Даносы, бойка з Дашкевічам, завышэнне паказчыкаў у БРСМ — як пралажыў сабе шлях дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч?

Фота з дэпутатам-камуністам Сяргеем Клішэвічам, дзе ён у адказ на сігналы-асуджэнне паказвае фак аўтамабілістам на праспекце ў цэнтры Мінска падчас прадзяржаўнага велапрабегу, увайшло ў аналы гісторыі. Можна было б падумаць, што гэта выключны жэст на эмоцыях, якіх у гарачы 2020-ты было шмат, але насамрэч ён вельмі характэрны для дэпутата, што засядае ў беларускім парламенце і камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.

20.10.2024 / 19:45

Тое самае фота: дэпутат-камуніст і яго фак

Гістфак для птушачкі, беларуская мова і Пальчыс-аднагрупнік

«Гопнік ад улады» — характарызуе Клішэвіча адзін са знаёмых. «Хітры чалавек, які карыстаецца ўсімі дабротамі сістэмы», — не пагаджаецца іншы.

Улада і кар'ера — гэта тое, да чаго быў пракладзены ўвесь яго шлях яшчэ са школы. Сам будучы дэпутат згадваў, што ўжо тады спрабаваў вылучыцца на пазіцыю лідара ў суполцы БРСМ, але прайграў. Эмоцыі ад паразы былі настолькі непрыемнымі, што потым хлопец імкнуўся рабіць усё, каб надалей гэта не паўтарылася.

Будучы дэпутат нарадзіўся ў Мінску ў сям’і рабочага падшыпнікавага завода і супрацоўніцы сталічнага заапарка. Пасля сканчэння школы №74, па інфармацыі Belpol, папрацаваў у камунальным прадпрыемстве «Мінская спадчына», а пасля паступіў у БДУ на гістарычны факультэт. Вучыўся ён у беларускамоўнай групе. І сярод яго аднагрупнікаў быў, напрыклад, блогер і сённяшні палітвязень Эдуард Пальчыс.

Сярод аднакурснікаў Клішэвіч са сваімі поглядамі, мякка скажам, вылучаўся. Як і сваімі дзелавымі касцюмамі, якім ён ужо тады пачаў аддаваць перавагу ў сваім гардэробе.

Любімы стыль Клішэвіча. Тут і далей — фота з сацыяльных сетак дэпутата

«Ён ад самага пачатку адкрыта казаў пра сябе: я ў БРСМ і падтрымліваю Лукашэнку. У такім кантэксце ўсе пра яго і ведалі і моцна кпілі», — расказвае адзін з сакурснікаў.

Вучыўся пры гэтым Клішэвіч дрэнна, што пацвярджаюць тагачасныя выкладчыкі. У тым ліку таму, што значная доля яго энергіі сыходзіла на актывізм у БРСМ.

Погляды на гісторыю ў Клішэвіча шмат у чым былі сфармаваныя на артыкулах прапагандысцкіх газет.

На першым курсе да 25 Сакавіка неяк арганізавалі дыскусію пра БНР, каб студэнты пайшлі туды, а не на мітынг. Клішэвіч адзначыўся як адзін з самых актыўных выступоўцаў, які даказваў, што абвяшчэнне незалежнасці БНР — падзея без гістарычнага значэння, а бел-чырвона-белы сцяг — тое, чаго беларусы адракліся на рэферэндуме. Аргументы, якія ён выкарыстоўваў, якраз былі цытатамі з аднаго з матэрыялаў «Саўбелкі».

«Выступ яго прайшоў без вялікага поспеху», — згадваюць сведкі. «Плюс яму давялі, што не окей спасылацца на рэферэндум, які быў нелегітымным».

