Мінкультуры завярнула праект патрыятычнага лагера на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці
Будаўнічая актыўнасць на тэрыторыі крэпасці магла перашкодзіць Брэсцкай крэпасці трапіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
30.09.2024 / 08:00
Праект перабудовы. Новы фасад цалкам закрываў гістарычны будынак. Фота: Ваенпраект
Міністэрства культуры не падтрымала праект рэканструкцыі, распрацаваны інстытутам «Ваенпраект», які падпарадкоўваецца Міністэрству абароны Беларусі.
Пра гэта ў сваім тыктоку паведаміў брэсцкі прарасійскі актывіст Пётр Піцко. Ён з паплечнікамі таксама выступаў супраць праекта, але па сваіх прычынах — бо «замест аб'екта рускай фартыфікацыі з'явіцца будынак у стылі, які нагадвае польскі канструктывізм». Прарасійскія дзеячы асабліва перажывалі за насценную выяву першага гімна СССР, які праслаўляе Сталіна.
Пра планы стварыць у Брэсцкай крэпасці Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін у лістападзе 2020 года, калі былі задушаны пратэсты і пачалася прасавецкая ідэалагічная перабудова Беларусі.
Пад новы ідэалагічны праект патрыятычнага цэнтра ў пачатку верасня 2023 года Міністэрства культуры Беларусі адмыслова змяніла рэгламенты аховы крэпасці.
Фрагмент схемы зон аховы крэпасці з казематамі тэнальнага фронту. У верасні 2023 года ў зоны аховы ўнеслі змяненні, каб стварыць патрыятычны цэнтр. Фота: Праект зон аховы Брэсцкай крэпасці
У новым праекце зон аховы дазволілі стварэнне спартыўных пляцовак і збудаванняў, рэканструкцыю будынка кухні-сталовай «з павелічэннем плошчы забудовы і захаваннем існуючай вышыні гэтага будынка», а таксама дазволілі змяніць гістарычную планіровачную структуру для будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры пад цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі.
Больш ранні праект рэканструкцыі казармаў не прадугледжваў кардынальнага змянення аблічча помніка. Фота: сайт Ваенпраекта
Першапачаткова праект рэканструкцыі казармаў не прадугледжваў кардынальнага змянення аблічча помніка. Але пасля праекціроўшчыкі «Ваенпраекта» адчулі поўную свабоду: запраектавалі перад адзіным фасадам казематаў тэнальнага фронту крэпасці яшчэ новы фасад, павялічыўшы карысную плошчу.
Новы фасад цалкам закрываў гістарычны будынак. Фота: Ваенпраект
Казематы, пабудаваныя ў 1864 годзе ў вале каля Канстанцінаўскай (Паўночна-Заходняй) брамы, гэта група з 20 асобных памяшканняў, перакрытых цыліндрычнымі скляпеннямі і засыпаных зямлёй. Не ўсе казематы злучаліся паміж сабой, яны былі падзелены на чатыры секцыі з асобнымі ўваходамі. Менавіта гэты факт ускладняў рэканструкцыю збудавання пад новыя патрэбы.
Інтэр'ер новай прыбудовы. Злева колішні фасад казармы, у якім аўтэнтычныя сцены хочуць замяніць вялікімі вітражамі. Фота: Ваенпраект
Новае праектнае рашэнне «Ваенпраекта» двойчы парушала закон. Па-першае, для яго рэалізацыі прапаноўвалі разабраць аўтэнтычныя фасады помніка архітэктуры і ўставіць замест іх шкляныя вітражы. Па-другое, новы фасад закрываў стары, а Кодэкс аб культуры адназначна забараняе ствараць візуальныя перашкоды для ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Спецыялісты ў сферы аховы спадчыны выказвалі засцярогі, што цяперашняе Міністэрства культуры, якое так лёгка зацвердзіла змяненне рэгламентаў аховы на помніку 0-й катэгорыі, гэтак жа лёгка ўзгодніць і адступленне ад свайго асноўнага прававога дакумента дзеля ідэалагічных патрэб.
Але, магчыма, на рашэнне ведамства паўплываў той факт, што ўвесну Брэсцкая крэпасць разам з Мамаевым курганам была ўнесена Расіяй у складзе намінацыі «Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны» ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Будаўнічая актыўнасць на тэрыторыі крэпасці магла б перашкодзіць атрыманню высокага статусу — і давялося расстаўляць правільныя прыярытэты паміж двума ідэалагічнымі праектамі.
Лукашыстаў занепакоіла знішчэнне спадчыны. Але ёсць нюанс
Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?