Эмігранты з Гаіці падалі на Трампа ў суд за скандальны мем пра паяданне котак і сабак. Патрабуюць арышту
«У Спрынгфілдзе яны ядуць сабак. Людзі, якія прыехалі, ядуць катоў. Яны ядуць хатніх жывёл людзей, якія там жывуць, і гэта ганьба», — заявіў Трамп на дэбатах.
25.09.2024 / 16:21
Дональд Трамп і Камала Харыс падчас нядаўніх перадвыбарчых дэбатаў на амерыканскім тэлебачанні. Скрыншот відэа
Як піша выданне The Guardian, група гаіцянскіх эмігрантаў з амерыканскага горада Спрынгфілд у штаце Агаё падала іск у суд на кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональда Трампа і кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса.
Асноўнай нагодай сталі словы Трампа пра тое, што мігранты з Гаіці ў Спрынгфілдзе ядуць катоў і сабак мясцовых жыхароў. Рыторыка Трампа прывяла да пагроз гвалту ў дачыненні да гаіцян у горадзе, уключаючы больш за 30 пагроз выбуху, якія прыводзілі да эвакуацый школ і ўрадавых будынкаў, адзначае выданне.
«Трамп і Вэнс свядома распаўсюдзілі хлуслівую і небяспечную інфармацыю, сцвярджаючы, быццам гаіцянская суполка Спрынгфілда забівае і есць хатніх жывёлаў сваіх суседзяў. Яны паўтаралі такую хлусню падчас прэзідэнцкіх дэбатаў, на перадвыбарчых мітынгах, падчас інтэрв'ю на нацыянальным тэлебачанні і ў сацыяльных сетках», — заявілі адвакаты пацярпелых гаіцян і заклікалі пракурораў арыштаваць Трампа і Вэнса.
Нагадаем, што падчас нядаўніх перадвыбарчых дэбатаў паміж Камалай Харыс і Дональдам Трампам апошні раптам пачаў расказваць пра тое, што ў горадзе Спрынгфілд мігранты ядуць катоў і сабак мясцовых жыхароў.
«У Спрынгфілдзе яны ядуць сабак — людзі, якія прыехалі, яны ядуць катоў. Яны ядуць хатніх жывёл людзей, якія там жывуць, і гэта тое, што адбываецца ў нашай краіне, і гэта ганьба», — заявіў Трамп. Ягоная апанентка на гэтых словах засмяялася.
Тэлеканал ABC аператыўна праверыў гэтае выказванне, і Дэвід Мюір у жывым эфіры адказаў Трампу. Паводле яго слоў, мэрыя Спрынгфілда абвергла гэтую інфармацыю: паведамленняў пра тое, што мігранты ядуць сабак і катоў ці ўвогуле шкодзяць хатнім жывёлам, у паліцыю не паступала.
Тым не менш, сцвярджэнне Трампа імгненна завірусілася ў сацсетках. У твітары з'явіліся дзясяткі тысяч допісаў з хэштэгамі «Спрынгфілд» і «Яны ядуць сабак». Прыхільнікі Трампа сталі публікаваць мемы з сабакамі і катамі, якія трымаюць плакаты з надпісамі «Галасуй за Трампа, выратуй нас!», «Жыцці катоў важныя», «Нас з'елі гаіцяне». На іншых малюнках, згенераваных нейрасеткамі, Трамп ратуе качак (часам больш падобных да гусей) і катоў ад натоўпу мігрантаў.
Але адкуль наогул узяўся гэты мем? Насамрэч абмяркоўваць гэтую тэму ў інтэрнэце пачалі яшчэ да дэбатаў. У канцы жніўня ў сеціве завірусілася відэа выступлення жыхара Спрынгфілда на пасяджэнні гарадской рады. Ён паскардзіўся на мігрантаў з Гаіці, якія, паводле ягоных слоў, палююць на качак у гарадскім парку і ядуць іх.
У закрытай гарадской суполцы ў фэйсбуку з'явілася яшчэ адна гісторыя. Аўтар допісу расказаў, што сяброўка дачкі ягонага суседа нібыта згубіла ката, а праз некаторы час знайшла яго, калі ён вісеў на дрэве каля дома імігрантаў з Гаіці.
Скрыншоты паста былі падхопленыя трампістамі і разляцеліся па сеціве. Тэму развіў і кандыдат Трампа ў віцэ-прэзідэнты Джэй Дзі Вэнс.
«Некалькі месяцаў таму я падняў пытанне адносна таго, што нелегальныя імігранты з Гаіці выклікаюць хаос па ўсім Спрынгфілдзе. Цяпер прыходзяць паведамленні, што людзі, якіх не павінна быць у нашай краіне, ядуць катоў і сабак мясцовых жыхароў. Дзе нашая ўпаўнаважаная па мяжы», — напісаў у твітары напарнік Трампа. Ягоны допіс сабраў больш за 11 мільёнаў праглядаў.
Пасля Вэнс дадаў, што яму паступае ўсё больш падобных паведамленняў, хоць яны і могуць быць хлуслівымі.
Менавіта тады здарылася і першая хваля мемаў пра тое, як Трамп ратуе катоў і сабак. Не застаўся ў баку Ілан Маск: ён запосціў карцінку з качкай і кацянём і напісаў «Ратуйце іх». Вядомы сенатар-рэспубліканец Тэд Круз апублікаваў мем з катамі, якія абдымаюцца, і подпісам «Калі ласка, галасуйце за Трампа, і тады гаіцянскія імігранты нас не з'ядуць», суправадзіўшы карцінку смяшлівымі смайлікамі.
Трамп ухапіўся за гэтую тэорыю змовы і вырашыў выкарыстаць яе на дэбатах. Аднак пацверджаных выпадкаў знікнення хатніх жывёл у Спрынгфілдзе няма.
Яшчэ ў аўторак мэр горада Роберт Ру расказаў, што ніводнага паведамлення пра тое, што мігранты ядуць хатніх жывёл, не паступала. А адзінае відэа з падобным эпізодам, якое таксама распаўсюджвалі правыя блогеры, было знятае ў іншым горадзе ў Агаё — там за жорсткае абыходжанне з жывёламі затрымалі жанчыну, у якой няма ніякіх сувязяў з Гаіці.
Абверглі інфармацыю Трампа і ў паліцыі Спрынгфілда: там заявілі, што «не было ніякіх дакладных паведамленняў або канкрэтных заяў пра тое, што хатнія жывёлы падвяргаліся гвалту, траўмам або жорсткаму абыходжанню з боку мігрантаў».
У Спрынгфілдзе з насельніцтвам амаль 58 тысяч чалавек апошнім часам сапраўды назіраецца прыток мігрантаў з Гаіці. Усяго ў акрузе Кларк знаходзяцца каля 12-15 тысяч мігрантаў, 10 тысяч з іх з Гаіці. Пры гэтым прадстаўнік гарадской адміністрацыі запэўнівае, што мігранты не парушаюць законы.
Хто тыя мільярдэры, якія стаяць за Трампам і Харыс?
Харыс і Трамп ідуць нос у нос, вынік выбараў цяжка прадказаць, а яны вызначальныя для нашага рэгіёна