Галоўчанка не ведае, навошта Беларусі холдынг «Белрэсурсы»

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе аб перспектывах развіцця холдынгу «Белрэсурсы» выказаў сумнеў у самой мэтазгоднасці яго існавання.

01.11.2024 / 22:55

Фота: Яндэкс-Карты

Заслухаўшы прадстаўленыя на нарадзе статыстычныя паказчыкі і стратэгію холдынгу, ён заявіў, што асаблівых перспектыў яго далейшага інвестыцыйнага развіцця не праглядаецца.

«Лічбы ўпартыя, яны сведчаць пра істотнае скарачэнне сродкаў, якія накіроўваюцца на інвестыцыі», — сказаў Галоўчанка ў відэафрагменце, апублікаваным прэс-службай урада.

Паводле яго слоў, нават прабежны аналіз засведчыў, што прадпрыемствы, якія вырабляюць тавары спажывецкага прызначэння, у прыватнасці «Бархім», Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, пакуль па нейкіх прычынах не асвоілі для сябе інтэрнэт-гандаль, працу на маркетплэйсах.

«Замест іх гэта паспяхова робяць пасярэднікі ў выглядзе індывідуальных прадпрымальнікаў і гэтак далей. Няўжо кіруючая кампанія холдынгу гэтага не бачыць? А накруткі там вельмі прыстойныя ў параўнанні з адпускной цаной.

Таму хацелася б разумець, што далей будзе адбывацца з холдынгам, і яго перспектывы існавання ў такім выглядзе, мэтазгоднасць захавання такой структуры ў далейшым для дзяржавы. Ці не перашкаджае яна развіццю прадпрыемстваў альбо аўтаномна, альбо ў складзе больш профільных дзяржаўных структур?», — задаўся пытаннем чыноўнік.

Холдынг «Белрэсурсы» створаны ў студзені 2014 года. У аб'яднанне ўваходзяць 15 арганізацый — рэзідэнтаў Беларусі, асноўнымі відамі дзейнасці якіх, як адзначаецца на сайце арганізацыі,

«з'яўляюцца аптовы і рознічны гандаль металапрадукцыяй, хімічнай прадукцыяй, гума-тэхнічнымі вырабамі, будаўнічымі матэрыяламі, вытворчасць прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і тавараў народнага спажывання, вырабаў з пластмас, плёнкі, сінтэтычных мыйных сродкаў, кардоннай упакоўкі, збор (нарыхтоўка) другасных матэрыяльных рэсурсаў і іх перапрацоўка, арганізацыя працэдур закупак тавараў, работ, паслуг, у тым ліку дзяржаўных, аказанне лагістычных, брокерскіх і іншых паслуг».

«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае

Белкаапсаюзу дадуць новыя крэдыты

Для працы з дзецьмі прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі прыдумаў беларускіх трансформераў

Чатыры беларускія кампаніі трапілі ў топ-50 найбуйнейшых замежных прадпрыемстваў у Расіі

Nashaniva.com