Праваслаўны Z-прапагандыст заклікаў квадробераў выратаваць Расію

Вось якім чынам.

13.10.2024 / 21:51

Расійскія Z-прапагандысты Сяргей Міхееў (злева) і Раман Галаванаў (справа) абмяркоўваюць квадробераў на праваслаўным тэлеканале «Спас»

У эфіры расійскага праваслаўнага тэлеканала «Спас» расійскі Z-прапагандыст Сяргей Міхееў, часты госць праграм Уладзіміра Салаўёва, назваў феномен квадробераў «калектыўным вар'яцтвам і садамаза-хрэнню, якую прыдумалі на Захадзе для прыгнёту дзяцей і непаўналетніх».

Пры гэтым прапагандыст адзначыў, што для квадробераў можа знайсціся прызначэнне ў кантэксце выпраўлення дэмаграфічнай сітуацыі ў Расіі, а менавіта шляхам «іх размнажэння падобна жывёлам». 

«Слухай, квадробер, вось глядзі, у таго сабакі шэсць шчанюкоў, а ў цябе, што, ніводнага? Ну які ж ты пасля гэтага квадробер? Знайдзі сабе іншага «сабачку» і каб у вас таксама было 6, а лепш 8 ці 12 дзяцей. Там, глядзіш, і станеш больш разумным», — звярнуўся да квадробераў прапагандыст Міхееў на «Спасе».

Прапагандыст дадаў, што квадроберы, прыпадабняючыся жывёлам, «адыходзяць ад божай задумы, што ўзвялічвае чалавека, і трапляюць пад уплыў Сатаны, які пашле іх на забой». Тую ж думку падтрымліваюць і лукашэнкаўскія прапагандысты, якія наперабой пачалі крытыкаваць квадробераў і іх бацькоў, паставіўшы дзіцячае хобі ў адзін шэраг з сатанізмам (а таксама гомасэксуалізмам і прыёмам наркотыкаў).

Феномен квадробераў пайшоў ад квадробікі (ад лац. quattuor — «чатыры» і англ. aerobics — «аэробіка») — неафіцыйнага віду спорту родам з Японіі, у якім як дзеці, так і дарослыя перамяшчаюцца на карачках, імітуючы рухі жывёл. Падчас заняткаў прынята выкарыстоўваць маскі і накладныя хвасты ўласнай вытворчасці. Часцей за ўсё квадроберы — гэта дзеці і падлеткі 7-14 гадоў, для якіх гэта хутчэй гульня, чым спартыўнае спаборніцтва.

У Магілёве квадроберы захацелі пазнаёміцца з сабакам. Але той гэтага не ацаніў ВІДЭА

Не квадроберамі адзінымі. Нефармалы 2000-х расказалі, чаму было небяспечна станавіцца эма і як з'яданне корму з сабачай міскі дапамагае інтравертам

У Расіі анансавалі выпуск «першага праваслаўнага месенджара». Што ён будзе сабой уяўляць?

Nashaniva.com