Гродзенская газета зняла крынджовую рэкламу і параўнала выбары з гвалтоўным шлюбам ВІДЭА
Дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» выклала ў тыкток ролік, каб заахвоціць моладзь удзельнічаць у выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе. Атрымалася двухсэнсоўна.
18.11.2024 / 18:36
Скрыншот відэа ў тыктоку
Дзеі прапагандысцкага відэа адбываюцца ў ЗАГСе. Нявесту, якая трымае букет штучных кветак, вядзе бацька. Ён вучыць дачку жыццю:
— Ну што, дачушка. Зусім дарослая стала, замуж выходзіш. Дарэчы, як табе сукенка? Мама выбірала. А як табе зала? Прыгожая? Цётка дамовілася.
Дзяўчына, якая не вельмі разумее, што адбываецца, задае цалкам лагічнае пытанне:
— А чаму кветкі штучныя?
— Так больш практычна, — тлумачыць бацька і паказвае дачцэ жаніха. — Вось твой будучы муж, Мікалай. Дарэчы, я выбіраў.
Нявеста цяжка ўздыхае. Жаночы голас за кадрам настаўніцкім тонам кажа:
— Вось што бывае, калі выбіраеш не сам. Не дай іншым вырашыць за сябе. Выбірай сам.
Мабыць, стваральнікі роліка вырашылі зрабіць метафарычны працяг фразы Лукашэнкі: «Любімую не аддаюць!». Палітык сказаў яе ў жніўні 2020 года, калі на яго мітынг не змаглі сагнаць нават бюджэтнікаў (ідэолаг БДУ раней распавядаў «Нашай Ніве», што з найбуйнейшага ўніверсітэта краіны туды не атрымалася прывесці хаця б 30 чалавек). Тым часам, на мітынг супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў на стэле «Мінск — горад-герой» па ўласнай ініцыятыве сабраліся сотні тысяч беларусаў.
У фразе «Любімую не аддаюць!» тады шмат хто пабачыў алегорыю на аб’юзіўныя адносіны. Лукашэнку тады малявалі як аб’юзера з акрываўленымі рукамі, які збівае маладую дзяўчыну.
Прымусовы шлюб, які паказала «Гродзенская праўда», сапраўды з’яўляецца лагічным працягам. У тым, што дзяўчыне нават не дазваляюць самой выбраць жаніха хаця б з некалькіх варыянтаў, зноў бачны паралелі з рэчаіснасцю. Гледзячы на тое, як знікаюць кандыдаты-спойлеры, можна выказаць здагадку, што фінал роліка будзе ў нейкай ступені прароцкім.
У каментарыях жартуюць, што ролю жаніха павінен быў выконваць 70-гадовы дзядуля.
Нават калі б аўтары газеты паставілі перад сабой задачу зрабіць сатырычнае відэа пра выбары ў Беларусі, наўрад ці ў іх атрымалася б лепей.
«Мы — надзейны тыл». Кандыдат-спойлер Чамаданава знялася з выбараў
Мінус спойлер. Афіцэр Бобрыкаў зняўся з выбараў
Лукашэнка: У Беларусі не дай Бог жанчыну абяруць