Як Украіна зладзіла засаду на расійскія самалёты з дапамогай ракет савецкіх часоў

Арганізацыя засад дазволіла вывесці са строю расійскі флот самалётаў-разведчыкаў А-50 і стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-22М3.

24.09.2024 / 10:37

Расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Фота: Wikimedia Commons

Як піша The Times, для знішчэння расійскіх самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 Сілы абароны Украіны выкарыстоўвалі сістэмы Patriot і старыя савецкія ракетныя комплексы.

Дэталі аперацыі выданню раскрыў высокапастаўлены афіцэр ваеннай разведкі Украіны ГУР. Паводле яго слоў, у маі 2022 года было прынята рашэнне аднавіць комплекс С-200, які быў распрацаваны шэсцьдзесят гадоў таму для знішчэння цэляў на вялікіх адлегласцях і на вялікіх вышынях. Для гэтага знайшлі спецыялістаў-інжынераў і афіцэраў, якія раней эксплуатавалі гэтыя зенітна-ракетныя комплексы.

Першы запуск быў праведзены восенню 2023 года. Ён аказаўся безвыніковым з-за таго, што А-50 змяніў траекторыю палёту. Тым не менш гэта паслужыла каштоўным урокам, асабліва для калег з ВПС Украіны, з якімі яны супрацоўнічалі.

«Мы падалі прыклад ваенна-паветраным сілам, каб яны не баяліся, што па іх будуць страляць. Пры першай спробе, калі мы запусцілі дзве ракеты, яны ўбачылі, як хутка мы схавалі пускавыя ўстаноўкі і эвакуіраваліся — ніхто нават не заўважыў, дзе мы знаходзіліся», — распавёў выданню афіцэр ГУР.

ВПС прынялі выклік і сталі выкарыстоўваць нямецкія батарэі Patriot, усталяваныя на грузавіках.

«Гэта было вельмі рызыкоўна, таму што мы павінны былі падвезці Patriot вельмі блізка да фронту. Гэта радар, пускавая ўстаноўка, крыніца сілкавання, машына аховы. Гэта пяць ці шэсць вялікіх машын», — расказаў падпалкоўнік ВПС Украіны.

14 студзеня 2024 года батарэя ЗРК зладзіла засаду на расійскі А-50, які ляцеў над Азоўскім морам у пары з самалётам каманднага цэнтра Іл-22 за 150 кіламетраў ад лініі фронту. Расіяне былі перакананыя, што знаходзяцца ў зоне недасяжнасці любой наземнай пагрозы. У іх было менш за дзве хвіліны, каб зрэагаваць, перш чым ракеты нанеслі ўдар. Самалёт А-50 упаў у мора, а Іл вярнуўся на базу з пашкоджаннямі.

Як толькі Крэмль зразумеў, што самалёты А-50 уразлівыя, ён адвёў іх назад з Азоўскага мора, за межы дасяжнасці Patriot. Аднак яны ўсё яшчэ заставаліся ў межах дасяжнасці сістэмы С-200. З яе дапамогай 23 лютага 2024 года быў збіты другі расійскі А-50 — прыкладна за 170 кіламетраў ад лініі фронту.

Падрабязнасці іншай аперацыі выданню распавяла палкоўнік памочнік начальніка штаба камандавання супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны 10-й арміі ЗША Разана Клементэ (Rosanna Clemente).

Паводле яе слоў, сілы абароны Украіны выкарыстоўвалі сістэму С-300 з уключаным радарам як прынаду і заманілі самалёты ў зону дзеяння Patriot.

«Яны з радасцю вылецелі знішчаць С-300 і тут з'явіўся Patriot. З шасці самалётаў два былі збіты С-300, а чатыры — Patriot», — цытуе выданне словы падпалкоўніка ВПС ЗША.

19 красавіка 2024 года ГУР зноў разгарнула сваю батарэю С-200, на гэты раз нацэліўшы яе на расійскі стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-22М3. Самалёт упаў над Краснагвардзейскім раёнам Стаўрапальскага краю, прыкладна за 300 кіламетраў ад фронту. У момант крушэння ён выконваў заданне па запуску крылатых ракет над Украінай. Масква адмаўляе, што самалёт быў збіты, сцвярджаючы, што ён атрымаў тэхнічную няспраўнасць.

«З таго часу яны змянілі дыстанцыю запуску ракет. Мы адагналі іх ад некаторых цэляў, якія яны маглі б атакаваць», — зазначае афіцэр ГУР.

Гібель А-50: як УСУ маглі знішчыць расійскі лятаючы радар?

У раёне Азоўскага мора збілі яшчэ адзін расійскі самалёт А-50

Расія забараніла палёты самалётаў A-50 каля Украіны — брытанская разведка

Расія знайшла вінаватага ў крушэнні свайго ўнікальнага А-50У коштам $300 мільёнаў

Nashaniva.com