У Італіі ўкраінка ўпала са скалы і 6 гадзін маліла свайго мужчыну-расіяніна аб дапамозе. Ён так і не дапамог

Следчым хлопец сказаў, што стаміўся ад паводзін дзяўчыны і хацеў хутчэй скончыць адносіны.

21.07.2024 / 16:39

Ілья Батракоў і Марта-Марыя Агрызка. Скрын відэа: tg3

Аб трагічным выпадку, які адбыўся 13 ліпеня на італьянскім востраве Іскія (Ischia) паведамляе Lа Republica. 32-гадовая ўраджэнка Львова Марта-Марыя Агрызка жыла ў трэйлер-парку разам са сваім партнёрам, 41-гадовым расіянінам Ільём Батраковым.

Як паведамляе паліцыя, днём Марта-Марыя пайшла прагуляцца і звалілася са скалы вышынёй два метры. Пры падзенні яна зламала шчыкалатку. Каля трох гадзін дня дзяўчына звязалася са сваім партнёрам праз WhatsАpp і папрасіла аб дапамозе. На працягу наступных пяці гадзін яна пісала яму некалькі разоў.

Сярод паведамленняў не толькі просьбы дапамагчы, але і просьбы дараваць. Але ні яна, ні ён, як адзначае паліцыя, не спрабавалі звязацца з экстраннымі службамі.

Акрамя паведамленняў, Агрызка спрабавала дазваніцца да свайго каханага. Ён падняў трубку толькі а дзясятай гадзіне вечара. Па інфармацыі паліцыі, размаўлялі яны пяць хвілін.

Пасля гэтага, як расказаў сам Батракоў, ён пайшоў яе шукаць і знайшоў яшчэ жывой. Аднак замест дапамогі пакінуў «спаць» у рове.

На наступны дзень Марту-Марыю знайшлі мёртвую. На целе былі пашкоджанні, якія магла атрымаць як ад падзення, так і ад пабояў.

Трэйлер, у якім жылі Марта-Марыя Агрызка і Ілья Батракоў. Скрын відэа: tg3

Як высветліла следства, Батракоў шмат піў і раўнаваў сваю партнёрку. У час прыступаў рэўнасці падымаў на яе руку. Жанчына двойчы звярталася па медычную дапамогу. Першы раз пасля атрыманых пабояў, а другі раз з апёкамі другой ступені — Батракоў падпаліў на ёй адзенне.

Былі ў Іллі прэтэнзіі і да кола камунікацыі дзяўчыны. Яго раздражняла, што там шмат украінцаў.

Паратунак ад таксічных адносін Марта-Марыя шукала ў групе псіхалагічнай падтрымкі, але Батракову гэта не падабалася. Аднойчы ён нават пагражаў ёй нажом, патрабуючы спыніць наведанне групы.

Пра частыя сваркі паміж партнёрамі журналістам расказалі і суседзі. Яны сцвярджаюць, што ў тую трагічную суботу Марта-Марыя зноў пасварылася з Іллёй і стала збіраць чамаданы.

Іллю Батракова арыштавала паліцыя. Яго абвінавачваюць у наўмысным пакіданні жанчыны ў небяспецы. Следчыя выказваюць версію аб тым, што прычынай смерці мог стаць прыступ сутараг.

Следчым Батракоў заявіў, што «стаміўся ад паводзін» сваёй партнёркі і хацеў «хутчэй скончыць іх адносіны». А свайму адвакату ён сказаў, што «не чакаў, што ўсё скончыцца так дрэнна».

Самы гучны судовы працэс Казахстана — экс-міністра эканомікі абвінавачваюць у жорсткім забойстве жонкі ў рэстаране

«Я ўсё зрабіў правільна». Расійскі рэканструктар забіў жонку і пакінуў маніфест у сацсетках

У «ЛНР» на 11 гадоў калоніі асудзілі Героя Расіі. Ён забіў дзяўчыну, замочваючы зорку героя

Nashaniva.com