У Беларусі пачалі выпускаць сыр з белым труфелем

У пачатку мінулага месяца Верхнядзвінскі масласырзавод абвясціў пра выпуск навінкі — сыру Tartufo з даданнем італьянскага белага труфеля, заўважылі «Народныя навіны Віцебска».

02.10.2024 / 18:28

Як сцвярджаюць на прадпрыемстве, новы гатурак сыру адрозніваецца вытанчаным тонкім водарам, далікатным сметанковым смакам з мноствам водарных і смакавых нюансаў. У ім можна адчуць кветкавыя ноткі, арэхавае адценне, мускус і нават водар вільготнага ад расы падлеску раніцай.

Згодна са звесткамі з каталога масласырзавода, Tartufo — гэта паўцвёрды сыр расійскай групы з маленькімі вочкамі. Сыр спее ўсяго 60 сутак.

Рэцэптура сыроў гэтай групы была распрацаваная ў 1960-я гады ў СССР. Вырабляюцца яны з пастэрызаванага каровінага малака з дадаваннем малаказгортвальнага сычужнага фермента і закваскі мезафільных малочнакіслых бактэрый. Сыр паўцвёрды, жоўтага колеру, на зрэзе відаць карункі з дробных вочкаў.

Белы труфель у шэрагу краін лічыцца далікатэсным ядомым грыбом. Ён таксама выкарыстоўваецца для вытворчасці аліўкавага алею, сыроў і каўбас. Прыкладны кошт белага труфеля — 6 еўра за грам.

У крамах Віцебска гэты сыр пакуль знайсці не ўдалося. Адсутнічае ён і ў прайс-лісце прадпрыемства, які, падобна, абнаўляўся апошні раз у красавіку. Таму цану навінкі назваць складана.

У Беларусі, дарэчы, ужо выпускаюць сыр з чорным труфелем — гэта «Кронес» ад гродзенскага «Малочнага свету».

Кілаграм гэтага сыру каштуе 54 рублі 44 капейкі. Аднак варта ўлічваць, што белы труфель каштуе даражэй за чорны ў 5-6 разоў.

Сям'я з Маладзечна робіць унікальныя сыры — такіх вы яшчэ не каштавалі

«Паўтарыць у нас смак сыру, зваранага ў Італіі, — з галіны фантастыкі». Баранавіцкі сыравар расказаў, што самае цяжкае ў гэтым бізнэсе

«Ні сыру няма, ні да сыру няма». Беларусы расказалі, як змяніла іх жыццё ўвядзенне эмбарга на тавары з «недружалюбных» краін

Батончык «Зарядись» і маладзечанскі «Ракфорці». Якія беларускія прадукты можна купіць у крамах замест імпартных?

Якіх імпартных тавараў больш за ўсё не хапае беларусам?

У Верхнядзвінску павялічаць вытворчасць мацарэлы амаль удвая

Nashaniva.com