У Вілейскім раёне збіралі грошы на рэстаўрацыю старадаўняй царквы. У выніку з яе проста выкінулі ўсё старое

Гістарычныя дзверы як непатрэбныя проста аддалі майстру ў падзяку за яго працу ў царкве.

09.11.2024 / 18:20

Царква ў Латыгалі ў жніўні 2024 года. Фота: інстаграм

Знішчэнне гістарычнага помніка заўважылі ў тэлеграм-канале «Спадчына».

У 2021 годзе Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Латыгаль адзначала свой 250-гадовы юбілей. Будынак струхлеў і патрабаваў капітальнага рамонту. У сувязі з гэтым святар Андрэй Громаў аб'явіў збор сродкаў на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

Фотаздымак царквы з яшчэ барочным шчытом, зроблены каля 1900 года беларускім фатографам Янам Балзункевічам. Да нядаўняга рамонту заставаліся тыя ж дзверы і аконныя ліштвы, што і на здымку. Фота: Wikimedia Commons

Царква ў Латыгалі да капітальнага рамонту. Фота: Wikimedia Commons

Як сцвярджалася, уся неабходная дакументацыя для правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ у прыхода ўжо была, і ўсе ўзгадненні праведзены. 

Актывісты спадзяваліся, што ў час работ адновяць барочны франтон, які царква мела яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Але ў прыхода былі зусім іншыя планы. 

Капітальны рамонт храма пачаўся ў ліпені 2023 годзе. З будынка была знятая гістарычная шалёўка, каб адрамантаваць зруб, замяніўшы спарахнелыя часткі.

Старыя бакавыя і галоўныя дзверы, якія былі выкінуты з помніка архітэктуры ў час рамонту. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Але непатрэбнымі святару аказаліся і старыя царкоўныя дзверы. Летась з Свята-Мікалаеўскай царквы выкінулі бакавыя дзверы. Дзверы былі ашаляваны масіўнымі дошкамі, плешкі старых цвікоў стваралі на іх просты ўзор, аўтэнтычнай была і каваная ручка з клямкай.

Новыя бакавыя дзверы, якія не маюць нічога агульнага са старымі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Замест іх з'явіліся цалкам новыя дзверы, абабітыя звычайнымі дошкамі, на звычайных цвіках і з сучаснай ручкай, метал якой быў адмыслова састараны, але яна не мае нічога агульнага з гістарычнасцю.

Цяпер стала вядома, што з царквы выкідаюць і старыя ўваходныя дзверы, якія не менш за стагоддзе ўпрыгожвалі яе. Дзверы з рамбічнай шалёўкай добра бачныя на здымку пачатку XX стагоддзя. Дзверы проста аддалі людзям — пра гэта актывісты выпадкова даведаліся з сацсетак.

У інстаграме распавялі як атрымалі дзвяры XVIII стагоддзя з Латыгальскай царквы за сваю дапамогу бацюшку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У акаўнце сям'і, якая ўдзельнічала ў рамонце ў царкве, з'явіліся сторыз, у якім пара пахваліліся тым, што раптам стала ўладальнікамі царкоўных дзвярэй XVIII стагоддзя з Латыгальскай царквы. Іх мужу падарыў бацюшка за ягоную працу.

Актывісты абурыліся тым, што гісторыка-культурную каштоўнасць рэспубліканскага значэння ў Беларусі можна проста раздарыць людзям. Яны спадзяюцца, што паколькі вядомыя тыя, хто атрымаў незвычайны падарунак, уваходныя дзверы можна будзе вярнуць на гістарычнае месца. Лёс бакавых дзвярэй невядомы.

Як выглядае Латыгальская царква пасля рамонту. Выглядае быццам яна асабліва і не змянілася, але д'ябал у дэталях. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Сёння рамонт на царкве ўжо завершаны, яна пафарбаваны ў новыя зялёныя колеры. Замест старых уваходных дзвярэй стаяць новыя, ашаляваныя вузкімі дошкамі, выкінуты старыя аконныя ліштвы, за тое замест іх з'явіліся выдуманыя сандрыкі (франтончыкі над вокнамі), якіх ніколі не было. Ніколі не было і новага навеса, узведзенага перад царквой. 

У вежы Шчытоўка Наваградскага замка збіраюцца зрабіць музей

У Беларусі прадаюць будынкі сядзібы роду ВКЛ, дзе ў свой час працаваў настаўнікам Янка Купала. Колькі просяць?

Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА

Праваслаўны прыход у Слоніме пакараюць за незаконна перамаляваны храм XVII стагоддзя

Nashaniva.com