У Італіі затрымалі беларусаў, якіх падазраюць у перабіўцы ўкрадзеных аўто

У гаражы маладых людзей знайшлі пазадарожнік за некалькі соцень тысяч еўра.

21.07.2024 / 16:20

Фальшывыя нумары, якія знайшлі ў беларусаў, што займаліся перабіўкай аўто ў Італіі. 15 ліпеня 2024 года. Фота: паліцыя Італіі

Пра гэта піша belmir.by са спасылкай на мясцовую паліцыю.

У італьянскім горадзе Сеста-Сан-Джавані, правінцыя Мілан, затрымалі 27-гадовага беларуса і 22-гадовую беларуску, якіх падазраюць у захоўванні і легалізацыі крадзеных аўтамабіляў.

Паліцыянты, праводзячы на тэрыторыі горада аператыўную дзейнасць, звязаную з расследаваннем незаконнага абароту транспартных сродкаў з боку грамадзян Літвы, некалькі разоў назіралі кампактны двухмесны сіцікар з украінскімі нумарамі, які раз'язджаў па вуліцах без мэты.

У суботу 13 ліпеня каля 19.00 вечара было заўважана, як двое чалавек спынілі машыну на вуліцы Тарына і зайшлі ў падземны гараж аднаго з будынкаў з валізкамі на кольцах. Праз 10 хвілін, на працягу якіх аператыўнікі пабачылі там пазадарожнік коштам звыш 230 тысяч еўра, яны вярнуліся — ужо без валізкі.

У панядзелак 15 ліпеня каля 15:00 мужчына вярнуўся да свайго аўтамабіля на вуліцы Тарына і пачаў адкрываць гараж ключамі. Заблакаваны праваахоўнікамі, ён паспрабаваў збегчы, зламаўшы ключ у замку. Для таго, каб адчыніць дзверы, спатрэбілася дапамога слесара.

У гаражы, апроч вялікай валізкі, пакінутай у суботу, выявілі пазадарожнік з нямецкімі нумарамі і шмат іншых прадметаў, відавочна прызначаных для «адмывання» выкрадзеных транспартных сродкаў.

Апрача іншага — 150 нумарных знакаў розных дзяржаў, да міногіх з якіх прыкладаліся дакументы аб нумары шасі, 15 пасведчанняў асобы грамадзян усходнееўрапейскіх краін, ключы ад машын, як працоўныя, так і загатоўкі.

А яшчэ — камп'ютарную тэхніку, інструменты для счытвання і скіду аўтамабільных кодаў, спецыяльнае лазернае абсталяванне для нанясення надпісаў на сталь і частотныя глушылкі.

У пазадарожніка нумар шасі і колер унутранага аздаблення не супадалі. Пасля перавозкі транспартнага сродку ва ўчастак была праведзена больш старанная тэхнічная праверка, якая пацвердзіла прыкметы незаконнага паходжання машыны.

Улічваючы, што беларусы ў Італіі не пражываюць і збіраліся з'ехаць, як самі распавялі, з валізкамі, поўнымі адзення, іх змясцілі пад варту ў следчыя ізалятары: мужчыну — у міланскім прыгарадзе Монца, жанчыну — у Мілане.

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?

Транспартныя сродкі з беларускімі нумарамі не змогуць заязджаць і ў Эстонію

Ціханоўская: Абмежаванні на мяжы не закрануць аўтобусы і маршруткі

Nashaniva.com