Зянон Пазняк: Хто можа замяніць Лукашэнку? Рэальна — ніхто

Палітык адзначае абсурднасць сітуацыі, што на цяперашні момант толькі Лукашэнка можа гарантаваць незалежнасць Беларусі.

27.09.2024 / 17:25

Зянон Пазняк. Скрын відэа: volnaja-bielarus / YouTube

У эфіры ўкраінскага 5 канала вядучы запытаўся ў Зянона Пазняка, хто сёння рэальна можа замяніць Лукашэнку.

Пазняк падкрэсліў, што ні на якую пенсію Лукашэнка не пойдзе: «Яго ўстаноўка падсвядомая і свядомая — памерці на пасадзе прэзідэнта. Як некаторыя акцёры хацелі памерці на сцэне».

«Забудзьце. Не трэба слухаць, што ён гаворыць, што ён некага там прызначыць… што ён пойдзе. Ён трымаецца за гэту ўладу пасінелымі пальцамі. Будзе пятляць як заяц увесь час», —

выказвае сваё меркаванне Пазняк.

Пазняк просіць уявіць сітуацыю, калі раптам адбудзецца пералом на расійска-ўкраінскім фронце. «Пуцін аскандаліўся. Усё пайшло ў тартарары. Што будзе рабіць Лукашэнка? Ён выступіць супраць Пуціна! Дакладна! Ён стане саюзнікам Украіны. (…) Гэта дакладна. Гэта такі тыпаж».

Калі ж гаварыць пра таго, хто можа замяніць Лукашэнку, то Пазняк сцвярджае:

«Хто можа замяніць? Рэальна — ніхто. Гледзячы якая будзе сітуацыя. Калі ён раптам, скажам, паляціць у космас, то замена будзе яшчэ горшай.

Таму што ўся тая публіка, якая ёсць, яна не здольная захоўваць незалежнасць Беларусі. І не разумее, навошта [захоўваць]. Яны здадуць краіну ў вельмі кароткі тэрмін.

Калі з'явіцца нейкі тыпаж, які, дапусцім, неяк будзе старацца яшчэ захаваць незалежнасць, то яго хуценька скруціць Расія, зойдзе сюды сваімі войскамі, прызначыць свайго генерал-губернатара і ўсё. Гэты варыянт будзе вельмі дрэнны.

Таму сітуацыя такая, даволі абсурдная. Пакуль ёсць гэты тыпаж — Лукашэнка, — сітуацыя трывае. Калі гэта ўпадзе, і калі Расія будзе ў сіле — хаця б такой, як цяпер, — гэта значыць, што мы можам страціць незалежнасць. І на поўнач ад Украіны будуць расійскія войскі, расійскі рэжым».

Пазняк: Калеснікава — поўнае палітычнае нішто

Зянон Пазняк паехаў гаварыць пра беларускія справы ў Кіеў

Пазняк прапанаваў, як вызваліць палітвязняў

Nashaniva.com