Сярод куміраў — Сталін, сярод метадаў — завышэнне паказчыкаў

У свеце Клішэвіча Сталін — найбольш выбітная і сімпатычная асоба, дзякуючы якой з’явілася першая беларуская дзяржава. Але многія яго ўступленне ў Камуністычную партыю звязваюць не з адданасцю яе ідэалам, а з тым, што гэта быў адзін з лагічных для яго і досыць простых шляхоў далейшага прасоўвання па кар’ернай лесвіцы — у прыватнасці, у Палату прадстаўнікоў, куды ён вылучаўся ў тым ліку ад самой партыі. У сваёй Кастрычніцкай акрузе № 97 Мінска яго, дарэчы ў свой час, паставілі супернікам Ганны Канапацкай.

«Клішэвіч не раз прызнаваўся, што робіць многія рэчы дзеля выгады», — каментуюць знаёмыя.

План спрацаваў, як швейцарскі гадзіннік, і з пазіцыі сакратара БДУшнага БРСМ Клішэвіч хутка даслужыўся да першага сакратара Мінскага гаркама. Цёплае месца не засталося зусім без прыгляду нават пасля яго сыходу: першай сакратаркай Мінскага абласнога камітэта БРСМ цяпер працуе жонка Клішэвіча Таццяна.

Пара выхоўвае дваіх дзяцей — дачку і сына, і транслюе вобраз ідэалагічна правільнай сям’і. Вось яны разам ускладаюць кветкі да помніка, вось Сяргей расказвае супрацоўнікам чарговага дзяржпрадпрыемства, што «моцны лідар — гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы» да 30-годдзя кіравання краінай Лукашэнкам, вось Таццяна карануе свой чарговы пост у інстаграме цытатай таго ж дыктатара: «У вас няма права на памылку. Вы маеце права толькі на адданасць сваёй краіне і нашаму народу. Ваша місія — служэнне ў імя будучыні Беларусі».

Сяргей з жонкай Таццянай.

Але гэтая ідэальнасць не мэтчыцца з некаторымі фактамі, якімі з намі падзяліліся экс-калегі дэпутата.

«Сяргей заўсёды ўмеў справаздачыцца, але ўсе лічбы ў яго былі завышаныя. Напрыклад, быў [у БДУ] план па падпісцы на газеты «Знамя юності» і «Советская Белоруссія». Натуральна, ніхто не падпісваўся, але справаздачы ён, па-мойму, нават падрабляў у фоташопе, выпраўляў лічбы на патрэбныя. Прычым у розныя інстанцыі, горад і ўніверсітэт, ён мог падаваць розныя лічбы.

Таксама колькасць членаў БРСМ на паперы ў яго было завышаная. Напрыклад, за кошт таго, што ён своечасова не перадаваў карткі, і людзі лічыліся членамі арганізацыі, хоць ужо былі выпускнікамі ўніверсітэта. А першакурснікаў ён ставіў на ўлік зусім без картак, што таксама стварала праблемы».

Даносы на апанентаў

Змаганне з апазіцыяй у Клішэвіча пачыналася з даносаў на аднакурснікаў з іншымі палітычнымі поглядамі: яшчэ сам Эдуард Пальчыс пісаў, што «Сяргей ездзіў на апазіцыйныя мітынгі выглядаць сваіх таварышаў па навучанні», а пасля Плошчы-2010 разведваў, ці ўдзельнічаў хто там. А на пасадзе старшыні БРСМ старанна маніторыў сацыяльна-палітычную актыўнасць у групах на сваім факультэце. 

Набраўшы крыху публічнай вагі, ён пайшоў і ў фізічнае супрацьстаянне. Так, у 2016 годзе на цырымоніі адкрыцці помніка Леніну каля МТЗ ён накінуўся на Змітра Дашкевіча за тое, што той прыйшоў туды з плакатам з цытатай Леніна: «Чем большее число представителей духовенства удастся нам расстрелять, тем лучше» і крычаў «Ганьба!».

Клішэвіч кінуўся ў атаку са словамі «Ленін, партыя, камсамол». Разам з парай чалавек яны пачалі штурхаць Дашкевіча. Але ў выніку менавіта апошняму быў прысуджаны штраф за «непадпарадкаванне міліцыі» і «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

Адданасць Клішэвіча ацэняць — праз год ён стане першым сакратаром Мінскага гаркама БРСМ. Паралельна ён курыраваў стварэнне Лігі камуністычнай моладзі — спецыяльнага аддзялення Камуністычнай партыі.

