувязі ці яе згоду з сітуацыяй у краіне. Некаторыя ў каментарыях ёй пісалі: «Раз яна ў Беларусі, значыць яе ўсё задавальняе. Калі яе пасадзяць, значыць ёй так і трэба».

«Я памятаю, што літаральна за тыдзень да майго ад'езду мне напісалі таксама каментарый. Ён быў такі непрыемненькі. Дзяўчына напісала: «Я не разумею, чаму вас яшчэ не пасадзілі. Значыць, нешта тут не чыста».

«Гэта насамрэч тэма, якая праходзіць чырвонай ніткай у тых, хто застаўся ў Беларусі — перыядычна ты атрымліваеш паведамленні «Дзіўна, што вы не сядзіце», —

прызнаецца Аляксандра.

Пра выпадак у цягніку

Аляксандра згадвае незвычайны выпадак: «Я ехала ў цягніку. Здаецца, з Гродна. Гэта было літаральна за месяц да майго ад'езду. Я еду. А насупраць мяне едзе жанчына. Глядзіць так на мяне. Едзем далей. Гадзіну, дзве (у Гродна пяць гадзін ехаць). На трэцюю гадзіну яна паказвае мне тэлефон са скрыншотам і кажа: «Я вас знайшла!»

Я бачу, што там скрыншот кліпа Вайцюшкевіча [»Неверагоднасць»]. Яна такая: «Мне так падабаецца Вайцюшкевіч! Я яго так абажаю».

А побач з намі нейкі мужык. Я не разумею, што гэта за мужык. Гэта дакладна не яе муж, проста трэці пасажыр. І я такая: «Я таксама». Таму што я разумею, што гэты дыялог не павінен разгортвацца побач з чалавекам, які, магчыма, зусім супрацьлеглых поглядаў. Яна зразумела, што я не хачу развіваць гэтую тэму. І мы спакойна ехалі далей».

«Мяне малявалі ў вобразе Дзевы Марыі»

Аляксандра прызнаецца, што некаторыя чакалі ад яе адпаведнасці пэўнаму вобразу, які самі прыдумалі, пабачыўшы фота:

«Нехта разумее, што я проста патрапіла на фотаздымак, які нарадзіўся са збегу абставін. І не трэба на мяне, як чалавека, перакладваць нейкія чаканні. У нейкага такога не было. Таму быў і хейт (у асноўным у інтэрнэце). Пісалі рознае. З катэгорыі: «Я думала, вы такая, а вы напаўаголенае цела посціце».

Фота: інстаграм Аляксандры

Хіба што шмат каму тады здавалася, што раз вось такая дзяўчына, сімвал нейкай, не ведаю, набожнай ахвярнасці… Мяне ж у вобразе Дзевы Марыі малявалі. Што толькі не рабілі. Ну, хіба што, яна не можа быць жывым чалавекам са сваімі грахамі і ўсім астатнім».

«Я лічу, што будзе вельмі класна, калі вакол усіх беларусаў, і вядомых і не вельмі, не будзе вось гэтага стэрэатыпу, што мы павінны быць ідэальнымі», — заўважае дзяўчына.

Як схадзіла на размову ў ДФР

У адзін з дзён Аляксандры патэлефанавалі з незнаёмага нумару і запрасілі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

«Мне сказалі прыехаць на размову праз гадзіну. У мяне якраз была фортка на працы. Я паехала ў ДФР. Ты разумееш, што такое чысціць тэлефон за гадзіну. Мне дапамагло тое, што я яго чысціла рэгулярна», — расказвае дзяўчына.

Але супрацоўнік ДФР толькі сфатаграфаваў экран тэлефона і не стаў чытаць перапіску.

Па словах Аляксандры, паколькі яна «правінілася», то, «каб працягваць жыць спакойна», ёй прапанавалі заплаціць штраф да 17 гадзін таго ж дня. У выніку, калі яна заплаціла і пазваніла супрацоўніку, каб аддаць плацёжку, той заўважыў: «Ой, ведаеце, у мяне тут іншыя людзі. Прыязджайце заўтра ранкам».

Пра развітанне з Радзімай

Цяпер Аляксандра працуе фітнэс-трэнерам і фатографам. У Беларусі дарога ў трэнеры ёй была б закрыта. Рэч у тым, што са студзеня 2024 года фітнэс-трэнеры ў Беларусі павінны абавязкова прайсці дзяржаўную акрэдытацыю.

«Я гатова была атрымаць вышэйшую адукацыю. Але гэтую акрэдытацыю не праходзяць тыя, у каго ёсць адміністратыўкі і нават подпісы, дапусцім, за вылучэнне Бабарыкі. А ў мяне было ўсё».

Дзяўчына расказвае, што планавала свой ад'езд, але маральна было цяжка. У апошні месяц яна часта ездзіла ў вёску, дзе жыве яе бабуля.

«Я памятаю момант, калі ў апошні дзень перад ад'ездам мы на выходныя паехалі ў вёску. На панядзелак у мяне быў білет з Беларусі. Мы з'язджаем, і бабуля стаіць на вуліцы. Глядзіць на гэтую машыну. Мы хаваемся за паваротам, і я пачынаю плакаць, таму што не ведаю, ці ўбачу я яе ўжывую яшчэ».

Дзяўчына заўважае, што праз два месяцы, як яна з'ехала, памёр бацькоўскі сабака, якому было 13 гадоў. «Гэта быў момант, калі мяне ў эміграцыі проста страшна накрыла. Я праплакала тры дні. Я разумею, што рэч не толькі ў сабаку».

Аляксандра прызнаецца, што цяпер, калі яна сазвоньваецца па відэасувязі з мамай, якая знаходзіцца ў вёсцы разам з 85-гадовай бабуляй, то не можа стрымаць слёз.

Дзяўчына адзначае, што ў Варшаве яна не адна. У яе шмат сяброў і каханы чалавек, якія дапамагаюць.

«Я не адчуваю сябе адзінокай. Але той факт, што я не магу паехаць у Беларусь у вёску… Хаця прайшло толькі паўгода, мне ўжо цяжка», — расказвае Аляксандра.

«Я не аб чым не шкадую, усё склалася, як склалася. Далей складваецца лепш. І я лічу, што гэта вось такая гісторыя майго жыцця».

Чым займаецца экс-вядучая АНТ Вольга Сулімава, якая пераехала з сям'ёй у Лондан?

Як выглядае і чым займаецца беларуска, якая ў 1990-м атрымала карону «Міс СССР»

Nashaniva.com