Лонданскі юрыст напісаў кнігу пра сваё дзяцінства і маладосць у Мінску

Чаму Вал Клемэнт назваў сваю кнігу «Круглая Square» і чым яна адрозніваецца ад іншых успамінаў, расказвае Зося Лугавая.

14.10.2024 / 20:24

Вал Клемэнт — гэта, вядома, псеўданім. Але сваё сапраўднае імя аўтар не хавае: на вокладцы пра яго ёсць кароткая даведка і нават фота. Такім чынам, Вал Клемэнт — гэта Васіль Еўдакімаў, беларус па паходжанні, лонданец па месцы пражывання.

Галоўнага героя кнігі клічуць не Васіль і не Вал, але ягоны лёс дужа падобны да лёсу самога аўтара, супадае нават год нараджэння: 1957. Таму справядлівым будзе лічыць кнігу калі не аўтабіяграфіяй, то аўтабіяграфічным фікшнам. Пагатоў, гэта вынесена ў падзагаловак: жыццяпіс чалавека і імперыі.

Галоўны герой кнігі — флегматычны і самадастатковы Геня (Яўген) Руд, сын універсітэцкіх выкладчыкаў. Спачатку ён вучыцца ў вядомай мінскай школе нумар 50 — цяпер гэта прэстыжная фізіка-матэматычная гімназія, тая самая, педагогі якой у 2020-м не прамаўчалі. Потым пачынае сур’ёзна займацца плаваннем і пераходзіць у спартовую школу, але пасля некалькіх год пакутаў вяртаецца ў родную 50-ю. Далей рушыць па слядах бацькі і паступае на юрыдычны факультэт. Пасля — размеркаванне ў пракуратуру, першы шлюб з дачкой прадстаўніка наменклатуры БССР, праца ва ўніверсітэце, развод, аспірантура і — праз збег амаль дзівосных абставін — прапанова працы ад брытанскай юрыдычнай кампаніі напярэдадні распаду савецкай імперыі.

Уся гэтая кніга — шлях героя ад Круглай плошчы ў Мінску да Трафальгарскай плошчы ў Лондане. То-бок назва кнігі — не проста гульня словаў ці іронія ў бок вядомай мінскай лакацыі. Пры канцы кнігі герой вельмі дакладна сфармулюе тое, чым для яго ёсць Круглая Square.

«Мая эмацыйная жыццёвая прастора… — паміж Круглай плошчай і Трафальгар Square. Менавіта там жывуць мае думкі, мае памкненні і мае перажыванні. Гэта і ёсць маёй адзінаю сапраўднаю радзімаю, маім адзіным родным домам. Калі мяне запытаць «адкуль ты, Геня?», то я магу шчыра адказаць, што я з Круглай Square…. Гэта не толькі мой дом, гэта вынік майго жыццёвага шляху, гэта стан майго светапогляду і эклектыка майго існавання».

Незвычайны жыццёвы шлях аўтара робіць гэтую кнігу ўнікальнай для сучаснай беларускай літаратуры. Праўда, пачынаецца яна як яшчэ адна гісторыя сталення ў савецкія часы. І тут дарэчы будзе прыгадаць нядаўні шэдэўр Сяргея Дубаўца — «Занзібар». Аўтары не толькі блізкія ўзростам, але і прабавілі сваё дзяцінства ў адным пункце горада-героя — на той самай Круглай плошчы. 

«Генева савецкае дзяцінства было шчаслівым дзякуючы ці то Хрушчову, ці то Брэжневу, ці то наменклатурнаму становішчу таты. У сувязі з нараджэннем другога дзіцяці і пашырэннем сям’і бацькам выдзелілі асобную кватэру ў сталінскім доме ў самым цэнтры Мінска, каля Круглае плошчы…»

Прыкладна так яно было і ў сям’і Дубаўцоў. Але пасля дужа падобнага дзяцінства шляхі маладых людзей пачынаюць моцна адрознівацца, як і ўспаміны пра іх. Рэфлексіі Вала Клемэнта становяцца з’едліва-іранічнымі, у той час як Дубавец хіліцца ў метафізічны бок з нацыяналістычным флёрам. 

Варта сказаць і пра шлях да беларускай мовы, якую, у адрозненне ад Дубаўца, герой Вала Клемэнта пачне вучыць толькі апынуўшыся настала ў Лондане, то-бок у 33 гады. 

Адметная рыса кнігі Вала Клемэнта — выразная іранічнасць і стылістычная мудрагелістасць.

«Атрымаўшы свае дыпломы, бацькі ўладкаваліся на працу і стварылі ўзорную савецкую сям’ю з абавязковымі дваімі разнаполымі дзецьмі. У той час сямейнае жыццё савецкіх людзей было строга арганізаванае, і кожная спелая ячэйка грамадства, прынамсі ў БССР, мусіла мець дваіх дзяцей — дзяўчынку і хлопчыка. Адно дзіця ці трое былі даволі рэдкім выключэннем, а болей за траіх дазвалялася мець толькі алкаголікам. Усю цяжкую працу ў хаце выконвалі жанчыны, а мужчынаў у дамах трымалі ў асноўным дзеля прыгажосці». 