Пры гэтым, акурат на перыяд працы Клішэвіча ў БРСМ выпала жаданне ўлад адхапіць свой кавалак ад папулярнасці вышыванак. «Арт-сядзіба» з 2014 года ладзіла дні вышыванак, а ў 2016-м прачнулася і дзяржава — тады БРСМ і Міністэрства культуры арганізавалі першы дзяржаўны дзень вышыванкі, а па факце — сплагіяцілі ідэю ў Паўла Белавуса, пры гэтым адмовіўшы ў супрацы, калі тыя прапанавалі дапамогу ў арганізацыі гарадскога свята.

Клішэвіч тады сам актыўна насіў цішоткі з арнаментамі.

Праявы любові да нацыянальных сімвалаў хаця б на такім узроўні хапіла роўна да 2020 года — пасля для ўлад сталі небяспечнымі і ўладальнікі крам з тымі з вышымайкамі, і многія прабеларускія арганізацыі, якія ці ліквідавалі, ці пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі. Што ўжо і казаць, калі нават верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі?» зрабіўся экстрэмісцкім матэрыялам.

З новым паваротам гісторыі Клішэвіч, як і ўся прапаганда, усё часцей у сваіх інтэрв’ю разважаць пра тое, што беларуская мова — гэта «зброя, якая можа прывесці да такіх жа дрэнных наступстваў, як ва Украіне», «палітычны інструмент, пры дапамозе якога з-за мяжы спрабуюць разбурыць грамадскае адзінства».

Азаронак: «У нас моўнае пытанне вырашана ідэальна: у нас дзве родныя мовы — руская і беларуская, якія мы аднолькава любім і паважаем»

Моладзі — вайскова-патрыятычныя клубы, айцішнікам — рыдлёўкі

Яго паход на парламент быў лагічным працягам шляху дзяржаўнага функцыянерства. Ён быў у авангардзе групоўкі дэпутатаў, якія «амаладзілі» Палату прадстаўнікоў сёмага склікання. Нягледзячы на тое, што Клішэвіч стаў тады адным з самых маладых дэпутатаў, а да гэтага працаваў у саюзе моладзі, нельга сказаць, што ўсе яго ідэі і выказванні транслявалі б маладосць душы ці прагрэсіўнасць думак.

Так, галоўная роля жанчыны для яго ўсё яшчэ зводзіцца да мацярынства і захавання хатняга агмяня. Блогеры ж — сумнеўныя персанажы, якія думаюць выключна пра грошы, бо неяк не захацелі бясплатна размяшчаць у сябе сацыяльную рэкламу БРСМ. Клішэвіч лічыць, што задача адукацыі — выхаваць не проста спецыяліста, а «патрыёта», гэта значыць, чалавека, лаяльнага рэжыму.

Ён прапаноўваў вазіць у Хатынь айцішнікаў з рыдлёўкамі, каб яны прасякнуліся духоўнымі пытаннямі, а не толькі камп’ютарамі.

«Сучаснай моладзі, што не мае досведу жыцця ва ўмовах крызісу і вайны, цяжка ўсведамляць рэальную цану магчымасцяў, якія яны атрымліваюць ад дзяржавы», — разважае Клішэвіч. Таму

амаль усе свае выступы перад моладдзю ва ўніверсітэтах і ў працоўных калектывах ён без стомы прысвячае данясенню таго, што без дзяржавы, найперш у асобе «мудрага нацыянальнага лідара Лукашэнкі», у беларусаў нічога не было б.

