Як вяліся таемныя перамовы Байдэна і Пуціна пра вайну ва Украіне
У сваёй новай кнізе «Вайна» сусветна вядомы амерыканскі журналіст Боб Вудвард расказвае, як Байдэн даведаўся, што рыхтуецца напад на Украіну, а таксама пра драматычныя падзеі восені 2022-га і пра словы, якія Осцін знайшоў для Шайгу.
09.10.2024 / 12:34
Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP
Кніга «Вайна» сусветна вядомага журналіста Боба Вудварда, заснаваная на сотнях гадзін інтэрв'ю і звестках спецслужб, раскрывае дэталі закуліснай палітыкі ўрада ЗША ў моманты міжнародных крызісаў апошніх гадоў і выйдзе з друку бліжэйшымі днямі. Некаторыя амерыканскія СМІ атрымалі кнігу яшчэ да рэлізу і зрабілі з яе вытрымкі.
Як перадае са спасылкай на кнігу агенцтва CNN, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн яшчэ ўвосень 2021 года даведаўся ад сваёй выведкі, што Уладзімір Пуцін плануе ў лютым 2022-га напасці на Украіну са 175 тысячамі вайскоўцаў. Гэтая інфармацыя, па словах Вудварда, шакавала Байдэна.
«Гэта было б поўным вар'яцтвам. Госпадзе Ісусе, цяпер мне давядзецца сутыкнуцца з тым, што Расія паглыне Украіну?» — адрэагаваў Байдэн у кастрычніку 2021 года, калі атрымаў звесткі пра ваенныя планы Расіі ад ЦРУ, піша Вудвард у сваёй кнізе.
Журналіст, спасылаючыся на высокапастаўленых чыноўнікаў ва ўрадзе ЗША, сцвярджае, што Байдэн даведаўся пра планы Пуціна дзякуючы крыніцы з найбліжэйшага атачэння расійскага прэзідэнта.
Журналіст адзначае, што Байдэн двойчы абмяркоўваў з Пуціным даныя амерыканскай выведкі ў снежні 2021 года — спачатку на відэаканферэнцыі, а затым у «жорсткай 50-хвіліннай тэлефоннай размове», якая, па словах Вудварда, стала настолькі напружанай і гарачай, што ў пэўны момант Пуцін «стаў пагражаць ядзернай вайной». Байдэн на гэта адказаў, што «ў такой вайне не будзе пераможцаў».
Потым, калі ўварванне ва Украіну ўсё ж адбылося, Байдэн, па інфармацыі Вудварда, падчас размоваў са сваёй камандай не саромеўся ў выразах у адрас Пуціна.
«Гэты **аны Пуцін. Пуцін — гэта зло. Мы маем справу з увасобленым злом», — сказаў Байдэн сваім дарадцам у Авальным кабінеце Белага дома неўзабаве пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, піша Боб Вудвард.
Джо Байдэн у прысутнасці яго каманды размаўляе з Уладзімірам Пуціным па відэасувязі, 7 снежня 2021 год. Фота: Adam Schultz / The White House via AP
Ужо ў верасні 2022-га, піша Вудвард са спасылкай на амерыканскую выведку, узнікла сур'ёзная рызыка ядзернай вайны: крыніцы з Крамля перадалі, што Пуцін «настолькі моцна адчаяўся з-за ўласных стратаў на полі бою, што быў гатовы нанесці тактычны ядзерны ўдар па Украіне».
Урад ЗША ацаніў магчымасць такога ўдару ў «вельмі трывожныя» 50%, ад чаго Байдэн «загадаў выходзіць на сувязь з расейцамі па ўсіх каналах і прыгразіць ім беспрэцэдэнтнымі наступствамі за патэнцыйны ядзерны ўдар».
У кнізе Вудварда, як перадае CNN, распавядаецца пра напружаную тэлефонную размову паміж міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам і ягоным тагачасным расійскім калегам Сяргеем Шайгу ў кастрычніку 2022 года.
Як сцвярджае журналіст, ЗША тады прыгразілі Расіі татальнай ізаляцыяй ва ўсіх сферах, у адказ на што Шайгу заявіў, што не любіць пагрозы.
«Спадар міністр, я — лідар самай магутнай арміі ў сусветнай гісторыі. І я яшчэ не пагражаю», — заявіў міністр абароны ЗША Лойд Осцін, адказваючы Шайгу.
Праз два дні, кажа Вудвард, ужо расіяне запрошвалі тэлефонную размову з ЗША.
Міністр абароны Расіі Шайгу спрабаваў абвінаваціць украінцаў у планах узарваць «брудную бомбу», што, на думку ЗША, было лжывай гісторыяй Крамля, якую той хацеў выкарыстаць у якасці падставы для прымянення ядзернай зброі па Украіне.
«Мы вам не верым. Мы не бачым ніякіх прыкмет падобнага, і свет гэта разумее. Перастаньце так рабіць», — цвёрда заявіў Осцін пасля абвінавачванняў у адрас Украіны з боку Шайгу.
Гэта быў, бадай, самы шакавальны момант за ўсю вайну», — пазней сказаў пра гэты эпізод высокапастаўлены чыноўнік Пентагона Колін Каль, піша Вудвард.
Боб Вудвард — рэдактар выдання The Washington Post, які атрымаў сусветную вядомасць за асвятленне ўотэргейцкага скандалу, у выніку якога пайшоў у адстаўку амерыканскі прэзідэнт Рычард Ніксан. Ён аўтар некалькіх бэстсэлераў. Лічыцца, што Вудвард мае ўнікальны доступ да крыніц у вышэйшых колах амерыканскага істэблішменту, а найбольш сенсацыйныя выкрыцці журналіста, нягледзячы на адмаўленні датычных, потым пацвярджаліся.
Падчас прэзідэнцтва Трамп пытаўся ў Пуціна, ці варта ЗША даваць Украіне зброю для абароны ад Расіі
Харыс адмовілася ад сустрэчы з Пуціным па Украіне без удзелу Украіны
Жазэп Барэль ведае, як скончыць вайну ва Украіне за два тыдні. Але гэта не ягоны варыянт