Жанчыну-мэра на Філіпінах абвінавачваюць у шпіянажы на Кітай

Дэтэктыўная гісторыя набывае ўсё большае напружанне. Абвінавачаная знікла. Расказваем падрабязнасці.

20.07.2024 / 09:00

Эліс Лі Го. Скрын відэа: UNTVNewsandRescue / YouTube

Гісторыя Эліс Лі Го (Alice Leal Guo) разыгрываецца як займальны дэтэктыў. Жанчына ў 2022 годзе перамагла на выбарах мэра горада Бамбан (насельніцтва каля 80 тысяч) на поўначы ад сталіцы Філіпін Манілы ў правінцыі Тарлак.

Нічога не выклікала трывогу, але ў сакавіку 2024 года ёй выставілі адразу некалькі абвінавачанняў. Сярод іх выкарыстанне падробленага пасведчання асобы, шпіянаж на карысць Кітая і прыналежнасць да сіндыката філіпінскага афшорнага ігральнага аператара (POGO).

Усё пачалося з таго, што следчыя выявілі, што Го з'яўляецца ўладальніцай часткі зямлі, на якой размешчана анлайн казіно сеткі POGO (Philippine Offshore Gambling Operator — Філіпінскі афшорны аператар азартных гульняў).

Насамрэч, за шыльдай казіно хаваўся цэнтр анлайн-махлярства. У сакавіку мінулага года ўлады правялі рэйд на аб'ект і вызвалілі каля 700 работнікаў, у тым ліку 202 грамадзян Кітая і 73 іншых замежнікаў, якіх прымушалі выдаваць сябе за інтэрнэт-палюбоўнікаў.

Злачынныя групоўкі, якія хаваюцца пад POGO дайшлі нават да будаўніцтва бальніц, якія прапануюць касметычныя аперацыі ўцекачам, якія жадаюць змяніць твар.

Акрамя валодання часткай зямлі, на якой знаходзіцца казіно, на Го быў зарэгістраваны верталёт і аўтамабіль Ford Expeditio, які знайшлі на тэрыторыі адной з кампаній, што ўваходзяць у POGO. Сама Го сцвярджае, што ўсю гэтую маёмасць яна прадала да свайго абрання ў 2022 годзе.

Што вядома аб мінулым жанчыны

У маі 2024 года справа Го апынулася ў цэнтры ўвагі падчас слуханняў у сенацкай камісіі па справах жанчын. Кіраўнік камісіі звярнула ўвагу, што імя Го ўсплыло толькі падчас выбараў 2022 года. Гэта вельмі незвычайна для сельскіх Філіпін, дзе мясцовыя чыноўнікі часта звязаны з палітычнымі дынастыямі.

Сам прэзідэнт Філіпін Фердынанд Маркас адзначыў, што ведае большасць палітыкаў у правінцыі Тарлак, але ніхто з іх не ведае мэра Бамбана.

Акрамя гэтага, аб Го няма ніякіх запісаў аб нараджэнні ў бальніцы або школьных запісаў на Філіпінах.

Падчас расследавання ў сенаце Го прызналася, што яе пасведчанне аб нараджэнні было зарэгістраванае ў мясцовых органах улады толькі тады, калі ёй было 17 гадоў.

Паводле слоў жанчыны, гэта звязана з тым, што яна нарадзілася дома, а не ў бальніцы. Жанчына сцвярджае, што маці кінула яе, калі яна была яшчэ немаўлём, і яна вырасла з бацькам на ферме па вырошчванні свіней.

Па словах Го, яна навучалася дома, але пры гэтым не змагла ўзгадаць назву арганізацыі, якая займалася яе хатнім навучаннем, і назвала толькі аднаго са сваіх настаўнікаў.

Го сказала, што ёй сорамна быць незаконнанароджанай, і менавіта таму яна большую частку часу праводзіла на сямейнай свінаферме і дапамагала бацьку ў бізнэсе.

Не тая, за каго сябе выдае

Пазней высветлілася, што імёны бацькі і маці, якія пазначаны ў пасведчанні аб нараджэнні Го, выдуманыя. Насамрэч такіх людзей не існуе.

Былі выяўленыя дакументы, у адпаведнасці з якімі Эліс Го насамрэч можа быць Го Хуа Пін, якая прыехала на Філіпіны 12 студзеня 2003 года, калі ёй было 13 гадоў, разам з бацькамі па спецыяльнай інвестарскай візе. Яе сапраўдная дата нараджэння — 31 жніўня 1990 года.

Падчас далейшага расследавання быў знойдзены дакумент з Нацыянальнага бюро расследаванняў, які змяшчае фатаграфію іншай жанчыны па імені Эліс Лі Го. Жанчына мае такую ж дату нараджэння, што запісана ў пасведчанні аб нараджэнні абвінавачанай — 12 ліпеня 1986 года.

Пазней следчыя высветлілі, што ў абвінавачанай такія ж адбіткі пальцаў, як і ва ўладальніка кітайскага пашпарта Го Хуа Пін.

10 ліпені камітэт сената распарадзіўся выдаць ордар на арышт Эліс Го. Але сама жанчына схавалася.

Справа набыла шырокі розгалас, жанчыну сталі абвінавачваць у шпіянажы на Кітай. Гэтаму спрыяе і напружанасць у адносінах паміж Манілай і Пекінам з-за спрэчных тэрыторый у Паўднёва-Кітайскім моры.

«Чэкіст», ветэран ці шпіён ГУР? Магчыма, у Польшчы выкрылі яшчэ аднаго агента беларускага КДБ

За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене

У Польшчы знікла беларуска, асуджаная за шпіянаж на карысць Расіі

Nashaniva.com