«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася некалькі гадзін». У 38-гадовай беларускі здарыўся інфаркт

Маладая жанчына адпачывала ў кафэ ў цэнтры Вільні разам з сяброўкай. Раптам яна пачала адчуваць сябе не вельмі добра, але не крытычна. Дзякуючы таму, што сяброўка ўсё ж выклікала хуткую, медыкі паспелі выратаваць беларуску.

13.10.2024 / 13:21

Тут і далей фота гераіні тэксту

Распавядаючы пра той дзень «Нашай Ніве», жанчына кажа, што ў яе ніколі не было праблем з сэрцам — і ў блізкіх сваякоў таксама.

— Дзень праходзіў звычайна да 17:30, калі я адчула боль у грудзях. Адчувалася, быццам нехта ціснуў на мяне. Але тым не менш боль быў цярпімы, напрыклад, мая менструацыя нашмат больш балючая. Таму першая рэакцыя была — трэба папіць вады, выйсці на свежае паветра ці, можа, крыху паляжаць.

Тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу жанчына нагоды не бачыла. Тое, што сяброўка не паслухала і ўсё ж патэлефанавала медыкам, у выніку выратавала жыццё. Пачуўшы сімптомы, дыспетчар адправіў машыну рэанімацыі.

Нягледзячы на вечаровыя заторы ў горадзе, хуткая прыехала ўжо праз 15 хвілін.

— Аказваецца, што жанчыны радзей распазнаюць сімптомы сардэчнага прыступу, трываюць і пазней звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Гэта мне дактары расказалі ўжо па дарозе ў шпіталь і запэўнівалі мяне, што я ўсё правільна зрабіла. Увогуле, брыгада хуткай была вельмі добразычлівай і прафесійнай, медыкі размаўлялі на трох мовах, са мной камунікавалі на рускай і англійскай, і намагаліся маральна падтрымаць.

Медыкі зрабілі кардыяграму, паставілі кропельніцу, паслухалі і павезлі ў бальніцу.

— На гэты момант я адчувала сябе ўжо неяк зусім сорамна, бо боль пайшоў на ніз, і я вельмі нервавалася, што задарма ганяла хуткую, напэўна ж, іншым людзям яна была б больш карысная (сіндром добрай дзяўчынкі ледзьве не каштаваў мне жыцця).

У бальніцы беларусцы прыйшлося падпісаць адразу некалькі папер, у тым ліку згоду на атрыманне платных паслуг, бо яна не з'яўляецца рэзідэнткай Літвы.

— Пыталіся ўсе пра нейкую еўрапейскую страхоўку, не ведаю дакладна, што гэта, але раю ўсім зрабіць. Бо ўвесь персанал бедаваў, што яе не маю, а гэта самы просты варыянт, і мне б плаціць нічога не прыйшлося.

Высветлілася, што ў жанчыны здарыўся вельмі рэдкі тып інфаркту, які нельга прадказаць або прадухіліць. Ён таксама не карэлюе з ніякімі фактарамі рызыкі і вельмі цяжкі для дыягностыкі, здараецца толькі ў 1-3% выпадкаў. У зоне рызыкі жанчыны ва ўзросце 40-50 гадоў. 

— Доктар сказаў, што яны такое сустракаюць не кожны год і нават вырашылі пра мой выпадак апублікаваць медыцынскі артыкул. Мне вельмі пашанцавала, што мяне завезлі ў шпіталь, бо ўсе сімптомы былі даволі слабыя і ніякім чынам не паказвалі на інфаркт ці ўнутранае кровазліццё. Тэарэтычна ў любы момант мяне маглі выпісаць дадому. ЭКГ паказала мінімальны нейкі збой, але толькі калі рабілі дактары на хуткай — а ў шпіталі ўжо было ўсё больш-менш добра.

Пасля дыскусіі, дактары ўсё ж вырашылі зрабіць зонд сэрца, каб пацвердзіць, што гэта быў спазм, і адпусціць. І гэтае было рашэнне, якое выратавала жыццё, бо падчас маніпуляцыі пабачылі разрыў артэрыі і ўнутранае кровазліццё.

— Па словах дактароў, мне заставалася 1-2 гадзіны да вельмі сумнага канца маёй гісторыі. Мой анёл-ратавальнік адпрацаваў на ўсе 100%, як і ўвесь медыцынскі персанал. Мне паставілі стэнт, адправілі ў рэанімацыю пад назіранне, праз дзень перавялі ў палату. Напэўна, я яшчэ тут пабуду, можа, тыдзень для кантрольнай праверкі. І потым яны параяць мне рэабілітацыю ў адным з санаторыяў. Калі мая страхавая пагодзіцца, я спадзяюся правесці 3-4 тыдні ў Друскінінкаі.

Беларуска падкрэслівае, што ўвесь медыцынскі персанал паводзіў сябе прафесійна і яна адчувала сябе ў бяспецы.

— Канешне, камунікацыя і так званы bedside manner у прыёмным пакоі нагадваў беларускі дзяржаўны сэрвіс. Але ўсе дактары мелі добрую англійскую ці рускую для камунікацыі. Канешне, былі пытанні праз аплату і страхоўку, і яны чамусьці вырашаліся ў моманты, калі я толькі апрытомнела ў рэанімацыі, гэта, напэўна, быў адзіны момант, які крыху сапсаваў агульнае ўражанне. Але я магу дакладна сказаць — я вельмі шчаслівая, што аказалася ў Вільні ў камандзіроўцы ў такі момант. Я лічу гэта маім вялікім поспехам.

Беларуска раіць усім на ўсялякі выпадак пачытаць пра сімптомы сардэчных прыступаў, а таксама звярнуць увагу на тое, што ў мужчын і жанчын яны адрозніваюцца. Бо мінімальная дасведчанасць можа выратаваць жыццё вам ці вашым блізкім.

— Не ігнаруйце боль, не церпіце (як гэта спрабавала зрабіць я). Напэўна, самая важная парада — камунікаваць і расказваць пра свае сімптомы. Напрыклад, я хоць і саромелася, што недастаткова пакутую, але прагаворвала ўсе змяненні, якія адчувала: боль на 8 з 10, цяпер боль ператварыўся ў хвалі ад 0 да 5, цяпер боль перайшоў уніз і ў спіну (апошні мой каментар, дарэчы, дапамог доктарцы прыярытэзаваць маю жыццёвыратавальную працэдуру). Не маўчыце, дактары не ўмеюць чытаць думкі.

У Рэчыцы жанчына выпала з 8 паверха на вачах мужа — у таго здарыўся інфаркт. Абоіх выратаваць не ўдалося

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перанёс інфаркт

Дацкі фармгігант захоплівае свет лекамі ад атлусцення, але эканоміка Даніі пад пагрозай. Як так?

Ці карысныя для сэрца моцная кава і гарбата

Ганна Стафановіч