Еўрапейцы ўсё менш п'юць віна. Чаму так?
У такіх спрадвечна вінных краінах, як Іспанія, Францыя, Партугалія і Італія, значна скарацілася спажыванне віна. І гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя, якая абумоўленая шэрагам прычын.
10.10.2024 / 20:00
Ілюстрацыя створаная з дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту
Тое, што еўрапейцы з кожным годам усё менш спажываюць віна, абмяркоўваецца ўжо не першы год. Напрыклад, у 2020 годзе Амерыканская асацыяцыя эканомікі віна апублікавала графік, які паказвае змяненне спажывання віна ў традыцыйных вінных краінах, як Францыя, Італія, Іспанія і Партугалія, у перыяд з 1924 па 2018 гады. На ім выразна бачна, што ў Францыі тэндэнцыя на зніжэнне пачалася яшчэ ў 1950-х гадах, у Італіі — на дзесяцігоддзе пазней, а ў Іспаніі і Партугаліі — у 1970-я гады.
Спажыванне віна на душу насельніцтва ў Францыі, Італіі, Партугаліі і Іспаніі. 1924-2018 гады. Крыніца: American Association of Wine Economists / Facebook
Адпаведна апошняму дакладу Еўрапейскай камісіі Agricultural Outlook 2023-2035, зніжэнне спажывання віна ў 2022 годзе склала 7 працэнтаў у Італіі, 10 працэнтаў у Іспаніі, 15 працэнтаў у Францыі і нават 34 працэнты ў Партугаліі.
Спецыялісты прагназуюць, што яно будзе працягваць зніжацца прыкладна на 1% у год. І ў 2035 годзе можа скласці 20 літраў на чалавека, што на 2,4 літра менш, чым сярэдні паказчык за перыяд 2018—2022 гадоў.
Унутранае спажыванне віна ў ЕС (млн гл) і спажыванне на душу насельніцтва (л). Крыніца: EU Agricultural Outlook 2023—35 report
Чаму ў Еўропе п'юць усё менш віна?
Асноўная прычына зніжэння спажывання віна, паводле меркавання экспертаў, — розныя заканадаўчыя абмежаванні.
Напрыклад, у Францыі ў 1956 годзе забаранілі алкаголь у школьных сталовых, а ў 1970 годзе быў вызначаны першы ліміт на ўтрыманне алкаголю ў крыві для кіроўцаў — 1,2 грама на літр, што ўдвая больш за сучасную норму. Падобныя законы былі прынятыя і ў іншых краінах Еўропы.
Уплыў на зніжэнне спажывання таксама аказала заканадаўчае абмежаванне продажу алкаголю непаўналетнім. Спачатку яно датычыла асоб да 16 гадоў, а затым на працягу 1990-х і 2000-х гадоў гэты ўзрост быў павышаны да 18 гадоў.
Другім важным фактарам з'яўляецца мода на здаровы лад жыцця.
Напрыклад, з 1980-х гадоў у Францыі пачалі актыўна праводзіць інфармацыйныя кампаніі, накіраваныя на павышэнне інфармаванасці пра шкоду алкаголю і неабходнасць яго абмежаванага ўжывання. У 1991 годзе ў краіне асобным законам была абмежаваная рэклама алкаголю на грамадскіх тэлеканалах, а таксама ўведзеныя больш жорсткія меры па абмежаванні спажывання алкаголю ў публічных месцах.
З 2013 года ў Еўропе стала распаўсюджвацца ініцыятыва «Сухі студзень» (Dry January), якая заклікае людзей адмовіцца ад ужывання алкаголю на працягу першага месяца года.
Сусветнае спажыванне віна, піва і моцных спіртовых напояў на душу насельніцтва ў літрах чыстага алкаголю, 1961—2022 гг. Крыніца: American Association of Wine Economists / Facebook
Акрамя гэтага, у розных краінах існуюць свае ўласныя ініцыятывы і нацыянальныя праграмы. Напрыклад, з 2019 года ўрад Францыі ў рамках антыалкагольнай сацыяльнай кампаніі заклікае грамадзян выпіваць не больш за два келіхі віна ў дзень.
Наступствам такіх мер стала істотнае скарачэнне спажывання віна сярод моладзі. Напрыклад, толькі 13% італьянцаў да 35 гадоў штодня п'юць віно, у параўнанні з 69% сярод людзей, старэйшых за 65 гадоў.
Месца віна ўсё часцей займаюць напоі катэгорыі No-Lo (безалкагольныя і слабаалкагольныя). Сярод іх і піва. Напрыклад, адпаведна статыстыцы, за апошнія пяць гадоў спажыванне піва ў Францыі засталося на ўзроўні ад 31 да 33 літраў на чалавека ў год.
Улічваючы ўсе гэтыя фактары, можна зрабіць выснову, што зніжэнне спажывання віна ў Еўропе не з'яўляецца выпадковым, яно — вынік змены культурных звычак (у першую чаргу моладзі), абумоўленых як зменамі ў заканадаўстве, так і папулярызацыяй здаровага ладу жыцця.
У Францыі з-за скарачэння сусветнага попыту на віно знішчаць частку вінаграднікаў
Колькі ў сярэднім алкаголю выпівае беларус?
У Францыі прапанавалі ўвесці «сухі студзень». Макрон не падтрымаў і яго захейцілі
Чаму ад чырвонага віна баліць галава? Нарэшце стала ясна