Салаўёў дапусціў адстаўку Пуціна дзеля лепшай абароны Расіі?

Заява расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва наконт ідэі прыбраць Пуціна з прэзідэнцкай пасады прагучала ў эфіры федэральнага тэлебачання. 

24.09.2024 / 12:55

Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў і лукашэнкаўскі прапагандыст Вадзім Гігін у вячэрнім эфіры тэлеканала «Расія-1» за 22 верасня. Скрыншоты з трансляцыі

UPD. Некаторыя расследавальнікі лічаць, што Салаўёў сказаў «стаўка», а не «адстаўка», маючы на ўвазе стварэнне Стаўкі галоўнакамандуючага, як у часы Другой сусветнай.

У вячэрнім эфіры на тэлеканале «Расія-1» за 22 верасня расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў дапусціў магчымасць адпраўкі Уладзіміра Пуціна ў адстаўку дзеля паляпшэння абараназдольнасці Расіі і зніжэння ўзроўню карупцыі ў Мінабароны.

Па словах Салаўёва, у Расіі, нягледзячы на велізарнае ўліванне федэральных грошай, не будуюцца якасныя лініі абароны і належным чынам не рыхтуецца вайсковая лагістыка. Прапагандыст прапанаваў пасадзіць вінаватых у незалежнасці ад займаных імі пасад у розных міністэрствах і нават закрануў у сваёй гнеўнай рыторыцы Пуціна.

«Мала пасадзіць тых, хто правініўся. Трэба прызначыць на іх месцы тых, хто разумее, як дзейнічаць эфектыўна. Мне зусім не важна, якога колеру котка, галоўнае, каб яна лавіла мышэй. Таму давайце ўжо пераходзіць да канкрэтных рашэнняў, нават калі для гэтага спатрэбіцца адстаўка Вярхоўнага», — заявіў Салаўёў у эфіры «Расія-1».

У момант вымаўлення прапановы пра адстаўку Вярхоўнага (а ў Расіі Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі гэта Пуцін) адзін з гасцей-спікераў праграмы Салаўёва гучна ахнуў. Прапагандыст адразу разгубіўся і адзначыў, што «падобныя прапановы яму не па заробку». Салаўёў пасля паспрабаваў загладзіць небяспечны момант і перавесці адказнасць за дрэнную абарону Расіі назад на дзяржструктуры.

Збянтэжыліся і астатнія госці праграмы, сярод якіх быў лукашэнкаўскі прапагандыст Вадзім Гігін. Усе выглядалі разгубленымі і ніяк не каментавалі заяву Салаўёва, дапускаючы няёмкае маўчанне ў зале.

Лукашэнкаўскі прапагандыст Вадзім Гігін і астатнія госці праграмы Салаўёва падчас выказвання апошнім ідэі аб адстаўцы Пуціна. Кадры з трансляцыі

У шоу Салаўёва прызналі, што шанцы Расіі на перамогу ў рэальным супрацьстаянні з НАТА роўныя нулю

Буйное ізраільскае выданне абыграла прозвішча Салаўёва на іўрыце. Атрымаўся жорсткі рускі мат

«Не балбачы і не панікуй, а то пасадзім». Прапаганда ў замяшанні пасля збіцця расійскіх шахедаў над Беларуссю

Nashaniva.com