Лукша расказаў пра свой удзел у прапагандысцкім фільме «Малады фронт. Кіднэпінг»
І назваў аўтара гэтага фільма — прапагандыст Юрый Пракопаў. «Мяне як маладога свабоднага пацана папрасілі з'ездзіць з імі».
24.09.2024 / 20:44
Дзмітрый Лукша ў кадры фільма «Малады фронт. Кіднэпінг». Скрын відэа YouTube
Прапагандысцкі фільм «Малады фронт. Кіднэпінг» выйшаў на БТ у 2009 годзе. У ім лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча абвінавачвалі ў развале сем'яў і «выкраданні» дзяцей. У кадры тады з'явіўся і малады карэспандэнт БТ Дзмітрый Лукша.
Дашкевіча зараз утрымліваюць за кратамі, палітвязнем паспеў пабыць і сам Лукша. У новым выпуску ТОКу ён расказвае, як трапіў у гэта ганебнае прапагандысцкае відэа.
«Я разумею, што разыграна было класна. Той чалавек, які быў аўтарам фільма, не захацеў свяціцца», —
заўважае Лукша і ўпершыню называе яго — Юрый Пракопаў.
Юрый Пракопаў. Фота: БелТА
Лукша ўзгадвае падзеі 2009 года. Яму тады прапанавалі з'ездзіць у Старыя Дарогі, каб зрабіць там здымкі для фільма. Што за фільм, не сказалі: «Ну там у Юры нейкі фільм. Ён па здымках не паспявае».
«Быў ранні выезд. Я прыходжу. У машыну садзіцца нейкі чалавек і нейкая жанчына. «Вы хто?» — «Мяне завуць Васіль. Я супрацоўнік КДБ. Гэта мама нашага героя». Мы прыязджаем у Старыя Дарогі. Я гавару: «Што здымаць трэба?» Мне гавораць, што вось мы зараз пойдзем у кватэру. Я на месцы даведваюся, што гэта кватэра Змітра Дашкевіча.
Мне на месцы расказваюць, хто гэта — сам я не быў настолькі пагружаны ва ўсё гэта. (…)
І мне паралельна звоняць з Мінска: «Дзіма, ты ўсё здымі, прынясі дыск. Мы тут усё самі. Табе толькі зняць». Добра. Мы здымаем. Я адпрацаваў гэты дзень. Мы прыязджаем у Мінск. Я нават яго не адглядаў. Я аддаю гэты дыск аўтару фільма. І зусім пра гэтыя здымкі забыўся».
Праз некалькі тыдняў Лукшу напісала сяброўка і расказала, што на яго старонцы ва «УКантакце» шмат негатыўных каментароў. Ён не адразу змог зразумець, што паслужыла нагодаю для іх.
«Я рэальна не разумеў, што адбылося. Гартаючы сцяну ўніз, я высвятляю, што мяне на дзве секунды светанулі ў кадры. Нехта з маіх аднакурснікаў мяне пазнаў», — расказвае Лукша.
Дзмітрый адзначае, што ў першыя дні яму было некамфортна выходзіць на вуліцу, бо ён думаў, што ўсе людзі яго ведаюць. Ён таксама лічыў, што яго кар'ера на тэлебачанні скончылася.
Па словах Лукшы, ён не адказваў на абвінавачванні. На яго нумар тэлефона, які таксама быў размешчаны ў інтэрнэце, пазванілі два чалавекі:
«Дзмітрый, вы здымалі гэты фільм?» Я гавару: «Не». Я расказаў, што зняў адзін эпізод. Мяне ў ім светанулі. І больш я да яго не маю ніякіх адносін. «Добра. Я вас пачуў». Не ведаю, хто гэта быў. Потым адзін з іх размясціў у нейкім чаце: «Я сёння размаўляў з Дзмітрыем Лукшам, і ён мне расказаў вось гэта».
І потым іншыя рабяты-студэнты сталі пісаць: «Дзіма зняў толькі эпізод». А на мяне вешалі, што я аўтар. І ўсе здзіўляліся, што, маўляў, яму 19 гадоў, а ён ужо такія фільмы валіць».
Лукша згадвае, што пасля з аўтарам фільма размаўляў Кірыл Казакоў, адзін з начальнікаў на БТ.
«Па словах Кірыла, ён падышоў [да Пракопава] і спытаў: «Навошта ты Лукшу падставіў?» На што ён адказаў: «Ну а што? Пара станавіцца больш злосным».
***
Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».
У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.
Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.
Глядзіце цалкам:
«Маладому фронту» — 27 гадоў. Што рабіла і каго выхавала апазіцыйная «кузня кадраў»
Вызваленыя па памілаванні Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша пераехалі ў Польшчу