Пасля прызначэння даты выбараў «экстрэмістаў» прымушаюць падпісаць адмысловую паперу

Як стала вядома «Салідарнасці», пасля прызначэння даты выбараў на 26 студзеня 2025 года сілавікі ўзмацнілі кантроль над раней асуджанымі па палітычных артыкулах беларусамі. Усім тым, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях як адбыўшыя тэрміны ў калоніях ці на «хіміі», выносіцца «афіцыйнае папярэджанне», якое яны абавязаныя падпісаць.

26.10.2024 / 18:59

Фота ілюстрацыйнае

Тэкст папярэджання даволі доўгі, у ім гаворыцца «аб недапушчальнасці дзеянняў па планаванні і здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу, захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і пералічаныя іншыя дзеянні, якія падпадаюць пад вызначэнне «экстрэмізм» і інтэрпрэтацыі рэжыму Лукашэнкі.

На словах супрацоўнікі крымінальна-выканаўчых інспекцый папярэджваюць, што нельга распаўсюджваць «экстрэмісцкія матэрыялы», посціць і перасылаць паведамленні з каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», «перашкаджаць законнай дзейнасці дзяржаўных органаў», у тым ліку выбарчых камісій.

Акрамя таго, павялічылася частата міліцэйскіх праверак былых палітвязняў і «хімікаў» дома, у тым ліку ў начны час. Можна меркаваць, што такі стан рэчаў будзе захоўвацца цягам усёй выбарчай кампаніі.

Нагадаем, што ўсе асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў за ўдзел у падзеях 2020 года і пасля, яшчэ на этапе следства пастаўленыя на прафілактычны ўлік як «схільныя да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Пасля вызвалення гэтыя людзі заносяцца ў спецыяльны «экстрэмісцкі» спіс МУС, які рассылаецца ў банкі, службы занятасці, мабільным аператарам, мытным органам і г. д. Беларусы, якія знаходзяцца ў гэтым спісе, сутыкаюцца з шэрагам абмежаванняў: ім складана ўладкавацца на працу, адкрыць банкаўскі рахунак і да т. п.

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Лукашэнка пэўны, што выбары пройдуць хораша

Пазняк заклікаў байкатаваць выбары 26 студзеня

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

«Здарылася нейкая нешараговая падзея». Чалы прагназаваў, што Лукашэнка не пойдзе на выбары, цяпер тлумачыць, чаму ўсё ж ідзе

Павел Латушка бачыць прычыну прызначэння выбараў на студзень у іншым

Nashaniva.com