На Захадзе заяўляюць, што ёсць доказы пастаўкі Кітаем зброі для Расіі
Суразмоўца выдання The Times сцвярджае, што Захад мае доказы ўдзелу неназванай кітайскай кампаніі ў пастаўках у Расію «партыі спецыяльных вайсковых беспілотнікаў», якія выкарыстоўваліся ва Украіне. Гэта можа азначаць істотную эскалацыю ўдзелу Пекіна ў вайне, піша «Еўрапейская праўда».
28.09.2024 / 17:29
Кітайскі лідар Сі Цьзіньпін з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Фота: Suo Takekuma-Pool/Getty Images
Крыніца адмовілася раскрываць назву кампаніі, але ўдакладніла, што дамова аб пастаўцы Расіі дронаў была выканана ў 2023 годзе.
«Хоць кітайскі ўрад, магчыма, не прызнае гэтага, ён будзе старацца ўтрымліваць сваю ўсё большую падтрымку ў таямніцы», — дадаў службовец, якога цытуе The Times.
Ён, аднак, пацвердзіў паведамленне агенцтва Reuters пра тое, што Расія распрацавала ў Кітаі праграму ўзбраенняў для распрацоўкі і вытворчасці ўдарных беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння, якія выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны.
Прадстаўнік НАТА ў каментары The Times адзначыў, што новая інфармацыя пра ўдзел Кітая ў ваеннай падтрымцы Расіі «выклікае глыбокую занепакоенасць», а члены Альянсу «праводзяць кансультацыі па гэтым пытанні».
У верасні намеснік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбел першым заявіў, што Кітай непасрэдна дапамагае расійскай вайсковай машыне, падтрымліваючы яе намаганні па вядзенні вайны супраць Украіны.
ЗША неаднаразова засцерагалі Кітай ад падтрымкі расійскай абароннай прамысловасці і ўвялі сотні санкцый, накіраваных на абмежаванне магчымасцяў Масквы выкарыстоўваць пэўныя тэхналогіі ў вайсковых мэтах.
Расія таемна стварае ў Кітаі новыя мадэлі беспілотнікаў, у тым ліку копіі амерыканскіх БПЛА Reaper
Кітай папрасіў Беларусь нармалізаваць адносіны з Польшчай — крыніца