Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара
Баі за Вуглядар з перапынкамі працягваліся са жніўня 2022 года. Сёння стала вядома, што горад акупаваны расійскімі войскамі. Але такую цану за 15-тысячны горад, напэўна, не пагадзіўся б заплаціць кіраўнік ніводнай іншай дзяржавы.
01.10.2024 / 21:12
Вуглядар. 22 жніўня 2024 года. Фота: Gaelle Girbes/Getty Images
Пра першыя мясныя штурмы пад Вуглядарам стала вядома ў лістападзе 2022 года. Спачатку горад бамбіла расійская авіяцыя, а затым наперад пайшлі падраздзяленні пяхоты.
Вайскоўцы 155-й брыгады паведамлялі, што камандзір 20-й агульнавайсковай арміі генерал Сухраб Ахмедаў пасылае салдат у дрэнна арганізаваныя штурмы Паўлаўкі пад Вуглядарам, у выніку чаго брыгада страціла каля 300 чалавек і 50% тэхнікі за 4 дні.
24—25 студзеня 2023 года расійскія войскі пачалі другі штурм горада. Паведамлялася, што падчас атак яны страцілі як мінімум 71 адзінку тэхнікі, у тым ліку дзясяткі танкаў, і, імаверна, сотні марскіх пехацінцаў Ціхаакіянскага флоту разам з марпехамі 40-й брыгады і спецназам 14-й асобнай брыгады забітымі і параненымі.
Расійскі ваенкар Ігар Гіркін тады пісаў, што страчана было больш за 30 адзінак бранятэхнікі, стратаў «двухсотымі» толькі ў танкістаў былі «многія дзясяткі», «марпехаў, спецназаўцаў і мотастралкоў загінула яшчэ больш». І, самае галоўнае, па яго словах, усе гэтыя страты аказаліся «аднабаковымі»: украінцы «расстралялі атакуючых, «як у ціры».
У ноч на 13 лютага 2023 года ноччу ўкраінскія ракеты HIMARS дакладна знішчылі штаб батальёна «Усход» пад Вуглядарам.
15 лютага расійскія войскі былі выціснутыя з пазіцый на поўдзень ад Вуглядара. За час баёў, як адзначалі ўкраінскія вайскоўцы, пад горадам адбылася самая буйная танкавая бітва вайны, у ходзе якой Расія страціла, прынамсі, 130 танкаў і бронетранспарцёраў.
Паводле слоў міністра абароны Вялікабрытаніі Бэна Уолеса, за тыя 2 дні Расія страціла каля 1000 салдат, была знішчаная цэлая брыгада. Уолес адзначаў, што мабілізаваных «штурхалі ў мясарубку».
Як піша Forbes, атакі марской пяхоты на Вуглядар у перыяд з лістапада 2022-га па люты 2023 года сталі аднымі з самых крывавых у вайне. 155-я брыгада марской пяхоты, якая на паперы налічвала каля 3000 вайскоўцаў, губляла да 300 чалавек у дзень на працягу некалькіх дзён запар і была амаль знішчаная да лютага 2023 года.
Да лета 2023-га горад быў разбураны. З даваеннага насельніцтва каля 15 тысяч чалавек да лютага 2023 года ў ім засталося менш за 500, а да ліпеня — менш за 100 чалавек.
Разбураныя будынкі ў Вуглядары. Жнівень 2023 года. Фота: Wikimedia Commons
Некалькі атак у ваколіцах горада было праведзена ў маі-чэрвені 2024 года. Так, 28 чэрвеня УСУ знішчылі расійскую калону ў Вуглядары, якая атакавала 72-ю механізаваную брыгаду. Брыгада заявіла, што падбіла 16 танкаў Т-80, 34 баявыя машыны і 19 матацыклаў, а таксама забіла ці цяжка параніла больш за 800 расійскіх салдат падчас штурму.
У пачатку верасня расійскія войскі аднавілі баі ў ваколіцах горада, а 24 верасня распачалі яго штурм. 1 кастрычніка ўначы ўкраінскія абаронцы пакінулі Вуглядар. Расіі дастаўся цалкам разбураны горад, які каштаваў ёй тысяч салдацкіх жыццяў.
«У баях за горад брыгады марской пяхоты і дапаможныя вайсковыя падраздзяленні Расіі страцілі каля тысячы танкаў, баявых машын, грузавікоў і артылерыйскіх гармат», — пісаў 26 верасня Forbes са спасылкай на падлікі WarSpotting.
«Гэта прыкладна дзве брыгады тэхнікі — амаль шэсць працэнтаў усёй тэхнікі, якую Расія страціла за 31 месяц упартых баёў ва Украіне», — адзначае аўтар артыкула.
Якія канчатковыя страты бітвы за Вуглядар, пакуль невядома. Горад знішчаны, але і расіяне страцілі свае найбольш баяздольныя часці.
Расіяне захапілі Вуглядар на Данбасе
Зяленскі: Спробы наступу расійскіх войскаў пад Вуглядарам паспяхова адбітыя
Прапагандыст Уладзімір Салаўёў заявіў, што трапіў пад абстрэл пад Вуглядарам
The New York Times: Расія прайграла буйную танкавую бітву за Вуглядар, патрапіўшы ў засаду