Аўстрыйскі канцлер хоча, каб расійска-ўкраінскія мірныя перамовы прайшлі ў яго краіне

Федэральны канцлер Аўстрыі Карл Нехамер адрэагаваў на выступленне Уладзіміра Пуціна на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку, дзе той паўтарыў свае сцвярджэнні, што, маўляў, Расія «ніколі не адмаўлялася ад перамоў», а таксама пацвердзіў, што такія перамовы магчымыя на аснове дакументаў, якія абмяркоўваліся вясной 2022 года ў Стамбуле.

05.09.2024 / 19:26

Карл Нехамер. Фота: Askin Kiyagan/Anadolu via Getty Images

«Мы заўважылі заявы расійскага прэзідэнта пра яго адкрытасць да мірных перамоў», — напісаў у сацыяльнай сетцы X канцлер Аўстрыі.

Ён адзначыў, што Аўстрыя як краіна, на тэрыторыі якой знаходзіцца штаб-кватэра Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, можа быць прыдатным месцам для перамоў аб міры паміж Расіяй і Украінай. Аднак, на думку аўстрыйскага канцлера, такія перамовы павінны праходзіць» без папярэдніх умоў».

Раней Пуцін казаў, што Расія гатовая да перамоў толькі ў тым выпадку, калі Украіна саступіць ёй тэрыторыі, пра анексію якіх раней заявіла Масква. Прытым частка з іх па-ранейшаму знаходзіцца пад кантролем Украіны, а пад расійскім ніколі не была.

Выступаючы ва Уладзівастоку, ён назваў у ліку магчымых пасярэднікаў на меркаваных перамовах Кітай, Бразілію і Індыю — краіны, якія ўстрымаліся ад асуджэння расійскай агрэсіі супраць Украіны і працягваюць палітычнае ды эканамічнае супрацоўніцтва з Масквой.

Пуцін заявіў, што падтрымлівае Харыс на выбарах у ЗША, бо яна заразліва смяецца

Пуцін назваў «святым абавязкам» выціснуць УСУ з Курскай вобласці

«Дайце хоць што-небудзь». Пуцін загадаў тэрмінова стварыць для яго лекі ад старэння

Nashaniva.com