Перад «Марафонам адзінства» ў Жлобіне дзяцей навучаць імітаваць «актыўны партэр»

У навучальныя ўстановы Жлобінскага раёна паступіла разнарадка аб прыцягненні вучняў да ўдзелу ў масоўцы так званага «Марафону адзінства». Пра гэта стала вядома выданню «Флагшток» ад крыніцы, звязанай з сістэмай школьнай адукацыі.

23.10.2024 / 19:13

Напярэдадні «Марафон адзінства» правялі ў Гомелі. Фота: БелТА

Акцыя гэтай прапагандысцкай кампаніі, прымеркаванай да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных сёння на 26 студзеня 2025 года, пройдзе ў Жлобіне 25-26 кастрычніка.

Для рэпетыцыі дзеянняў масоўкі пад сцэнай дзяцей павінны накіраваць 24 кастрычніка ў палац гульнявых відаў спорту. Рэпетыцыя будзе праходзіць у вучэбны час на працягу сямі гадзін. Выязное харчаванне дзецям арганізоўваць не плануецца.

У адпаведнасці з патрабаваннем Жлобінскага райвыканкама, неабходна «забяспечыць удзел» згодна з загадзя падрыхтаванымі спісамі і праінфармаваць пра гэта аддзел ідэалагічнай работы.

Дзецям прыйдзецца рэпеціраваць «актыўны партэр» — энергічную падтрымку выступоўцаў. У Гомелі гэтую ролю адыгрывалі студэнты ВНУ, апранутыя ў чырвоныя і зялёныя футболкі.

Падчас акцыі ў Жлобіне анансаваныя «выставы, квэст, сустрэчы з вядомымі людзьмі, канцэрт найлепшых творчых калектываў краіны». Пад «вядомымі людзьмі» маецца на ўвазе, у прыватнасці, дэпутат-прапагандыст Вадзім Гігін.

{POLL#1250}

Усю Беларусь пачалі размалёўваць прымітыўнымі мураламі ад БРСМ 

«Фанфары, дзяржава для народа». Ужо некалькі месяцаў у метро круцяць выступы Лукашэнкі

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Nashaniva.com