Палякі Пенсільваніі могуць вызначыць хто стане прэзідэнтам ЗША, Харыс ці Трамп. Як так атрымалася?

Перамога ў Пенсільваніі практычна гарантуе кандыдату перамогу ў ЗША ў цэлым. Як паказваюць вынікі, разрыў паміж кандыдатамі ў гэтым штаце складае каля 1%. А этнічных палякаў з правам голасу — 6%, і яны не маюць сімпатыі да канкрэтнай партыі.

15.09.2024 / 10:08

Дональд Трамп і Камала Харыс падчас дэбатаў 11 верасня 2024 года. Скрын відэа 

На цікавы эпізод, які адбыўся падчас дэбатаў Харыс і Трампа і можа паўплываць на вынікі выбараў, звярнуў увагу аўтар канала ў твітары пад нікам @prof_preobr.

Ведучы гаворку пра вайну ва Украіне, Камала Харыс заўважыла, што наступнай цэллю Пуціна можа стаць Польшча. І нагадала пра тое, што 800 тысяч жыхароў Пенсільваніі — этнічныя палякі.

Няма ніякіх сумненняў, што гэтая заўвага была загадзя падрыхтаваная штабам прэтэндэнткі. Але чаму такая ўвага да палякаў Пенсільваніі?

У большасці штатаў перамога дэмакратаў ці рэспублікаўцаў прадвызначаная. Змаганне ідзе перадусім за тыя штаты, якія вагаюцца. І менавіта Пенсільванію эксперты называюць самай важнай. Лічыцца, што выйгрыш у гэтым штаце амаль на 100% гарантуе перамогу і ў цэлым у краіне.

Згодна з мадэллю прагназавання выбараў палітычнага аналітыка Нейта Сільвера, Пенсільванія мае 35% верагоднасці паўплываць на вынікі выбараў, што значна больш, чым у любога іншага са штатаў, што вагаюцца. Калі Харыс пераможа ў Пенсільваніі, у яе будзе 91% шанцаў на перамогу на выбарах, у той час як у Трампа — ажно 96%. Таму і Трамп, і Харыс вядуць у гэтым штаце самыя актыўныя кампаніі.

Важнасць выбарчай акругі ў шанцах кандыдата выйграць выбары. Фота: NateSilver538 / X (Twitter)

Насельніцтва Пенсільваніі — 13 мільёнаў чалавек. З іх этнічныя палякі складаюць 800 тысяч, ці 6%. У адрозненне ад іншых груп насельніцтва, яны больш актыўна ходзяць на выбары. Сярод удзельнікаў галасавання іх кожны дзясяты.

Аналітыкі звяртаюць увагу, што ў 2016 і 2020 гадах розніца ў пададзеных галасах за кандыдатаў у цэлым па краіне была вельмі малая. Так, Трамп у 2016-м выйграў з адрывам ўсяго 0,7%, а Байдэн у 2020-м — у 1,1%. Таму 10% галасоў палякаў Пенсільваніі могуць лёгка змяніць вынік.

Асаблівасць сітуацыі ў тым, што этнічныя палякі не з'яўляюцца відавочнымі прыхільнікамі адной партыі. У мінулым яны галасавалі як за дэмакратаў (Кенэдзі, Клінтана, Абаму), так і за рэспубліканцаў (Ніксана, Рэйгана, Буша-старэйшага і Буша-малодшага).

Іхні выбар часта залежыць ад таго, каго яны палічаць больш блізкім сабе і Польшчы. Напрыклад, за Кенэдзі яны галасавалі, бо ён быў каталіком. Рэйгана і Буша-старэйшага палякі падтрымалі за барацьбу з СССР, а Клінтана — за ўступленне Польшчы ў НАТА.

Аўтар заўважае, што за Рэйгана, які быў прэзідэнтам два тэрміны, этнічныя палякі прагаласавалі толькі на другіх выбарах, у 1984 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як яны ўпэўніліся, што Рэйган сапраўды змагаецца з Савецкім Саюзам, краінай, якая ў 1981 годзе ўвяла ў Польшчы ваеннае становішча.

Незразумела, чаму ў 2016 годзе сімпатыі палякаў былі на баку Трампа нягледзячы на ягоную крытыку НАТА і пахвальбу Пуціна. Магчыма, яны палічылі, што гэта ён робіць толькі для піяру. Жыццё паказала, што Трамп быў шчыры. У выніку ў 2020-м гэтыя выбаршчыкі аддалі свае галасы Байдэну.

Аўтар заўважае, што для этнічных палякаў, як і для ўсіх выбаршчыкаў, галоўнымі праблемамі з'яўляюцца эканоміка і цэны. Аднак апытанні паказваюць, што ў штатах, якія вагаюцца, узровень даверу да абодвух кандыдатаў выраўніваецца.

Таму вырашальным можа стаць нейкі другасны фактар. Ім і можа стаць заклапочанасць этнічных палякаў бяспекай Польшчы. Пагрозу з боку Расіі яны зусім не ўспрымаюць як жарт і падтрымліваюць Украіну больш актыўна, чым сярэдні амерыканец.

Таму згадка палякаў у выступленні Харыс была зусім не выпадковай. Аналітык лічыць, што яе штаб і надалей будзе звяртацца да гэтай аўдыторыі. У выніку, пры дакладным разліку, Харыс можа атрымаць дадаткова дзясяткі тысяч галасоў у Пенсільваніі, дзе разрыў паміж пераможцам і тым, хто прайграе, звычайна якраз такімі лічбамі і вымяраецца.

Трамп на дэбатах з Харыс заявіў, што мігранты ядуць катоў і сабак амерыканцаў. Адкуль узяўся гэты мем?

Харыс: Пуцін з'еў бы Трампа на абед

Дэбаты Трампа і Харыс. Галоўнае

Nashaniva.com