Сэксуальны скандал вакол былога караля хіп-хопу P. Diddy

Амерыканскі рэпер і музычны прадзюсар затрыманы па абвінавачанні ў гандлі людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі і вымагальніцтве.

25.09.2024 / 13:37

Шон Джон Комбс. Фота: Shareif Ziyadat / Getty Images 

54-гадовы Шон Джон Комбс, вядомы пад такімі сцэнічнымі псеўданімамі, як Puff Daddy, P. Diddy, Diddy, з'яўляецца не толькі выканаўцам і аўтарам песень, але і музычным прадзюсарам. Сваю кар'еру ён пачаў у 1990-х гадах і праславіўся як трохразовы лаўрэат прэміі «Грэмі». Як самы паспяховы рэп-прадзюсар Кобс быў унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. У 2022 годзе Forbes ацаніў яго маёмасць у адзін мільярд даляраў.

У мінулы панядзелак, 16 верасня, Комбс быў затрыманы па абвінавачанні ў гандлі людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі і вымагальніцтве.

Як піша The Washington Post, у абвінаваўчым заключэнні гаворыцца аб тым, што рэпер выкарыстоўваў свой лад жыцця і бізнэс-імперыю, каб арганізаваць шырокамаштабную злачынную сетку. У злачынную дзейнасць былі ўцягнуты асабістыя памочнікі і персанал Комбса.

Саўдзельнікі дапамагалі свайму патрону абражаць, пагражаць і прымушаць жанчын і іншых людзей «задавальняць яго сэксуальныя жаданні, абараняць яго рэпутацыю і хаваць яго паводзіны».

Злачынствы, у здзяйсненні і ўтойванні якіх абвінавачваюцца Комбс і яго саўдзельнікі, уключаюць гандаль людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі, распаўсюджванне наркотыкаў і выкраданні людзей. Многія з гэтых меркаваных злачынстваў адбыліся на нелегальных сэкс-вечарынках.

Паводле абвінаваўчага заключэння, яго саўдзельнікі нібыта браніравалі гасцінічныя нумары, наймалі сэкс-работнікаў мужчынскага полу і распаўсюджвалі наркотыкі, у тым ліку какаін, метамфетамін і аксікадон, каб прымушаць удзельнікаў вечарынак да сэксу.

Вечарынкі ў абвінаваўчым заключэнні называюцца «складанымі сэксуальнымі перформансамі», якія маглі працягвацца так доўга, што некаторым патрабаваліся кропельніцы для аднаўлення пасля інтэнсіўнага ўжывання наркотыкаў і фізічных нагрузак. Сцвярджаецца, што відэазапісы з гэтых вечарынак Комбс выкарыстоўваў для маніпуляцый і шантажу ўдзельнікаў.

Як піша Le Monde, праблемы для Комбса пачаліся ў лістападзе 2023 года. З той пары на яго падалі дзевяць іскаў. У адным з іх яго былая партнёрка Кэсі Вентура абвінаваціла мужчыну ў «агрэсіўных» і «дэвіянтных» паводзінах на працягу дзесяцігоддзяў. Пытанне з Вентурай рэпер урэгуляваў мірным пагадненнем.

Кэсі Вентура і Шон Джон Кобс. 7 мая 2018 года. Фота: John Shearer/Getty Images

Іск супраць Комбса падаў музычны прадзюсар Родні «Lil Rod» Джонс. Ён сцвярджае, што рэпер накачаў яго наркотыкамі і здзейсніў сэксуальнае насілле, а таксама прымусіў заняцца сэксам з прастытуткамі.

У пачатку ліпеня былая порнаактрыса Адрыя Інгліш падала на Комбса ў суд. Жанчына абвінаваціла рэпера ў тым, што ён выкарыстаў яе «як сэксуальную пешку для задавальнення і фінансавай выгады іншых людзей» падчас вечарынак у Хэмптане (штат Нью-Ёрк) і ў Фларыдзе ў перыяд з 2004 па 2009 год.

У верасні пазоў аб сэксуальным насіллі супраць Комбса падала спявачка Дон Рычард.

СМІ паведамляюць, што ў знакамітых вечарынках рэпера прымала ўдзел шмат знакамітасцей. У іх ліку згадваюцца Кім Кардаш'ян, Мэрая Кэры, Джэніфер Лопэс, Пэрыс Хілтан, Кэлі Осбарн, Леанарда Дзі Капрыа, Памела Андэрсан і іншыя.

На фоне скандалу з канца 2023 года шмат хто з зорак стаў дыстанцыянавацца ад рэпера. А ў сацыяльных сетках пачаліся размовы пра іншых магчымых ахвяр Комбса, сярод якіх называюць Джасціна Бібера і Ашэра.

З іншага боку, як піша The Washington Post са спасылкай на галіновую аналітычную кампанію Luminate, на стрымінгавых платформах на працягу тыдня пасля арышту Комбса назіраўся рост на 18,3% колькасці праслухоўванняў яго музыкі ў параўнанні з папярэднім тыднем.

Па прад'яўленых абвінавачаннях Комбсу пагражае пакаранне ад 15 гадоў да пажыццёвага зняволення.

Амерыканскі рэпер страціў прытомнасць і памёр на сцэне проста падчас выступу

Спевака Хуліа Іглесіяса затрымалі ў аэрапорце з чамаданам ежы

Forbes апублікаваў рэйтынг самых высокааплатных знакамітасцяў: вынікі досыць нечаканыя

Шведская зорка хіп-хопа з мінскага пад'езда. Хто такі Yung Lean

Антось Жупран