«Сёння Рэспубліка Беларусь — паспяховая дзяржава, якую шануюць, а некаторыя баяцца. Чалавека, які змог зрабіць гэта са «скрываўленага абцінка імперыі» мы выдатна ведаем — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка», — паўтарае ён. — Нашай краіне адной з нешматлікіх на планеце атрымалася на практыцы ўвасобіць у жыццё ідэі сацыяльнай справядлівасці. Дзякуючы такой палітыцы, кожны жыхар краіны забяспечаны «вудай», а вось поспех «вуджэння» залежыць выключна ад нас саміх».

Нават у законатворчасці ні Клішэвіч, ні іншыя дэпутаты не выжылі б без Лукашэнкі, бо, на думку камуніста:

«У Канстытуцыі 1994 года была закладзеная навязаная заганная заходняя мадэль так званых «стрымак і проціваг», што супярэчыць нашаму менталітэту». І толькі «дзякуючы мудрасці маладога прэзідэнта» мы змаглі ўсё гэта разруліць і перапісаць «ідэальную» Канстытуцыю пад сябе.

«Калі ўлада зменіцца, Сяргей будзе першым, хто панясе бел-чырвона-белы сцяг»

Відавочна, што з такой ідэалагічнай факусіроўкай ён не мог інакш адрэагаваць ні на каранавірус (галоўнай сацыяльнай падтрымкай падчас пандэміі ён называў магчымасць працягваць працаваць), ні на выбарчыя падзеі ў 2020 годзе. Для яго ўсе падзеі, што тады адбыліся, былі спланаваныя загадзя, аплачаныя: падчас пратэстаў «раздаваліся дробныя грошы, а таксама спіртное і наркотыкі».

Клішэвіч і Лідзія Ярмошына

Яго жаданне выслужыцца прыводзіла і да канфузаў: так, многія запомнілі, як на пікеце ў падтрымку Лукашэнкі актывісты БРСМ разам з Клішэвічам памылкова накінуліся на кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орду, не пазнаўшы вышэйшага начальства.

У 2020-м Клішэвіч, па інфармацыі «Белпол», праходзіў пацярпелым па палітычнай справе. Праўда, яна ў выніку была прыпыненая, бо асоба, у дачыненні да якой можна было б весці крымінальны працэс, выяўленая не была. Справа палягала на тым, што 29 жніўня на тэлефон дэпутата адправілі смс-ку нібыта з пагрозай ужывання гвалту ў дачыненні да яго і членаў яго сям’і. Усё гэта было з мэтай прымусіць дэпутата «змяніць характар яго дзейнасці».

Такі агрэсіўны выпад у яго бок быў не адзіным наступствам яго сляпой веры ўладзе. З 2020 года многія людзі, якія працавалі з ім у тым жа БДУ, перасталі з ім мець зносіны.

Характар змяніўся, але ў разрэзе агульнага парадку дня, у якім ухваляецца максімальная радыкалізацыя ў адносінах да апанентаў (так, Клішэвіч не хавае, напрыклад, што даносіў на вядучага Дзяніса Дудзінскага з нагоды яго паста да святкавання 7 лістапада) і ва ўхваленні Лукашэнкі. Зрэшты, усе былыя калегі Клішэвіча адзначаюць, што тое самае рабілася б ім дзеля любога, хто называе сябе прэзідэнтам:

«Аднаго разу была публічная перапіска, дзе ён пісаў, што, калі давядзецца будаваць кар'еру і служыць, умоўна кажучы, бчбшнікам, ён і ім будзе служыць. Гэта чалавек, які разумее, што трэба рабіць у межах сістэмы. Мы жартуем, што, калі ўлада зменіцца, Сяргей будзе першым, хто панясе бел-чырвона-белы сцяг».

Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста

Камуніст, даносчык са стажам, пакрыўджаны на БТ — што за блогер Жан Содзель, які набраў папулярнасці на плётках пра рускі шоубізнэс

Як прапагандыст Ігар Тур стаў любімчыкам Лукашэнкі і колькі зарабіў у 2020-м

Фаварытка Лукашэнкі і Чыжа — што прынесла гімнастцы Ксеніі Санковіч блізкасць з палітычнымі элітамі?

Nashaniva.com