Зяленскі расказаў пра «план перамогі», які пакажа Байдэну
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрыў новую дэталь пра «план перамогі», які ён плануе прэзентаваць прэзідэнту ЗША Джо Байдэну на наступным тыдні. Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён расказаў у адказ на пытанне СМІ на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнткай Еўракамісіі ў Кіеве.
20.09.2024 / 16:43
Уладзімір Зяленскі з Джо Байдэнам у Белым доме. Фота: AP
Зяленскі адзначыў, што не хоча раскрываць падрабязнасцяў раней, чым абмяркуе план з Джо Байдэнам.
«У большасці сваёй рашэнні па плане залежаць менавіта ад яго. Ад іншых саюзнікаў таксама, але ёсць пункты, якія залежаць менавіта ад пазітыўнай волі і падтрымкі Злучаных Штатаў. Вельмі разлічваю, што ён падтрымае гэты план,» — сказаў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі таксама адзначыў, што рэалізацыя гэтага плану запатрабуе хуткіх рашэнняў партнёраў і раскрыў, на які перыяд разлічаны гэты план.
«План разлічаны на рашэнні, якія павінны быць прынятыя з кастрычніка да снежня… Тады мы лічым, што план спрацуе,» — сказаў ён.
Раней Зяленскі раскрыў, што план складаецца з чатырох пунктаў аб умацаванні абароназдольнасці Украіны «плюс адзін, які нам патрэбны пасля вайны».
Ён таксама пракаментаваў, што плануе рабіць, калі прэзідэнт Байдэн не падтрымае такі план дзеянняў і «патрэбен будзе план «Б».
«Мы ўжо ў плане «Б», мы ў ім жывём і змагаемся. У нас ніколі не было плана «А», бо план «А» быў — не дапусціць поўнамаштабнага ўварвання, умацаваць Украіну зброяй і прэвентыўна ўвесці санкцыі супраць РФ, каб яна баялася нават думкі пра поўнамаштабнае ўварванне. Так што мы ўжо ў гэтым плане,» — сказаў Зяленскі.
Трамп заявіў, што можа сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні
ЕС дасць Украіне крэдыт 35 млрд еўра
Выбух гіганцкага склада боепрыпасаў у Цвярской вобласці: што вядома на гэты момант
«Не слухайце тых, хто не верыць у поспех. Стратэгія Захаду ва Украіне працуе»