Следам за Ружанамі. БНТУ перамалёўваюць у кіслотна-зялёныя колеры
Помнік савецкай неакласікі на праспекце Незалежнасці ў Мінску нечакана стаў ярка-салатавым. Хто вінаваты?
27.08.2024 / 12:37
Інтэрнат № 3 БНТУ, памаляваны ў ярка-салатавыя колеры. Фота з сацсетак.
Мінчукі звярнулі ўвагу на дзіўныя колеры інтэрната №3 па праспекце Незалежнасці, 63, які сваім фасадам фарміруе фронт забудовы галоўнай магістралі сталіцы.
Фасады будынка, які ўваходзіць у пасляваенны ансамбль Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, набылі яркія кіслотныя адценні, якіх раней не было.
Як выглядаў будынак у 2023 годзе. Колеры таксама не аўтэнтычныя, але не такія кіслотныя. Фота: Яндэкс Карты
Як адзначаюць спецыялісты, іх не толькі не было, але і быць не магло. Такія адценні сталі магчымыя толькі ў наш час, калі з'явіліся разнастайныя трывалыя пігменты, а на савецкіх будынках 1950-х гадоў выкарыстоўваліся прыглушаныя глыбокія колеры, далёкія ад салатавага.
Каляровы здымак Сталінскага праспекта ў 1958 годзе, неўзабаве пасля ўзвядзення інтэрната №3. Фота: Pastvu
Як жа яны з'явіліся? Актывісты звяртаюць увагу, што ў 2020 годзе ў такой жа ярка-салатавай гаме былі перамаляваныя фасады галоўнага корпуса БНТУ. Як тады выявілася, работы на помніку рэспубліканскага значэння былі выкананыя незаконна, без узгаднення з Міністэрствам культуры. Кіраўніцтва ўніверсітэта абівала парогі ведамства, каб узгадніць свае работы заднім чыслом і пазбегнуць прыцягнення да адказнасці.
Работамі кіраваў дэкан архітэктурнага факультэта Армэн Сардараў, якія мае пасведчанне навуковага кіраўніка і выконвае для свайго ўніверсітэта ўсе працы на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Відавочна, што нетыпова яркімі колерамі інтэрнат № 3 таксама абавязаны яму.
Галоўны корпус БНТУ, незаконна памаляваны ў 2020 годзе ў салатавы колер, і агароджа ўніверсітэта, якой вернуты гістарычны каларыт. Фота: Анлайнер
Актывісты адзначаюць, што Сардарава ў свой час выключылі з Рады пры Мінкультуры, якая займаецца навукова-метадычнымі пытаннямі рэстаўрацыі і разглядае працы на найбольш адказных аб'ектах.
У тым жа 2020 годзе была рэканструявана і агароджа ўніверсітэта. На ёй, хоць яна і не мае ахоўнага статусу, архітэктарам удалося ўзнавіць арыгінальную каларыстыку 1950-х гадоў па выяўленых пігментах старога аздаблення.
Кантраст паміж новымі колерамі інтэрната БНТУ і ягонай агароджай. Фота з сацсетак.
Агароджа, пафарбаваная сёння ў глыбокі глухі зеленаваты колер, прымыкае да інтэрната №3, паказваючы наколькі выбраны для будынка колер далёкі ад таго, што ён меў гістарычна.
Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі
Гэта далёка не першы выпадак, калі ў Беларусі малююць у дзіўныя колеры важныя гістарычныя помнікі. Найбольш кур'ёзны выпадак адбыўся пры рэстаўрацыі палаца Сапегаў у Ружанах. Сёння тры часткі ансамблю, якія аднаўляліся паслядоўна, памаляваныя абсалютна па-рознаму — ад кіслотна-зялёнай да пастэльнай гамы — і ніводны варыянт не адпавядае гістарычнаму.
Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі
Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні
У Магілёве перадумалі зносіць першую гарадскую электрастанцыю?
У Стоўбцах раскапалі падмуркі касцёла, знішчанага саветамі. Плануюць аднавіць