Балкунец: Давайце возьмем Ціханоўскую, паедзем на мяжу і хто-небудзь сябе кайданкамі да чыгункі прычэпіць
У чым ён бачыць карысць ад такой акцыі?
Дзмітрый Балкунец у новым выпуску праграмы «Двубой» спрачаўся з дарадцам Святланы Ціханоўскай Анатолем Лябедзькам. У пэўны момант размова дайшла да абмеркавання пытання, як можна вызваліць палітвязняў.
Балкунец заўважыў, што існуюць два метады — бізун і пернік. Пернік, па яго словах, не працуе, і ў Еўропе цяпер няма ніводнага палітыка, які б сістэмна займаўся пытаннем палітвязняў у Беларусі.
Таму, лічыць, Балкунец, ёсць метад бізуна, які Лукашэнка мог бы разумець:
«Трэба з ім размаўляць на яго мове. Таму можа быць часовая мера перакрыцця чыгункі і грузаў, якія едуць па аўтадарозе. Гэта, як я думаю, вельмі балючая мера для Лукашэнкі, а таксама для Расіі і Кітая».
Каб рэалізаваць такую меру, па словах Балкунца, «акрамя палітычнай волі розных груп грамадзян і сем'яў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і тых, хто мае сваіх зняволеных у Беларусі, важна, каб усе палітыкі падтрымалі гэту ідэю»
Звяртаючыся да Лябедзькі, Балкунец заклікаў палітыкаў паехаць на мяжу:
«Я вас запрашаю на мяжу. Давайце разам паедзем. Давайце Святлану Ціханоўскую возьмем. Давайце іншых палітыкаў возьмем і паедзем усе на мяжу. Хто-небудзь сябе кайданкамі да чыгункі прычэпіць. І пакажам Еўропе: «Еўропа! Вось глядзіце, ёсць палітвязні, вы гандлюеце з Лукашэнкам. Дзе ж логіка?»
Калі б Зяленскі не адстойваў інтарэсы Украіны, то ён бы нічога не атрымаў. І зброі ніякай бы не далі. І дапамогі ніякай не далі на пачатку вайны».
Здаецца, Лябедзька паставіўся да прапановы Балкунца скептычна:
«Мы падзелім функцыі. Я, напрыклад, калі Зміцер прыкуе сябе да шпалы, то прыеду, зраблю стрым», — аджартаваўся ён.
Каментары