Беларуская культурная прастора CreateCulture Space у Вільні на мяжы закрыцця

Замест святочнай вечарыны ў гонар двухгоддзя беларускай культурнай прасторы CreateCulture Space у Вільні можа быць развітальны вечар. Сузаснавальніца Надзея Ількевіч расказала, што адбываецца.

24.09.2024 / 18:27

Сузаснавальніцы культурнай прасторы. Фота: інстаграм CreateCulture Space

«Не люблю такое, канешне, пісаць, але сітуацыя такое сабе. Мы доўга знаходзіліся ў рэжыме «робім праекты і не бачым нічога», не хацелі верыць у тое, што настане такая сітуацыя, дзе мы будзем казаць пра прыпыненне дзейнасці нашай культурнай пляцоўкі і арганізацыі. Але ёсць як ёсць. Мы цяпер у сітуацыі, што 11 лістапада, на наша двухгоддзе, мы паклічам усіх на развітальную вечарыну», — паведаміла ў сацыяльных сетках Надзея Ількевіч.

CreateCulture Space — гэта беларуская прастора ў Вільні, дзе рэгулярна праходзяць розныя мерапрыемствы: выставы, сустрэчы з пісьменнікамі, канцэрты і іншае. Стварылі яе Надзея Ількевіч і Таццяна Штэйнбук.

— Я з 2017 года жыла за межамі Беларусі — у ЗША, Украіне, Чэхіі. Але пратэсты на радзіме, вайна ва Украіне ды іншыя падзеі абудзілі ўва мне зноў вялікае жаданне рабіць нешта для беларускай культуры.

Таццяна Штэйнбук (злева) і Надзея Ількевіч (справа)

У 2022 годзе, параіўшыся з Таццянай, Надзея прыняла рашэнне звольніцца са стабільнай працы ў Празе і паехаць у Вільню, каб разам заснаваць арганізацыю, якая будзе развіваць беларускі крэатыўны сектар. Тады ў іх атрымалася знайсці фінансаванне. Не без гонару Надзея адзначае, што першы месяц працы пляцоўкі быў распісаны яшчэ да афіцыйнага адкрыцця.

— Мы ператварыліся ў своеасаблівы інкубатар: да нас звяртаюцца пачынаючыя творцы, пачынаючыя менеджары культуры, якім патрэбна прастора, дзе яны маглі б паспрабаваць свае сілы і зрабіць першы праект. Для нас важна быць пляцоўкай, дзе можна зрабіць памылку, але атрымаць падтрымку. Мы намагаемся не зарубаць ініцыятывы, а падтрымліваць. Менавіта праз гэта складана паставіць CreateCulture Space на камерцыйныя рэйкі.

Надзея адзначае, што за два гады іх каманда правяла больш за 600 розных івэнтаў. Сярод праектаў, якімі асабліва ганарыцца каманда, — «Перфаратар», у рамках якога беларускія музыкі могуць якасна запісаць трэкі.

— Мы лічым, што беларусам трэба выходзіць са сваёй бурбалкі, і імкнёмся прасоўваць айчынную культуры на міжнародны ўзровень. Разам з літоўцамі мы рабілі «Музычную лабараторыю», падчас якой беларускія і літоўскія музыкі стваралі музыку. Потым быў сумесны канцэрт на даху Музея энергетыкі і тэхнікі.

Візітоўкай Надзея лічыць і «Кінакаляды», калі каманды з розных краін спрабавалі пераасэнсаваць тэму беларускіх Каляд і на працягу 48 гадзін стваралі кіно — пасля тыя працы паказвалі ў адным з кінатэатраў Вільні.

Многія мерапрыемствы праходзілі ці за працэнт ад данатаў, ці ўвогуле бясплатна.

— Сітуацыя склалася так, што на дадзены момант мы не маем пацверджанага фінансавання. Нам вельмі не хочацца закрывацца, таму спадзяёмся, што выйдзем з няпростай сітуацыі.

Каманда праекта просіць дапамогі неабыякавых людзей.

— Дапамагчы можна па-рознаму. Можна зрабіць рэпост у сацыяльных сетках, каб больш людзей даведаліся пра нашу прастору. Можна да нас завітаць і зрабіць данат наяўнымі ці ахвяраваць праз платформу Buymeacoffee. Калі вы арганізуеце мерапрыемствы, можаце арандаваць у нас пляцоўку за грошы. Таксама можаце скарыстацца паслугамі нашага відэа-прадакшану. Калі вы знаёмыя з нейкімі арганізацыямі, якія падтрымліваюць развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці, можаце накіраваць іх да нас.

Фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie ў Вільні. Там пакажуць і стужку пра Мікалая Лукашэнку

У беларускай культурнай прасторы скралі бокс з данатамі на дапамогу Украіне

Сёння ў Вільні выступіць этна-спявачка Настасся Хмель

У Вільні адбудзецца творчая сустрэча з Уладзімірам Арловым. Тэма — жанчыны ў паўстанні Каліноўскага

Nashaniva.com