Кніга поўная атмасферных дэталяў савецкага жыцця. Напрыклад, шклянка з вадой для лыжачкі, якой пакупнікі кафетэрыя насыпаюць у таматны сок соль. Прадавачка мяняла ваду ў ёй толькі тады, калі тая станавілася выразна чырвонай — «змяняла свой колер са светла-цаглянага на густа-камуністычны». Альбо народная назва вуліцы Даўгабродскай, частку якой перайменавалі ў вуліцу Казлова: «з таго часу кожны прыстойны мянчук называе яе не іначай як вуліцай Казлабродскай». Вялікая колькасць такіх дэталяў робіць кнігу каталізатарам успамінаў пра савецкі Мінск, уласных альбо сямейных. Мне, напрыклад, адразу карцела абмеркаваць гэта ўсё з маці, якая гадавалася ў Мінску і толькі крыху маладзейшая за аўтара.

Гісторыі сталення зазвычай ідуць поруч з гісторыямі сяброўства, і гэтая кніга не выключэнне. Сяброўскае кола галоўнага героя змяняецца некалькі разоў за жыццё: на змену пярэстай кампаніі школьных і дваравых таварышаў прыходзяць студэнцкія. І гэтае сяброўства трывае досыць доўга, да самага ад’езду Гені ў Лондан у 1990 годзе, і нават пэўны час пасля таго. Усё гэта даволі рафінаваная моладзь: дзеці бацькоў, якія здолелі някепска ўладкавацца ў савецкім грамадстве. Толькі адзін з іх, Валодзя, быў самародкам з беларускай глыбінкі. Ён моцна адрозніваецца ад сяброў: у ім менш цынічнай іроніі і больш жыццёвай, амаль жывёльнай, прагі будаваць кар’еру і ўладкоўваць свой лёс.

Пасля таго, як герой упершыню прыязджае ў Лондан, кніга чытаецца захапляльна. 

Цікава назіраць, як «сацыяльна нязграбны» малады чалавек савецкай вытворчасці пакрысе губляе сваю сацыялістычную цнатлівасць і надзіва хутка прызвычайваецца да найлепшых дасягненняў капіталістычнага грамадства. І, вядома, немагчыма не хвалявацца за героя: ці адпусціць яго суворая радзіма, ці не прымусіць застацца падчас кароткага вяртання? Вяртанняў, дарэчы, будзе некалькі. То-бок Геня не разарве ўсе сувязі з роднымі мясцінамі адным махам. Да таго ж і сам Лондан пачатку 90-х — цікавы аб’ект для назіранняў і ў пэўным сэнсе экзотыка для нас цяперашніх:

«Ягоная «новая радзіма» здзіўляла і зачароўвала, але трэба ўлічваць, што Геню пашчасціла трапіць туды ў даволі цікавы для чужынца час. Краінаю кіраваў, бадай, апошні сапраўдны мужчына ў сучаснай брытанскай палітыцы — Маргарэт Тэтчэр, у эканоміцы панаваў класічны капіталістычны лад…. Старая добрая Англія яшчэ адчувалася ў манерах паводзінаў, у арганізаваных чэргах на аўтобусных прыпынках, у джэнтльменах з гальштукамі-матылькамі і капелюшамі-кацялкамі ў лонданскім Сіці, у дазволе курэння на другім паверсе аўтобусаў і ў адмысловых вагонах цягнікоў, а таксама ў забароне продажу алкаголю ў нядзелі». 

Праз усю кнігу тут і там сустракаюцца развагі пра савецкую імперыю: вуснамі галоўнага героя, ягоных сяброў, ягонага навуковага кіраўніка ва ўніверсітэце. 

Аўтар, напэўна, прадчуваў пытанні пра тое, чаму ў ягонай кнізе няма згадак пра абвяшчэнне незалежнасці і пра кароткі перыяд адраджэння. Прадчуваў, і таму сам задаў іх Геню вуснамі іншага персанажа. 

Кніга ў Вала Клемэнта атрымалася грунтоўная. Фактычна ў ёй каля 370 старонак, але іх магло быць значна больш, бо шрыфт дробненькі, а палі вузкія. Гэта мог быць паўнавартасны том на старонак 500, што нетыпова для сучаснай беларускай літаратуры. Нашых аўтараў звычайна крытыкуюць за празмерную лаканічнасць і не да канца раскрытую на 150-200 старонках тэму. «Круглая Square» дакладна не з такіх кніг. Чытаць яе давядзецца доўга, і гэта можа быць як мінусам, так і плюсам. Калі вы любіце тоўстыя тамы, то гэта акурат тая кніга, пад няспешнае чытанне якой можна пражыць некалькі тыдняў, а то і месяц.

 Вал Клемэнт. Круглая Square. Кракаў: Gutenberg, 2023

Скандальная беларуская аўтарка напісала кнігу, у якую можна на некалькі дзён схавацца ад рэчаіснасці

Культавы філосаф Валянцін Акудовіч выдаў смелую кнігу

Гузы, хмеры і брудныя хмеры: кніга пра беларускіх дыназаўраў

Марыя Вайцяшонак з-за хваробы вачэй больш не можа пісаць і чытаць. Але выдала кнігу, якую запісала яе сяброўка

Nashaniva.com