Алексіевіч: Пазняк ніяк не можа пагадзіцца, што яго час прайшоў
У новым выпуску ТОКу пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч выказалася, чаму Пазняк крытыкуе Марыю Калеснікаву і як яна да яе ставіцца.
11.11.2024 / 06:00
Святлана Алексіевіч і Зянон Пазняк. Фота: «Наша Ніва», скрыншот відэа TOK_talk / YouTube
Як вядома, лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк некалькі разоў рэзка выказваўся пра Марыю Калеснікаву, якая цяпер за кратамі. Палітык называў яе «палітычным нішто».
Святлана Алексіевіч з вялікай цеплынёй згадвае Марыю Калеснікаву:
«Я яе проста люблю. Яна мне вельмі падабалася. Прыгожая такая, сучасная жанчына, з еўрапейскім вопытам жыцця. Яна вельмі цікавы чалавек. Гэтая яе ўсмешка, і тое, як яна ішла наперадзе. Яна стала сімвалам нашых маршаў. Я нават не магу нашы маршы ўявіць без Машы».
Па словах пісьменніцы, мы не можам даваць ацэнку палітычнай ролі Марыі Калеснікавай, бо яна не паспела цалкам праявіць сябе:
«Яна не развярнулася. У нас жа было вельмі мала часу. Пару месяцаў толькі. Ніхто не паспеў разгарнуцца. Света Ціханоўская зрабіла сябе пасля барацьбы. Латушка таксама пасля».
Святлана Алексіевіч выказала сваю занепакоенасць лёсам Марыі Калеснікавай: «Я толькі малю, каб яна хаця б прыйшла больш-менш здаровым чалавекам, які мог бы вылечыцца. Яе бы тут увесь свет лячыў».
Па словах нобелеўскай лаўрэаткі, Марыя «з тых людзей, якія якраз і зрабілі рэвалюцыю, і каторыя зрабілі, у рэшце рэшт нацыю, калі ўжо хоча Пазняк. Тое, што ў яго не атрымалася зрабіць».
«Пазняк проста раўнівы чалавек. А раўнівыя людзі ў палітыцы — гэта катастрофа. Таму што, я ўпэўнена, калі б ён быў ва ўладзе, гэта не было б добра для Беларусі. Яна б з усім светам пасварылася. Ён ніяк не можа пагадзіцца, што яго час прайшоў, што ўжо другі час, другія людзі. Так, вось жанчыны. А то ён як Лукашэнка — яму жанчыны не падабаюцца. Гэтаму [Лукашэнку], што яна не служыла ў арміі, а яму я не ведаю, чаму», — лічыць Алексіевіч.
Глядзіце цалкам:
Алексіевіч расказала, што не так зрабілі беларускія эліты ў 2020 годзе
Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць