Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы

Партыі, якія займаюць двухсэнсоўную пазіцыю адносна Расіі і рэжыму Лукашэнкі, не адолелі мінімальнага бар'ера.

14.10.2024 / 13:07

Кіраўніца сацыял-дэмакратаў Вілія Блінкявічуце. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Ніводная з партый, якая двухсэнсоўна ставіцца да Расіі, не прайшла ў Сейм Літвы.

Да такіх можна аднесці Літоўскую народную партыю экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдуардаса Вайткуса і Кааліцыю міру, якая ўзнікла на аснове Партыі працы, на чале якой стаіць мільянер Віктар Успаскіх. Абедзве яны набралі ўсяго па 2% галасоў.

Прахадны бар'ер у Літве складае 5% для партый і 7% для кааліцый.

Не прайшла ў парламент і Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сямей (LLRA-KŠS). Гэтая палітычная сіла пазіцыянавала сябе гэтым разам як «спіс нацыянальных меншасцей» і была адзінай, якая выкарыстоўвала ў перадвыбарчай агітацыі ў тым ліку расейскую мову.

Але гэта не дапамагло ёй заваяваць галасы ў вялікіх гарадах, дзе сканцэнтраванае расейскамоўнае насельніцтва. За LLRA-KŠS галасавалі па-ранейшаму толькі ў бастыёне польскасці — на ўсё яшчэ часткова беларускамоўнай Віленшчыне. Кандыдаты ад польскага блока перамаглі ў першым туры ў акругах у Немянчыне і Салечніках.

Цікава, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, калі кандыдата ад Акцыі палякаў не было, там перамог Эдуардас Вайткус, які мае рэпутацыю самага прарасійскага палітыка.

Эдуардас Вайткус узначальвае Літоўскую народную партыю. Фота Lrt.lt

Крытыка Еўрасаюза і заклік сябраваць з Расіяй, Беларуссю і Кітаем — вось былі асноўныя пасланні, з якімі ішоў на тыя выбары 67-гадовы прафесар-гематолаг Вайткус.

Ён быў адзіны з васьмі кандыдатаў з такімі поглядамі. «Крамлёўскія куранты» — сказаў пра такую платформу прэзідэнт Наўседа. 

Вынік Вайткуса нельга было лічыць вялікім поспехам, але ён набраў 7,3% галасоў і заняў пятае месца. 

Кепскі вынік «двухсэнсоўных партый» тлумачыцца тым, што галасы пратэставага, патэнцыйна іхнага электарату гэтым разам перацягнула «Зара над Нёманам» Рэмігіюса Жамайтайціса, якую часта характарызуюць як папулісцкую. 

Першы тур выбараў у Літве прайшоў 13 кастрычніка. З нязначным адрывам у ім перамагла левацэнтрысцкая Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), другое месца заняў кіроўны правацэнтрысцкі Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты (TS-LKD).

ЛСДП набрала 19% галасоў, Саюз Айчыны — 18%.

У Сейм таксама прайшлі цэнтрысты з Саюза дэмакратаў «У імя Літвы» (9%) і Рух лібералаў (8%). З цяжкасцю пераадолеў 7-працэнтны бар’ер Саюз сялян і зялёных.

ЛСДП атрымлівае пакуль 20 мандатаў, TS-LKD — 18, «Зара над Нёманам» — 15, «У імя Літвы» — 8, Ліберальны рух — 8, а «Сяляне і Зялёныя» — 6 мандатаў.

Канчаткова расклад сілаў стане ясны пасля другога тура выбараў у аднамандатных акругах, які адбудзецца 27 кастрычніка. У першым туры вызначыліся пераможцы толькі ў 8 з 71 акруг.

За мандат 141 члена Сейма змагаліся 14 партый і адна кааліцыя. 71 член Сейма абіраецца па аднамандатных акругах. Калі ніводзін з кандыдатаў не набірае пятай часткі галасоў усіх выбаршчыкаў аднамандатнай акругі, у ёй адбываецца другі тур. 

Сярод адназначных пераможцаў першага тура — прэм'ерка дзейнага ўрада Інгрыда Шыманіце, што пераабралася на Антокалі ў Вільні, а таксама спікерка Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн ад акругі, што ахоплівае Стары горад Вільні і Звярынец. Абедзве вядомыя як шчырыя прыхільніцы беларуска-літоўскай салідарнасці і катэгарычныя праціўніцы рэжыму Лукашэнкі.

Вядомы сваёй катэгарычнай пазіцыяй кансерватар, міністр абароны Лаўрынас Кашчунас выйшаў на першым месцы ў другі тур у віленскай акрузе Ляшчыннікі (Лаздзінай), дзе яму супрацьстаіць экс-прэм'ер Саўлюс Сквярняліс з Саюза дэмакратаў «Дзеля Літвы».

У аднамандатных акругах кансерватары ідуць на першым месцы ва ўсіх сталічных акругах, акрамя дзвюх. Найменш галасоў яны сабралі ў найбяднейшых Наўінінках. Каралінішкі сталі адзінай акругай, дзе ў другі тур, праўда, з другога месца, выйшаў у тым ліку кандыдат ад ультранацыяналістычнага Нацыянальнага аб'яднання Вітаўтас Сініца. 

Палітолагі чакаюць, што пасля другога тура кіраўнічую большасць утвораць ЛСДП і «Дзеля Літвы».

«Мы дамовіліся разам з партыяй «Дзеля Літвы», якая вельмі паспяхова выступіла на выбарах, стварыць кіруючую большасць — працаваць разам, каб у нас былі добрыя вынікі», — заявіла журналістам Вілія Блінкявічуце пасля размовы з Саўлюсам Сквярнялісам.

Аднак гэтыя партыі не мецьмуць дастаткова галасоў для таго, каб утварыць двухпартыйную кааліцыю. Урад будзе трох-, а магчыма і чатырохпартыйны. Шанцы ўвайсці ў яго маюць таксама цэнтрысцкі Саюз лібералаў і левы Саюз зялёных і сялян.

«Не павінна быць так, што ў адзін дзень мы запрашаем, а ў другі — дэпартуем» — былы прэм'ер аб праблеме беларусаў у Літве

Як можа змяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы

Выбары ў Літве: сацыял-дэмакраты — першыя, кансерватары — другія, але адрыў мінімальны

Nashaniva.com