Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў
Фігуранты справы аб падрыве расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах атрымалі ад 2 гадоў 3 месяцаў да 25 гадоў пазбаўлення волі, паведаміла Генпракуратура.
04.10.2024 / 16:41
Прысуд быў вынесены судовай калегіяй па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда.
«Генеральная пракуратура падтрымала ў Мінскім гарадскім судзе дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе ў дачыненні да 12 асоб, у тым ліку датычных да акта тэрарызму на тэрыторыі вайсковага аэрадрома Мачулішчы», — паведамілі ў ведамстве.
Сярод тых, каго судзілі, пералічваюцца Мікалай Швец, Аляксандр Азараў, Віталь Якуцік, Міхаіл Дзёмін, Дзяніс Сакалоў, Яўгенія Тачыцкая, Сяргей Лопараў, Максім Лапацін, Алег Сычоў.
Падсудных абвінавачвалі па ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (акт тэрарызму і наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць сродку паветранага транспарту), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржавы), арт. 358-1 (ажыццяўленне агентурнай дзейнасці), арт. 358-1 (праходжанне навучання і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама незаконным абароце выбуховых рэчываў і выбуховых прылад), арт. 290-1, арт. 361-2 (фінансаванне тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 290-1, арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У выніку асноўнаму, па версіі следства, выканаўцу, грамадзяніну Украіны Мікалаю Швецу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў, іншым «саўдзельнікам» — ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі, а «іншым абвінавачаным па справе» — ад 2 гадоў 3 месяцаў да 15 гадоў. Канкрэтныя прысуды кожнаму з абвінавачаных, акрамя Швеца, не называюцца.
Пры гэтым Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава судзілі завочна. Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай.
Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Паведамлялася, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.
У Мінску распачаўся суд па «справе Мачулішчаў»
За дыверсію ў Мачулішчах судзяць 11 беларусаў. А таксама Мікалая Швяца, якога ўжо вярнулі ва Украіну
Сталі вядомыя абставіны вызвалення з беларускіх турмаў грамадзян Украіны