Распусцілася каманда расійскага канала Brief з 560 тысячамі падпісчыкаў. Падзеі ў Беларусі там асвятлялі вачыма Балкунца
Кіраўніцтва расійскага тэлеграм-канала Brief абвесціла, што спыняе сваю працу пасля таго, як іх прызналі «замежнымі агентамі». Яны заявілі пра немагчымасць далейшай працы ў новых умовах.
20.08.2024 / 14:21
Дзмітрый Балкунец. Скрын відэа: belsat_news / YouTube
Brief — агрэгатар навінаў, які меў даволі вялікую колькасць падпісчыкаў. Гэты канал быў адметны тым, што даволі падрабязна асвятляў і беларускі інфармацыйны парадак дня. Прычым чытачы Brief глядзелі на Беларусь вачыма палітыка Дзмітрыя Балкунца.
З 2020 — таго часу, калі Балкунец пачаў сваю палітычную актыўнасць — Brief перастаўляў допісы з яго канала больш за 250 разоў. Яшчэ каля 50 разоў на яго спасылаліся. Астатніх беларускіх палітыкаў Brief згадваў нашмат радзей.
Brief стварала каманда журналістаў, крытычна настроеных да Пуціна. Некаторыя з іх працавалі ў бізнэс-выданні РБК, некаторыя прыйшлі ў журналістыку з апазіцыйнага актывізму.
А вось пытанне пра гаспадара Brief адкрытае. У розных расійскіх СМІ канал звязвалі з карпарацыяй «Растэх», называлі праўладным. Аднак пацвярджэнняў гэтаму не было. Пасля сумленнага асвятлення сітуацыі ў Курскай вобласці Brief прызналі «замежным агентам».
Выглядае, што Brief цяпер згорне актыўнасць, пачне працаваць ананімна, але не закрыецца цалкам. Прынамсі на цяперашні момант канал працягвае абнаўляцца.
Балкунец і Усаў расказалі расійскаму СМІ пра абсалютны правал Ціханоўскай па ўсіх франтах
«Для яго Лукашэнка — беларускі нацыяналіст». Чым вядомы расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў