Чаму Пуцін так апантаны кілерам Красікавым і быў гатовы яго мяняць нават на Навальнага?
Заходнія выведкі лічаць, што Красікаў быў асабістым целаахоўнікам Пуціна і мог быць датычным да забойства Анатоля Сабчака.
02.08.2024 / 18:54
Вадзім Красікаў і момант яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным пасля вялікага абмену вязнямі паміж Расіяй і Захадам. Фота: Bellingcat, скрыншот відэа
Як паведамляе нямецкае выданне Bild са спасылкай на крыніцы ў заходніх выведках, расійскі кілер і агент ФСБ Вадзім Красікаў мог сыграць істотную ролю ў прыходзе Уладзіміра Пуціна да ўлады ў Расіі.
Адной з праяваў такой ролі Красікава мог стаць яго ўдзел у забойстве Анатоля Сабчака, палітычнага настаўніка Пуціна, падазраюць заходнія выведкі.
Калі ў 1991 годзе Анатоль Сабчак стаў першым мэрам Санкт-Пецярбурга, ён прызначыў Уладзіміра Пуціна старшынёй Камітэта па знешніх сувязях мэрыі. У 1995 годзе Пуцін кіраваў выбарчай кампаніяй Сабчака дзеля захавання ягонай пасады мэра, але пераабрання не адбылося, і тады Пуцін адмовіўся працаваць з новым мэрам і пакінуў усе пасады.
У 2000-м Пуцін прызначыў Сабчака сваёй даверанай асобай на першых прэзідэнцкіх выбарах. У той год падчас адной з перадвыбарных працоўных паездак Сабчак раптоўна памёр (афіцыйная прычына — сардэчны прыступ), аднак сваякі палітыка меркавалі, што ён быў забіты.
Анатоль Сабчак і Уладзімір Пуцін, 1994 год. Фота: Dmitry Lovetsky / AP
Bild сцвярджае, што заходнія выведкі разглядаюць версію аб дачыненні Пуціна і Красікава да забойства Сабчака як цалкам імаверную і мяркуюць, што Пуцін вельмі асцерагаўся магчымай помсты з боку Красікава за недастатковыя намаганні Крамля па ягоным вызваленні з нямецкай турмы.
Пуцін не хацеў, каб з цягам часу Красікаў пайшоў на ўгоду з уладамі Германіі і раскрыў ім важную і небяспечную для Крамля інфармацыю, таму быў гатовы мяняць Красікава нават на Аляксея Навальнага, чаго не адбылося з-за ягонай смерці ў расійскай калоніі.
Па даных The Wall Street Journal, у 1990-я Красікаў быў асабістым целаахоўнікам Пуціна. Выданне сцвярджае, што яны разам наведвалі стрэльбішча.
На апантанасць Пуціна Красікавым таксама звяртаюць увагу высокапастаўленыя суразмоўцы выданняў The New York Times і The Washington Post, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі маштабнага абмену вязнямі паміж Расіяй і Захадам.
Так, спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джэймс Рубін заявіў The New York Times, што Пуцін лічыць Красікава сваім сябрам і толькі за аднаго яго Расія ў ходзе абмену вызваліла 12 расійскіх апазіцыянераў. А крыніца The Washington Post дадала, што «ў Пуціна ў галаве быў толькі Красікаў».
У відэа, якое распаўсюдзіла расійская прапаганда пасля абмену вязнямі, было бачна, што Пуцін асабіста і з вялікай пышнасцю сустракаў сваіх вызваленых агентаў у маскоўскім аэрапорце «Унукава», высцеліўшы ім чырвоную дарожку і выстраіўшы дзеля іх ганаровую варту.
Вадзім Красікаў стаў адзіным мужчынам сярод вызваленых агентаў, якому Пуцін не проста паціснуў руку, але і прылюдна абняў.
Павел Слюнькін: Гэты абмен — балючы ўдар па беларусах
Лукашэнка з Крыгерам сеў у лужыну. А сэнс вызвалення расійскіх палітвязняў вось у чым