ЗША абвясцілі велізарную ўзнагароду за інфармацыю пра грамадзяніна Беларусі. Але ён ужо ў беларускай турме

Справа Уладзіміра Кадарыі — які ўцёк з Беларусі ва Украіну, потым быў затрыманы ў Кыргызстане, заяўляў пра палітычны пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, але ўсё роўна быў экстрадзіраваны назад на радзіму — абрастае ўсё большымі дзівосамі. 

26.08.2024 / 17:15

Уладзімір Кадарыя, якога экстрадзіравалі ў Беларусь з Кыргызстана

Дзярждэп ЗША аб'явіў пра ўзнагароду памерам $2,5 мільёна (амаль 8 мільёнаў рублёў) за інфармацыю, якая дазволіць затрымаць і асудзіць грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Кадарыю, які «датычны да сур'ёзных кіберзлачынстваў, з-за чаго пацярпелі мільёны людзей».

Паводле заявы ведамства, Кадарыя абвінавачваецца ў тым, што ў перыяд з кастрычніка 2013 года па сакавік 2022 года ў складзе злачыннай арганізацыі распаўсюджваў на мільёны прылад і камп’ютараў шкоднасны софт Angler (адна з самых вядомых фішынгавых праграм-вымагальніц) і іншыя шкоднасныя праграмы, звязаныя з анлайн-махлярствам.

Гэтае і многія іншыя абвінавачанні былі афіцыйна выстаўленыя Уладзіміру Кадарыі на завочным судзе 14 чэрвеня 2023 года ў акрузе Нью-Джэрсі, адзначае Дзярждэп. Ведамства прапануе кожнаму, у каго ёсць інфармацыя пра Кадарыю, звязацца з Сакрэтнай службай ЗША па электроннай пошце (яна пазначаная ў паведамленні Дзярждэпа) ці наведаць амерыканскія пасольствы і консульствы.

Аднак доўга шукаць Кадарыю не прыйдзецца. Сапраўдае імя мужчыны — Андрэй Кавалёў, і ў 2022 годзе па запыце беларускіх сілавікоў яго ўжо затрымлівалі ў Кыргызстане, адкуль праз год экстрадзіравалі ў Беларусь.

Кавалёў (Кадарыя) атрымаў ва Украіне статус палітычнага ўцекача і прасіў улады Кыргызстана не вяртаць яго на радзіму, нібыта праз палітычны пераслед. Пасля перадачы мужчыны ў Беларусь дзяржпрапаганда справаздачылася пра ягонае затрыманне за кіберзлачынствы.

«Я ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх палітычных рухах, нічога не адміністраваў. З палітыкай ніколі не быў звязаны. Не ведаю, хто і для чаго такія артыкулы размясціў. Не маю ніякага дачынення да гэтага. Вы самі ведаеце, чаму я адсюль уцёк і які артыкул мне інкрымінуюць», — заявіў Андрэй Кавалёў (Кадарыя) падчас допыту з боку беларускіх сілавікоў.

Чаму Дзярждэп ЗША, верагодна, ведаючы пра затрыманне Кадарыі ў Беларусі, публічна абвяшчае вялікую ўзнагароду за інфармацыю пра мужчыну, застаецца няясным.

Нагадаем, што нядаўна спецслужбы ЗША, Іспаніі, Вялікабрытаніі і Польшчы правялі гучную сумесную аперацыю па затрыманні яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі — Максіма Сільнікава, які з'яўляецца адным з самых небяспечных кіберзлачынцаў у свеце. Паводле спецслужбаў, ён працаваў разам з Андрэем Кавалёвым (Кадарыяй) у адной камандзе.

«Наша Ніва» тады даведалася падрабязнасці пра асобу Сільнікава.

Рыка Крыгер па-ранейшаму застаецца загадкай

Ва Украіне не паспелі да вайны экстрадзіраваць беларуса, якога шукаў Інтэрпал. Цяпер не ведаюць, што з ім рабіць

«Рэжым могуць зацікавіць толькі прафесіяналы». Латушка пра магчымасць абмену палітвязняў на арыштаваных агентаў КДБ

Nashaniva.com