Рэвалюцыя ў тэхналогіі «захоп руху» хутка зменіць свет гульняў, фітнесу і медыцыны

Для аналізу вашых рухаў цяпер дастаткова адной праграмы, убудаванай у ваш гаджэт. Звычайны смартфон заменіць дарагія сістэмы.

17.10.2024 / 09:26

Праграму MobilePoser захоплівае і апрацоўвае з дапамогай штучнага інтэлекту рухі ў рэжыме рэальнага часу. Скрын відэа: Spice_Lab / YouTUbe

Многія аматары кіно знаёмыя з тэхнікай захопу руху, пры якой на акцёра апранаюць аблягаючы касцюм з датчыкамі. Камп'ютар фіксуе дадзеныя, а затым адлюстроўвае рухі і выразы твару. Гэта лічыцца «залатым стандартам» захопу руху, але такое абсталяванне каштуе больш за 100 тысяч долараў.

Інжынеры з Паўночна-Заходняга ўніверсітэта ЗША імкнуліся распрацаваць даступную версію, якую мог бы выкарыстаць практычна любы чалавек. У выніку яны стварылі праграму MobilePoser, якая захоплівае і апрацоўвае з дапамогай штучнага інтэлекту рухі ў рэжыме рэальнага часу, выкарыстоўваючы інфармацыю ад датчыкаў, якія ўжо ёсць на такіх прыладах, як смартфон, смарт-гадзіннік ці бесправадныя навушнікі. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце Універсітэта.

Як тлумачаць вучоныя, у смартфонах і іншых гаджэтах ёсць інэрцыяльныя вымяральныя блокі (IMU), якія ўключаюць акселерометры, гіраскопы і магнітаметры для вымярэння руху і арыентацыі цела. Але іх дакладнасць недастатковая для выкарыстання ў захопе руху.

Для павышэння эфектыўнасці датчыкаў каманда распрацавала шматступенчаты алгарытм штучнага інтэлекту, навучаны на вялікім наборы сінтэзаваных вымярэнняў IMU, згенераваных з дадзеных высокадакладнага захопу руху. MobilePoser атрымлівае ад датчыкаў у гаджэтах інфармацыю аб паскарэнні і арыентацыі цела.

Пасля апрацоўкі гэтых дадзеных праз алгарытм штучнага інтэлекту праграма вызначае пазіцыі і вярчэнне суставаў, хуткасць і напрамак хадзьбы, а таксама кантакт ног з паверхняй.

Фізічны аптымізатар, навучаны на аснове фізікі руху, дапамагае ўдакладніць прагназуемыя рухі, каб гарантаваць, што яны адпавядаюць рэальным. Напрыклад, ён улічвае, што суставы не могуць выгінацца назад, а галава не можа паварочвацца на 360 градусаў.

Сістэма мае памылку адсочвання ўсяго 8—10 сантыметраў. Для параўнання, Microsoft Kinect, якая выкарыстоўвае стацыянарную камеру, мае памылку 4—5 сантыметраў, але карыстальнік павінен знаходзіцца ў полі яе бачання. MobilePoser дае свабоду перамяшчэння.

Аўтары адзначаюць, што дакладнасць MobilePoser павышаецца, калі карыстальнік носіць больш чым адну прыладу, напрыклад, смарт-гадзіннік на запясці і смартфон у кішэні. Але галоўная перавага сістэмы ў яе адаптыўнасці. Нават калі ў вас у нейкі дзень не будзе гадзінніка, а застанецца толькі тэлефон, сістэма зможа падстроіцца і вызначыць становішча ўсяго вашага цела.

Распрацоўшчыкі ўпэўненыя, што MobilePoser пашырыць магчымасці для адсочвання рухаў у камп'ютарных гульнях, віртуальнай рэальнасці і дадатках для здароўя і фітнесу.

Яна можа не проста лічыць крокі, але і адсочваць позы цела падчас выканання практыкаванняў, што дазваляе карыстальнікам сачыць за правільнасцю іх выканання. Дактарам яна дасць магчымасць аналізаваць мабільнасць, узровень актыўнасці і хаду пацыентаў.

Аўтары абяцаюць, што іх праграма ў форме мабільнага дадатку хутка будзе даступна для iPhone, AirPods і Apple Watch.

Apple прэзентавала лінію новых айфонаў са штучным інтэлектам

Вучоныя абяцаюць, што неўзабаве поначы будзе бачыць кожны чалавек

Вучоныя стварылі для людзей рабатызаваны шосты палец

Nashaniva.com