Тэракт на авіяпрадпрыемстве ў Турцыі: што вядома

Чатыры чалавекі загінулі, 14 пацярпелі ў выніку тэракту ў Анкары на заводзе кампаніі Tusaş. Два тэрарысты ліквідаваныя. Спачатку кіраўнік МУС Турцыі Алі Ерлікая паведамляў пра трох загінулых, але прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на саміце БРІКС у Казані сказаў ужо пра чатырох.

23.10.2024 / 18:21

Пры гэтым улады Турцыі забаранілі публікаваць неафіцыйныя звесткі пра тэракт:

«Устаноўлена, што нашы СМІ, акрамя заяў афіцыйных органаў, публікуюць непацверджаную інфармацыю і выявы, асабліва з сацыяльных сетак. Вельмі важна, каб публікацыі, якія прапагандуюць тэрарызм, былі неадкладна спыненыя», — заявілі яны.

Вядома, што ў нападзе ўдзельнічалі як мінімум двое — мужчына і жанчына, апранутыя ў чорную форму, у іх былі аўтаматы і пісталеты, а за плячыма аб'ёмныя заплечнікі.

Турэцкі тэлеканал NTV перадае, што нападнікі пад'ехалі да будынка Tusaş на звычайным таксі. Дастаўшы зброю, яны паспрабавалі ўвайсці ў будынак, але былі спыненыя аховай, пасля чаго адбыўся выбух.

Пачатак нападу трапіў на камеру відэаназірання. Напад, як паведамляе тэлеканал A Haber, адбыўся падчас перазменкі аховы. Пасля нібыта частка тэрарыстаў змагла трапіць на тэрыторыю прадпрыемства і захапіць закладнікаў, але афіцыйна гэта не пацвярджаецца. 

На тэрыторыі прадпрыемства Tusaş працуюць супрацоўнікі турэцкіх спецпадраздзяленняў, у небе заўважаныя выведвальныя БПЛА. У сацсетках таксама з'явілася фота рыштунку аднаго з загінулых тэрарыстаў, на ім можна ўбачыць гранаты і дадатковыя магазіны.

Тэракт ужо асудзіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

«Навіны пра загінулых і параненых з Анкары выклікаюць глыбокую занепакоенасць. НАТА падтрымлівае нашага саюзніка Турцыю. Мы рашуча асуджаем усе формы тэрарызму і ўважліва сочым за развіццём падзей», — заявіў ён.

Tusaş — буйное акцыянернае таварыства. Кампанія распрацоўвае і выпускае самалёты, верталёты, беспілотныя лятальныя апараты і касмічныя спадарожнікі як грамадзянскага, так і вайсковага прызначэння.

На авіякасмічным прадпрыемстве ў Турцыі здзейснены тэракт

У Расіі трох падлеткаў затрымалі за спробу падпалу двух стратэгічных бамбавікоў

Судзяць мужчыну, якога затрымалі за каментары пра тэракт у «Крокусе»

Nashaniva.com