Каб апісаць Лукашэнку «беларускі Ютуб», прапаганда бліснула новай абрэвіятурай — OTT. Што яна значыць?
Гаворка ідзе пра тэрмін «платформа OTT», якім прапаганда назвала айчынны аналаг відэахостынга YouTube, запуск ягога мае адбыцца ў верасні.
29.08.2024 / 16:37
Выява: vecteezy
Беларускі аналаг YouTube, які атрымаў назву videobel.by, будзе запушчаны ўжо 12 верасня. Пра гэта на нарадзе ў Лукашэнкі расказаў намеснік кіраўніка ягонай адміністрацыі Уладзімір Пярцоў.
«Відэахостынг videobel.by. Гэта наша першая OTT-платформа, на якой будуць размяшчацца праграмы і розныя рубрыкі. І нават пазаэфірныя актыўнасці стваральнікаў відэакантэнту. Калі хочаце, гэта дастаткова слабы аналаг, але такі першы крок да стварэння беларускага YouTube», — апісаў Лукашэнке Пярцоў.
Што азначае OTT?
Платформа OTT (over the top, ці «па-за межамі») — гэта інтэрнэт-сэрвіс, у якім кантэнт і паслугі пастаўляюцца на смартфоны, камп'ютары, смарт-тэлевізары і іншыя прылады карыстальнікаў напрамую.
Прасцей кажучы, гэта сэрвіс, які амаль не залежыць як ад дзяржаўных і прыватных правайдэраў сувязі, так і ад спадарожнікавай або кабельнай перадачы даных у краіне. Тыя проста перадаюць кантэнт ад OTT-сэрвісу да карыстальнікаў, ніяк на яго не ўплываючы.
Videobel.by не будзе першай беларускай OTT-платформай. Напрыклад, «Вока» ад А1 цалкам адпавядае гэтаму статусу. На ім можна паглядзець тэлеканалы, але можна і абраць фільмы з каталога, і знайсці спартыўныя трансляцыі.
Сусветныя вядомыя відэасэрвісы кшталту Netflix — таксама OTT-платформы. Яны працуюць незалежна ад дзяржавы. Калі тая захоча знізіць хуткасць інтэрнэту для зрыву працы сэрвісу, то ён аўтаматычна прыстасоўваецца і працягвае перадачу кантэнту карыстальнікам, хай і ў дрэннай якасці.
Маркаў заклікаў замясціць YouTube, Telegram, Instagram і TikTok беларуска-расійскімі сацсеткамі
Гэтыя беларускія сілавікі былі ўпэўненыя, што іх ніхто не праслухоўвае. Дарма
Ютуб-шоу «Обычное утро» пакінула вядучая. Хто стаў новай?