Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя амбежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы

Кандыдат на пасаду кіраўніка літоўскага ўраду Гінтаўтас Палуцкас лічыць, што беларусы ў Літве не робяць нічога дрэннага, а наадварот — дапамагаюць краіне расці, піша «Радыё Свабода». 

08.11.2024 / 19:16

Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Augustas Didžgalvis/Wikimedia Commons

Гінтаўтас Палуцкас з'яўляецца кандыдатам на пасаду прэм'ера ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая атрымала перамогу на нядаўніх парламенцкіх выбарах.

Палітык адказаў на пытанне «Настоящего времени», што ён думае аб прапановах узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня і натуралізацыі для выхадцаў зь Беларусі ў Літве.

«Я нагадаю, што беларусаў мы як дзяржава запрасілі самі. Запрасілі, імкнучыся стварыць для іх дэмакратычныя і бяспечныя ўмовы для жыцця, працы і адкрыцця бізнесу, пасля таго, як спадар Лукашэнка чарговы раз — у двукоссях — «перамог» на выбарах у Беларусі. Казаць, што беларусы, якія прыехалі сюды, робяць нешта дрэннае, у мяне асабіста язык не павернецца. Тым больш што яны сапраўды робяць свой унёсак у нашу эканоміку і з’яўляюцца ўдзельнікамі рынку працы».

Паводле Палуцкаса, ніхто з беларусаў не стаіць на біржы працы з працягнутай рукой, просячы сацыяльнай дапамогі. Беларусы, на яго думку, дапамагаюць эканоміцы Літвы расці.

«Што да розных выклікаў у галіне бяспекі, без сумневу, мы разумеем, што розныя выведныя службы дзейнічаюць — тыя ці іншыя працэсы адбываюцца па ўсім свеце, у тым ліку і ў Літве. Нам трэба аналізаваць, ацэньваць і назіраць за пэўнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў плоскасці нацыянальнай бяспекі.

Аднак штучныя абмежаванні, накшталт забаронаў вяртацца на радзіму ці бачыцца са сваякамі, няўстойлівыя і нелягічныя», — заявіў Палуцкас.

Ён дадаў, што супрацоўнікі беларускай выведкі, якія жадаюць уплываць на дыяспару і тых беларусаў, якія пераехалі ў Літву, могуць рабіць гэта і проста ў Літве, а не толькі на тэрыторыі Беларусі.

«Задача літоўскага Дэпартамента дзяржбяспекі палягае ў тым, каб гэтага не было. А штучныя абмежаванні не працуюць. Мы бачым прыклад Польшчы, дзе падобных абмежаванняў няма, і, зыходзячы з гэтага, мяркуем, што такую палітыку маглі б праводзіць і ў Літве», — заявіў Гінтаўтас Палуцкас.

Гінтаўтас Палуцкас — віцэ-старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы. Дэпутат Сейма. Нарадзіўся ў 1979 годзе ў горадзе Панявежыс. Па спецыяльнасці — матэматык-інфарматык. Таксама вывучаў права ў Віленскім універсітэце. Займаў пасаду кіраўніка гарадской адміністрацыі Вільні (2007—2009) і віцэ-мэра літоўскай сталіцы (2015—2019).

Юрконіс пра беларусаў у Літве: Гуманітарны ДНЖ цяпер выдаюць хутчэй. А пагрозай нацбяспекі прызналі менш за 3%

Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым

Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Nashaniva.com